Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля беларускага цэнтру ў Лёндане адкрылася выстава пра Чарнобыль


Тунэль-выстава, адкрытая ў межах Лёнданскага фэстывалю архітэктуры. Фота: Joakim Boren
Тунэль-выстава, адкрытая ў межах Лёнданскага фэстывалю архітэктуры. Фота: Joakim Boren

Каля Беларускай каталіцкай місіі ў Лёндане адкрылася выстава да 30-годзьдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Яна праходзіць у межах Лёнданскага фэстывалю архітэктуры.

16-мэтровы тунэль-інсталяцыю зрабіла архітэктурнае бюро Spheron Architechts пад кіраўніцтвам Цзыўая Со. Тунэль перадае атмасфэру, у якой працавалі ратаўнікі-шахцёры пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Каб дабрацца да рэактару з-пад зямлі, 10 тысяч савецкіх шахцёраў выкапалі 150-мэтровы тунэль. 2,5 тысячы з тых шахцёраў памерлі, не дажыўшы да 40 год.

Тунэль-выстава адкрытая ў межах Лёнданскага фэстывалю архітэктуры. Фота: Joakim Boren
Тунэль-выстава адкрытая ў межах Лёнданскага фэстывалю архітэктуры. Фота: Joakim Boren

У імправізаваным тунэлі каля Беларускай каталіцкай місіі праходзіць выстава Аляксандра Трафіменкі. Родам зь вёскі Карма-Пайкі Краснапольскага раёна — разам зь сям’ёй ён быў вымушаны пераехаць ва Ўкраіну пасьля адсяленьня вёскі.

Таксама тут прадстаўленыя фатаграфіі Юрыя Міхеда і Лінды Ўолкер. У цэнтры выставы стаіць мадэль беларускай драўлянай царквы Сьвятога Кірылы Тураўскага. Адначасова гэтая царква зьяўляецца храмам-помнікам ахвярам Чарнобыльскай аварыі за мяжой.

Цзыўай Со, дырэктар Spheron Architechts . Фота: Sasha Belavokaya
Цзыўай Со, дырэктар Spheron Architechts . Фота: Sasha Belavokaya

Як распавёў Свабодзе Цзыўай Со, сёлета гэта адзіная ў Брытаніі выстава, прысьвечаная Чарнобыльскай аварыі ў кантэксьце Беларусі. А таму ў Spheron Architechts вырашылі прадставіць на Лёнданскім фэстывалі архітэктуры ня тыя праекты, што яны ўжо выканалі, а стварыць адмысловую пляцоўку пра Чарнобыль і Беларусь.

«Мы пастанавілі заняцца гэтым, каб распавесьці жыхарам Лёндану пра Чанробыльскую аварыю, — сказаў Цзыўай. — Напрыклад пра тое, што 60-70% радыеактыўных ападкаў выпалі на тэрыторыю Беларусі».

Фота: Joakim Borén
Фота: Joakim Borén

Выстава-тунэль задумвалася як часовая. Яна будзе адкрытай увесь чэрвень у выходныя з 14 да 17-й гадзіны.

«Мы плянавалі прыбраць выставу пасьля закрыцьця фэстывалю, — кажа Цзыўай. — Аднак, калі мы атрымаем добрыя водгукі, магчыма, працягнем яе на месяц ці два».

Паводле словаў архітэктара, фэстываль архітэктуры — добрая магчымасьць нагадаць пра Беларусь у брытанскіх мэдыях. Толькі апошнім часам Беларусь сталі ўсё часьцей згадваць у Брытаніі. Найперш, дзякуючы Нобэлеўскай прэміі Сьвятланы Алексіевіч.

Так тунэль выглядае звонку. Фота: Joakim Boren
Так тунэль выглядае звонку. Фота: Joakim Boren

«Дзякуючы Алексіевіч людзі пачынаюць успрымаць Беларусь як краіну, якае дае сьвету адных з найлепшых пісьменьнікаў і мастакоў, — кажа Цзыўай. — Цяпер зьявілася нагода гаварыць пра культурнае багацьце, літаратуру і архітэктуру Беларусі, а ня толькі пра палітыку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG