Блізу трохсот паштовак з аповедам пра Беларускую Народную Рэспубліку ды загінулага ў Горках паўстанца-каліноўца Войцеха Дамарацкага раздалі актывісты студэнтам. Інцыдэнтаў зь міліцыяй і адміністрацыяй навучальнай установы не было.
У дзень 25 сакавіка горацкія актывісты прыходзяць на пачатку заняткаў да акадэміі. Такі звычай трывае апошнія дзесяць гадоў. Сябра руху «За свабоду» Андрэй Юркоў зазначае:
«Мэта чыну — павіншаваць студэнтаў і нагадаць пра знакавы дзень беларускай гісторыі, безь якога не было б цяперашняй беларускай дзяржаўнасьці. Мы робім тое, што пакуль не забаронена. Гэта наша мясцовая традыцыя — раздаваць на 25 сакавіка ўлёткі-віншаванкі. Гэта праца на моладзь, на будучыню. Акрамя адзначэньня Дня Волі, мы ўшаноўваем і памяць Дамарацкага, які пахаваны ў Горках, у мясцовым дэндрапарку».
З двух дзясяткаў студэнтаў, зь якімі ўдалося пагутарыць і якія атрымалі віншавальныя паштоўкі, ніводзін ня здолеў сказаць, чым памятны ў гісторыі дзень 25 сакавіка.
«„Дзень Волі“ ў паштоўцы напісана. Сам я ня ведаю, што за сьвята такое. Толькі даведаўся пра яго сёньня з паштоўкі. Наагул я не тутэйшы — тут толькі вучуся», — прызнаецца адзін са студэнтаў.
«Я ўпершыню чую пра яго. Відаць, павінна быць сорамна за няведаньне. Вось прачытала, даведалася. Сорамна, канечне», — не хавае студэнтка.
«Дзень утварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі», — чытаючы паштоўку, адказвае яшчэ адзін студэнт.
На пытаньне, што гэта за рэспубліка такая, малады чалавек прызнаецца, што ня ведае.
«Гэта, відаць, нейкі дзень Перамогі? Ці ня так?», — гадаючы, спрабуе адказаць яшчэ адзін студэнт.
«Гэта той дзень, калі Беларусь сваю свабоду адстаяла», — заяўляе яшчэ адзін студэнт.
Віншавальнікаў ня дзівяць адказы студэнтаў. Удзельнікі акцыі зазначаюць, што бальшыня студэнтаў нарадзілася пасьля 1994 году. Гэта тое пакаленьне, кажуць актывісты, якое вырасла пры цяперашняй уладзе, а тая вельмі неадназначна ставіцца да падзеяў беларускай гісторыі 1918 году.
«Шматгадовая практыка нашых віншаваньняў паказвае, што сапраўды няшмат моладзі ведае пра Дзень Волі і пра падзеі, зьвязаныя з гэтым днём у беларускай гісторыі», — пагаджаецца адна з удзельніц акцыі.
«Аднак, тым ня менш, ёсьць спадзеў, — заўважае суразмоўніца, — што віншаванкі, якія студэнты сёньня атрымалі, яны пакладуць у свае канспэкты і потым да іх вернуцца ў сваім дынамічным студэнцкім жыцьці. Мо нехта і задумаецца: „А што ж гэта такое за Дзень Волі і што ён значыць для беларускай гісторыі і цяперашняй Беларусі?“ Пакуль жа цешыць, што некаторыя ўсё ж ведаюць пра Дзень Волі і што многія студэнты спрабавалі адказваць нам на беларускай мове».
Андрэй Юркоў дадае:
«Дай бог, каб аднаму зь дзесяці ў душу, у сэрца запала тое, што напісана ў паштоўцы. Каб ён пранікся любоўю да беларушчыны, як гэта павінен зрабіць кожны патрыёт нашай дзяржавы».