«Зь якімі прыкметамі эканамічнага крызісу ў Беларусі вам асабіста давялося сутыкнуцца?» На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.
Настаўніца: «Кожны дзень сутыкаемся з гэтым крызісам. Маленькія заробкі, несвоечасова выплачваюць — затрымкі бываюць. Неадпаведнасьць таго, што ёсьць у крамах, таму, што ёсьць у гаманцы».
Былы майстар: «Цяжка ва ўсім, бо грошай бракуе — наагул для жыцьця не хапае. Цяжка з працай. На заводзе ліцьця і нармаляў працаваў майстрам. Палічылі, што ўчастак нерэнтабэльны, і закрылі яго. Была б адпаведнай якасьці прадукцыя, усё б пайшло. А ў нас як прывыклі рабіць? Галоўнае — колькасьць, а ня якасьць. Калі працаваць на склад, нічога ня будзе».
Маці дваіх дзяцей: «Нічога не магу купіць з-за крызісу. У мяне двое дзяцей. Мне няма чым плаціць за кватэру, няма чым карміць дзяцей. Толькі за прыватызацыю кватэры — 600 тысяч. Працы няма. Прыбіральшчыца — паглядзіце рэкляму — 700 тысяч альбо 1,5 мільёна. Што гэта за заробкі такія? Гэта проста сьмешна. Да 11 студзеня працаўнікоў заводаў выправілі на канікулы за свой кошт».
Бацька, маці, сын-школьнік: «Грошай бракуе — вось тут і крызіс. Заробкі засталіся на месцы, а кошты рванулі ў крамах».
Маці: «Даводзіцца купляць толькі неабходнае. Хацелі набыць хлопчыку пляншэт да Новага году, але так яму й не купілі».
Малады спэцыяліст: «На адпачынак паехаць не атрымалася: фінансавыя цяжкасьці, курс даляра вельмі высокі. Складана кудысьці паехаць».
Маладая жанчына: «Штодзённа! Зь якімі праявамі сутыкаюся? У мяне няма грошай, няма працы».
Малады мужчына: «Прабачце, я лепей ня буду адказваць».
Спэцыялістка з шасьцігадовым стажам: «Пакупніцкая здольнасьць у мяне стала меншай. Слова „хацелі“ даўно забыліся. У мяне не хапае грошай, каб купіць лецішча. Жыву ў двухпакаёўцы. І не пляную нічога большага».
Айцішнік: «Складана знайсьці нармальныя будаўнічыя матэрыялы, тэхнічнае абсталяваньне для кухні. Падаражэла. Па мне гэта стукнула, можа, і ня так моцна, як па іншых. Прафэсія дазваляе зарабляць крыху больш. Але адчуваецца, што па гаманцы крызіс б’е, кошты павялічыліся».
Пэнсіянэрка: «Вельмі адчула: пэнсія 2 мільёны 100 тысяч, а лекі на курс лекаваньня каштуюць 4,5 мільёна. Была ў Чарнобылі, узнагароджана, а цяпер не хапае нават на лекі, ня кажучы пра хлеб».
Студэнт: «Як звычайна — нястача грошай. Проста недахоп, нават на мінімальныя патрэбы. Значны недахоп нават дзеля найпершай неабходнасьці, банальна — ежа, праезд, адзеньне».