Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар інфармацыі Ананіч пра дасудовыя абвінавачаньні БТ на адрас «Белага легіёну»: Гэта варты ўвагі грамадзтва фільм


Лілія Ананіч
Лілія Ананіч

Міністар інфармацыі Лілія Ананіч гэтак ацаніла фільм БТ «Белы легіён чорных душ», у якім былыя актывісты арганізацыі яшчэ да суду былі выстаўленыя ўдзельнікамі незаконнага ўзброенага фармаваньня.

«Лічу, што гэта вельмі варты ўвагі грамадзтва фільм, бо грамадзтва павінна ня толькі бачыць сёньняшнія крокі тых, хто імкнецца да дэстабілізацыі, але бачыць і тое, што можа заўтра быць», — сказала Лілія Ананіч карэспандэнту Свабоды.

18 былых актывістаў «Белага легіёну» ўжо месяц за кратамі, прычым дакладна невядома, паводле якога абвінавачаньня: у падрыхтоўцы беспарадкаў ці ва ўдзеле ў незаконным узброеным фармаваньні. У якасьці доказаў віны БТ паказала зброю, якая нібыта належыць актывістам «Белага легіёну». Між тым сваякі затрыманых «легіянэраў» лічаць гэты ананімны фільм фальшыўкай.

Лілія Ананіч узяла ўдзел 3 траўня ў адкрыцьці выставы «СМІ ў Беларусі» ў выставачным комплексе «Белэкспа». Дэвіз выставы — «Нам давяраюць!» — прысутнічае ў афармленьні выставачнага павільёна, на афіцыйных паперах форуму і ў прамовах чыноўнікаў, якія адкрывалі мерапрыемства.

Лілія Ананіч сказала, што на інфармацыйнай прасторы Беларусі дзейнічаюць звыш 1600 друкаваных мэдый і што дзякуючы разьвіцьцю сучасных інфармацыйных тэхналёгій у Беларусі кожны можа атрымаць тую інфармацыю, «якая яму сама цікавая, зьмястоўная і абʼектыўная».

Ці сапраўды дзяржаўным мэдыям давяраюць чытачы і тэлегледачы?

Гісторык Зьміцер Дрозд, які наведаў выставу, так адказаў на пытаньне, ці давярае ён дзяржаўным СМІ Беларусі.

Зьміцер Дрозд
Зьміцер Дрозд

«Не, асабліва пасьля апошняга фільму ў стылі „Жалезам па шкле“. Раней здавалася, што сытуацыя зьмянілася, але — зноў. Нешта мантажуюць, выкарыстоўваюць апэратыўныя здымкі, людзей кампрамэтуюць, яшчэ да суду ствараюць пра іх пэўнае меркаваньне. Гэтак было пра „Белы легіён“, гэтак жа паказваюць любую акцыю апазыцыі: альбо замоўчваюць, альбо ня кажуць праўды. Тут прамоўца з Баўгарыі выступаў і нагадаў, што сёньня міжнародны дзень свабоды слова. Але мяркую, што адносна Беларусі ня скажаш, што тут ёсьць свабода СМІ. Нават па тым гэта бачна, што на выставе зусім няма незалежных мэдый, толькі афіцыйныя. Магчыма, у мяне спэцыфічнае кола знаёмых і сваякоў, але яны ўсе вельмі скептычна ставяцца да заяваў, што ў нас ёсьць свабода СМІ. Нават пераходзяць на сьмех, калі гучаць такія заявы».

Ёсіф Сярэдзіч: Марнаваньне часу і грошай

На выставе, якая праходзіць ужо 21-шы раз, зноў не прадстаўлена ніводная незалежная газэта і толькі некалькі мясцовых электронных СМІ, як «Вектор» з Наваполацку.

Чаму незалежных газэт няма на выставе «СМІ ў Беларусі»?

Міністар інфармацыі Лілія Ананіч на гэтае пытаньне адказала так:

«Выстава адкрытая для ўсіх, хто жадае ў ёй удзельнічаць. Калі ласка. А чаму яны не пажадалі, спытайце ў іх».

Галоўны рэдактар «Народнай Волі» Ёсіф Сярэдзіч пракамэнтаваў сытуацыю карэспандэнту Свабоды праз тэлефон:

«Па-першае, упершыню чую, каб «Народную Волю» запрашалі на такую выставу. Нядаўна даведаўся, што яна адбудзецца, але зноў афіцыйнага запрашэньня нам не было.

Другое. Скажу шчыра: усе гэтыя выставы і імпрэзы, зьвязаныя з Днём друку 5 траўня — марнаваньне часу і грошай. Чым ладзіць такія мерапрыемствы, лепш бы ў Адміністрацыі прэзыдэнта і ва ўрадзе задумаліся, каму перадаць гэтыя грошы на пэўныя патрэбы. У краіне мільён праблем, і ад таго, што 50 чыноўнікаў пакрасуюцца перад камэрамі, яны ня вырашацца.

Пакуль год за годам праходзяць гэтыя выставы, у раёнах усе дзяржаўныя СМІ перайшлі на расейскую мову, ніводнай цалкам беларускамоўнай газэты не засталося. Каго яны нам рыхтуюць, якую зьмену? Хіба ня гэта будзе пятая калёна супраць незалежнасьці краіны? Таму скажу шчыра, нават калі б і было запрашэньне на такую выставу, мы б у ёй ня ўдзельнічалі».

Пра што піша «Астравецкая праўда»?

Сярод дзяржаўных раённых мэдый, якія бяруць удзел у выставе, — «Астравецкая праўда», якая выходзіць у райцэнтры Астравец Гарадзенскай вобласьці. Рыта кажа, што працуе ў газэце, а на выставе нават сваім выглядам рэклямуе газэту. Распытваю ў калегі, ці маюць яны магчымасьць трапіць на будоўлю Астравецкай атамнай станцыі?

Рыта кажа, што вольнага доступу на будаўнічую пляцоўку няма, але можна пісаць заяўкі, якія разглядаюць і збольшага задавальняюць.

Ці пісала газэта пра пашкоджаны корпус рэактара?

Журналістка згадала, што паведамленьні пра гэта былі. А вось пра чарнобыльскія акцыі, якія прайшлі па Беларусі 26 красавіка, газэта не паведамляла.

На адным зь мітынгаў у Менску прагучала думка, што Астравецкая АЭС можа паўтарыць лёс Чарнобыльскай станцыі, таму што будуецца з парушэньнямі ды на тэрыторыі, дзе здараюцца землятрусы. Такіх апасеньняў Рыта не падзяляе. «Мяркую, з Чарнобыля зрабілі выснову, у нас жа добрыя спэцыялісты», — кажа дзяўчына.

— А што вы пішаце пра атамную станцыю?

— Што даюць, тое і пішам, — адказала Рыта з «Астравецкай праўды».

Пачын міністра Шуневіча падтрымалі курсанты

Немалое месца на выставе займаюць выданьні Міністэрства ўнутраных спраў, у тым ліку газэта «На страже». Фотажурналістаў ды іншых наведнікаў, аднак, больш зацікавіла група міліцыянтаў у форме розных часоў. Сярод іх — супрацоўнік у форме НКВД 30-х гадоў, калі адбываліся масавыя рэпрэсіі. Летась у такой форме на адным з парадаў у Менску быў заўважаны міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч. У такой самай форме былі і супрацоўнікі НКВД на фатаздымках, якія ў лютым вывешвалі на агароджы будоўлі абаронцы Курапатаў.

Пытаюся ў былога супрацоўніка МУС, а цяпер журналіста: хіба тут ёсьць чым ганарыцца?

«Ну, такая гісторыя. Так, былі такія часы. Але і да таго стралялі, і цяпер страляюць», — сказаў калега.

У форму сталінскіх часоў апранулі на выставе курсантаў міліцэйскай школы. Хлопцы сьціпла ўсьміхаюцца, даюць сябе фатаграфаваць. Ці ведаюць яны пра Курапаты? У дзяржаўных СМІ пра гэта амаль ня пішуць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG