Ва Ўсясьветны дзень свабоды прэсы Беларуская асацыяцыя журналістаў уганаравала пераможцаў конкурсу «Вольнае слова» ў пяці намінацыях.
Сярод ляўрэатаў і двое аўтараў Радыё Свабода: Віталь Цыганкоў заняў трэцяе месца ў намінацыі «Мастацка-публіцыстычныя жанры», а Кацярына Бахвалава (Андрэева) стала першай у намінацыі «Дэбют».
Конкурс праводзіцца ўжо дзявяты раз. Нязьменны старшыня журы, карэспандэнт агенцтва Аssociated Press Юрась Карманаў кажа, што гэтым разам 67 журналістаў даслалі на конкурс больш за 200 тэкстаў. У кожнай намінацыі спачатку вызначылі шорт-ліст зь пяці-шасьці намінантаў, а потым журы назвала ўжо траіх пераможцаў.
«Вольнае слова» ілюструе стан беларускай незалежнай журналістыкі, і нам ёсьць чым ганарыцца», — кажа Юрась Карманаў.
Ляўрэатамі сталі:
Жанр «Журналісцкае расьсьледаваньне»
1 месца — Арцём Гарбацэвіч, «Наша Ніва». «Беларускіх школьнікаў адпраўлялі ў Расею ў трэніровачныя лягеры пад кіраўніцтвам нэанацыстаў».
2 месца — Сяргей Сыс (Жорж Кунцэвіч). «Свободные новости плюс», «Таямніцы расстрэльнага калідора» (у трох частках).
3 месца — Марына Коктыш, «Народная Воля». «Дело Евгения Миколуцкого».
Пераможца «Вольнага слова» ў намінацыі «Расьсьледаваньні» Арцём Гарбацэвіч сказаў, што галоўны вынік ягонай журналісцкай працы — цяпер беларускія школьнікі ўжо ня езьдзяць у расейскія лягеры трэніравацца, гэтая прыкрая практыка спыненая.
Дэбют
1 месца — Кацярына Бахвалава (Андрэева), Радыё Свабода. «Мы да вашага „Бацькі“ ў госьці прыехалі», — расейскія вайскоўцы ля беларускай мяжы».
2 месца — Вікторыя Крупская (Капская), «Имена». «Бацькі, вы варʼяты. Чаму 11-гадовая Паліна са Слуцку ня верыла, што для яе знойдзецца сямʼя».
3 месца — Алеся Малаковiч, Intex-press. «Цыганскі барон Мікалай Базылевіч з Баранавічаў: «Мару, каб мой унук стаў судзьдзём».
Кацярына Бахвалава кажа, што ў жыцьці кожнага журналіста-пачаткоўца павінен быць вопытны настаўнік, які накіруе, дапаможа, падкажа. Ёй пашанцавала — такім чалавекам аказаўся журналіст Радыё Свабода Валер Каліноўскі.
Мастацка-публіцыстычныя жанры
1 месца — Аляксандар Фядута, naviny.by. Цыкль артыкулаў «Пяць выбарчых кампаній Лукашэнкі».
2 месца — Марыя Булавінская, «Белсат». «Над сыстэмай».
3 месца — Віталь Цыганкоў, Радыё Свабода. «Прадухіліць „Минскнаш“: замяніць у школах „расейскую“ літаратуру на ўсясьветную».
Аналітычныя жанры
1 месца — Віктар Марціновіч, Die Zeit. «Кароткі курс таталітарнай лінгвістыкі (Crashkurs in totalitärer Linguistik).
2 месца — Ягор Марціновіч, «Наша Ніва». «110 кандыдатаў, якія будуць „абраныя“ ў парлямэнт — праверце сьпіс пасьля выбараў».
3 месца — Руслан Гарбачоў, «Салідарнасьць» — gazetaby.com. «Да чаго прывёў „залаты дождж“, які накрыў малую радзіму Лукашэнкі».
Журналіст «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч пажартаваў, што «гатовы разьдзяліць сваю ўзнагароду з Цэнтравыбаркамам. Гэта менавіта старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына стварыла такую прадказальную сыстэму».
Інфармацыйныя жанры
1 месца — Сяргей Маліноўскі, kp.by. «Сяргей Міхалок: Тоўсты хлопчык з гармонікам нікуды не падзеўся — ён унутры мяне».
2 месца — Адарʼя Гуштын, Naviny.by. «Гэта ў Ангельшчыне дэмакратыя, а ў нас — тры мэтры ад стала можна стаяць».
3 месца — Уладзь Швядовіч, Ірына Арахоўская, «Наша Ніва». «Назіра і Мансур: Чаму яны бягуць?».
«Дзякуючы інтэрвію Маліноўскага зь Міхалком адбылося вяртаньне выканаўцы на радзіму. Інтэрвію паказалі беларускім чыноўнікам — Сяргей Міхалок аказаўся адэкватным, сурʼёзным чалавекам», — пажартаваў старшыня журы Юрась Карманаў.