Гэта ў Зоне Свабоды абмяркоўваюць Дзьмітры Гурневіч, Юры Дракахруст, Аляксандра Дынько і вядучая Ганна Соўсь.
Прапануем фрагмэнт дыскусіі.
«Адна з найлепшых рэчаў, якія з намі ўсімі здарыліся за апошнія гады»
Ганна Соўсь: Сёлета 12 лютага Беларусь увяла 5-дзённы бязьвізавы рэжым для грамадзянаў 80 краінаў пры прылёце ў менскі аэрапорт. Што зьмянілася для Беларусі пасьля гэтага кроку акрамя проста павялічэньня колькасьці турыстаў? Наколькі гэты ў пэўнай ступені геапалітычны крок паўплываў на эканамічныя паказьнікі?
Аляксандра Дынько: Мне здаецца, што гэта адна з найлепшых рэчаў, якія з намі ўсімі здарыліся за апошнія гады. Пагадзіцеся, што ня так шмат радасных навінаў мы можам разам разьдзяліць. Пасьля таго, як у 2015 годзе беларуская аўтарка Сьвятлана Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую прэмію, вельмі моцна пацешыла ўвядзеньне пяцідзённага бязьвізу. Хай невялікая колькасьць дзён, але тым ня менш сябры, сваякі могуць прыяжджаць у Менск, хай і праз аэрапорт, але могуць прыяжджаць і бачыць Беларусь.
Беларусь стала зьяўляцца ў папулярных турыстычных рэйтынгах.
Беларусь, калі не пазбавілася іміджу Паўночнай Карэі Эўропы, то прынамсі вельмі хутка рухаецца ў гэтым кірунку. Быў стэрэатып, што тут усе вельмі сумныя, што тут савецкі аазіс, што сюды цяжка трапіць, што тут ледзьве ня голад. І аказалася, што ад усіх гэтых стэрэатыпаў вельмі лёгка пазбавіцца, калі проста запрасіць людзей да сябе, каб яны ўсё гэта пабачылі на ўласныя вочы.
Мы бачым, што Беларусь стала зьяўляцца ў папулярных турыстычных рэйтынгах. Гэта лічыцца добрым месцам, каб правесьці ўік-энд. І для разбэшчаных падарожжамі эўрапейцаў і людзей з усяго сьвету Беларусь становіцца нармальнай кропкай ва ўласнай мапе падарожжаў. Мне здаецца, што беларусы пасьля ўвядзеньня бязьвізу сталі і больш цаніць тое, што маюць. Вельмі шмат адкрываецца кавярняў, рэстаранаў з нацыянальнай кухняй, дзе робіцца акцэнт на тое, што гэта зроблена з беларускіх прадуктаў. Ясна, што гэта разьлічана не на нас з вамі, якія гэтыя прадукты ядуць штодня, а менавіта на турыстаў, але калі бізнэс пачаў укладаць у гэта грошы, значыць, гэта выгадна.
Гарадзенскія ўлады кажуць, што 50 тысяч турыстаў патрацілі ўжо 10 мільёнаў даляраў.
Яшчэ адна рэч, якая мяне вельмі моцна цешыць. Я вельмі часта бываю ў цэнтры Менску, там вельмі шмат турыстаў ходзяць групамі і вельмі шмат зьявілася экскурсаводаў, як у любой эўрапейскай сталіцы, і кожны са сваёй фішачкай. Хтосьці ў брылі саламяным, хтосьці з гукаўзмацняльнікам ходзіць, хтосьці з прыкметным парасонам, шмат экскурсаводаў вядуць экскурсіі па-ангельску. Водзяць людзей туды-сюды па цэнтры Менску. І гэта вельмі прывабна.
Гісторыкі звальняюцца з музэяў (ня ведаю, наколькі гэта добра для музэяў) і пераходзяць на прыватны экскурсаводзкі бізнэс. Значыць, гэта прыносіць ім грошы і карысьць. Увогуле стала весялей. Што тычыцца эканамічнага складніку, я паглядзела лічбы па Гародні. Там бязьвіз дзейнічае трохі даўжэй, 13 месяцаў, але гарадзенскія ўлады кажуць, што 50 тысяч турыстаў патрацілі ўжо 10 мільёнаў даляраў. Хіба гэта ня добра для Гарадзеншчыны? Толькі найлепшыя ўражаньні ад бязьвізаў, і калі працягнуць да 30 дзён, то ўсе будуць вітаць гэта.
«Раней адносіны з Расеяй былі вельмі нефармальныя і непразрыстыя, а зараз будзем сябраваць праз мяжу»
Ганна Соўсь: Рашэньне Менску аб 5-дзённым бязьвізе выклікала непрыхаванае раздражненьне Масквы. Напачатку гэтага году Расея ўсталявала памежную зону на мяжы з Беларусьсю. І гэты крок тлумачыўся менавіта беларускім 5-дзённым бязьвізам. У якой ступені Менск закрануў інтарэсы Расеі гэтым рашэньнем?
Юры Дракахруст: Даволі складана сказаць. Калі нават уявіць сабе, што можа быць нейкая пагроза нацыянальнай бясьпецы Расеі, што чалавек прыедзе бяз візы ў Менск, ня будзе мець расейскай візы і праз мяжу паедзе ў Расею... А калі ён будзе мець візу і паедзе? Ці грузін, якому беларуская віза не патрэбная, прыедзе ў Менск, сядзе ў цягнік... А расейская віза яму патрэбная.
Я ня думаю, што гэта так кепска для Беларусі, ды і для Расеі.
Чаму расейцы так паводзяць сябе? Магчыма, думаюць: зараз пяцідзённы бязьвіз праз аэрапорт, а да чаго ж гэта прывядзе. А гэта ж наша брама на Захад. Можна казаць пра досьвед Украіны, якая даўно ўжо скасавала бязьвізавы рэжым для замежнікаў у аднабаковым парадку, але можна прывесьці прыклад Казахстану, які ўвёў доўгатэрміновае знаходжаньне бязь візаў для грамадзянаў ЭЗ і ЗША. Пры тым, што гэта саюзная краіна ў рамках Эўразійскага эканамічнага саюзу. Магчыма, на Казахстан расейцы глядзяць скрозь пальцы. Да таго ж там больш жорсткі пашпартны кантроль. Усё ж як зь Беларусьсю ў Расеі фактычна мяжы не было, так ні зь кім не было. Як мы памятаем, Лукашэнка з Чарнамырдзіным гэты сымбалічны шлягбаум прыбіралі, а зараз з прычыны бязьвізу гэты сымбалічны шлягбаум у пэўным сэнсе пачаў вяртацца на сваё месца. Я ня думаю, што гэта так кепска для Беларусі, ды і для Расеі. Раней адносіны былі вельмі нефармальныя і вельмі непразрыстыя, а зараз будзем сябраваць праз мяжу, крыху іншыя стасункі будуць.
Дзьмітрый Гурневіч: Менш нелегальных тавараў, менш наркотыкаў будзе трапляць, і беларускія дзеці труціцца менш будуць...
Ганна Соўсь: І нелегальных мігрантаў з заходняй мяжы меней кантраляваць трэба будзе беларускім памежнікам...
Юры Дракахруст: Так што ў гэтым ёсьць і свае пазытыўныя моманты.
Міністра Макея цяжка западозрыць у цемрашальскіх зьявах, а міністра Шуневіча — спакойна
Ганна Соўсь: Тэрмін бязьвізавага ўезду ў Беларусь праз нацыянальны аэрапорт «Менск» для грамадзян 80 краін сьвету ў 2018 годзе плянуецца павялічыць да 10 дзён. МЗС і шэраг іншых ведамстваў прапаноўвалі павялічыць тэрмін да 30 дзён і з магчымасьцю прыезду праз усе пункты пропуску, аднак супраць выступаюць МУС і КДБ. 10 ці 30 — розьніца не такая ж у і вялікая. Чаму спэцслужбы супраць? Што за гэтым стаіць?
Дзьмітрый Гурневіч: Называюць розныя вэрсіі, пачынаючы ад таго, што будзе больш працы, болей трэба будзе людзей кантраляваць, але гэта сьмешна. Бо ў любым разе для дзяржавы, для бюджэту гэта вялікія грошы, калі прыяжджаюць замежныя грамадзяне з жывой валютай. Я схільны трымацца думкі, якую агучвалі многія экспэрты, аналітыкі, што проста сілавы блёк, МЗС, КДБ, гэта так званы бэтон, гэта людзі, якім больш за ўсё не на руку лібэралізацыя ў Беларусі, ці хоць нейкае збліжэньне з Захадам. Яны гэта ня раз даказвалі, жорстка разганяючы дэманстрацыі, хаця не было такой патрэбы. Яны проста дзейнічаюць у той жа плыні, у якой дзейнічалі заўсёды.
Гэта паказвае, наколькі вялікая розьніца паміж адной падабалася б маналітнай уладай у Беларусі.
Аляксандра Дынько прыгадала гісторыю ўкраінскага пісьменьніка Сяргея Жадана, калі да яго ўначы ў Менску ўварвалася міліцыя, яго фактычна арыштавала сілавая структура. Тады МЗС, міністар замежных справаў Макей, які быў на нейкім кніжным кірмашы, калі яму задалі пытаньне пра гэта, то адразу зрабіў так, што Жадана ня тое, што вызвалілі, але не дэпартавалі, дазволілі быць у Беларусі. Гэта паказвае, наколькі вялікая розьніца паміж адной падабалася б маналітнай уладай у Беларусі, паміж МУС і КДБ з аднаго боку і Міністэрствам замежных справаў з другога, дзе людзі займаюцца зусім іншымі рэчамі.
Ганна Соўсь: Вы бачыце тут выключна так званую барацьбу груповак?
Дзьмітрый Гурневіч: Я бачу, што КДБ, іншымі сілавымі структурамі кіруюць людзі, якія, скажам, менш адкрытыя на Захад. Гэта, відавочна, нават па іх рыторыцы, як яны прамаўляюць, як сябе паводзяць. Міністра Макея цяжка западозрыць у цемрашальскіх зьявах, а міністра Шуневіча — спакойна.
Юры Дракахруст: Я не цалкам запярэчу, але прывяду крыху іншыя аргумэнты. Справа ў тым, што ад сілавых структур нідзе ў сьвеце не патрабуецца, каб яны былі надта самадзейныя. Яны павінны выконваць закон. Адзін з момантаў, чаму яны так сябе паводзяць, чаму яны супраць і 10-дзённага бязьвізу, таму што ёсьць у Беларусі правіла пяцідзённай рэгістрацыі, трэба каб за пяць дзён замежнік зарэгістраваўся. Зараз гэта пяць дзён, які як раз укладаецца ў гэты бязьвіз. Можна прыехаць бяз візы і не рэгістравацца, а калі на большы тэрмін, то трэба, відаць, мяняць заканадаўства.
Дзьмітрый Гурневіч: Гэта не праблема. Палата прадстаўнікоў законы прымае пачкамі, якія ім высылаюць з Адміністрацыі прэзыдэнта.
Юры Дракахруст: Акрамя таго, я не выключаю, што могуць прыехаць і людзі, якія зьвязаныя з крыміналам, магчыма беларускія сілавікі перасьцерагаюцца гэтага.
Дзьмітрый Гурневіч: Мне падаецца, што прычына ўсё ж у іншым. У гэтых людзей паталягічная нянавісьць да Захаду.
Ганна Соўсь: Думаю, што ёсьць шмат самых розных чыньнікаў, якія адыгрываюць ролю.