Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У краіне стабільна, усе маюць працу, таму і выбарамі ніхто не цікавіцца, — кандыдат Русак з Горадні


Віктар Русак, кандыдат у дэпутаты па выбарчай акрузе № 50 у Горадні
Віктар Русак, кандыдат у дэпутаты па выбарчай акрузе № 50 у Горадні

На Гарадзеншчыне выбарчая кампанія ідзе па-ранейшаму млява, без зацікаўленасьці выбарцаў. Толькі часам спакой парушаюць дробныя інцыдэнты.

Дзейны дэпутат Гарадзенскага гарадзкога Савету правёў сустрэчу з выбарцамі акругі № 50, па якой ён балятуецца ў парлямэнт. На сустрэчу прыйшло каля дзясятка выбарцаў — усе з вэтэранскай арганізацыі Кастрычніцкага раёну Горадні.

Кандыдат распавёў пра сябе, сказаў, што працуе начальнікам аддзелу сацыяльнага разьвіцьця ААТ «Гродна-Азот», коратка выклаў сваю праграму і папрасіў задаваць пытаньні.

Вэтэраны актыўнасьці не праявілі. Толькі адна жанчына пацікавілася, чаму ў Кастрычніцкім раёне няма танцпляцовак для пэнсіянэраў. А, маўляў, у Ленінскім ёсьць, і туды трэба езьдзіць, «прабіваць талёны».

Паводле яе, у Кастрычніцкім раёне няма спартыўных пляцовак, дзе б пэнсіянэры цэлымі групамі маглі рабіць зарадку. Кандыдат пагадзіўся, што праблему трэба вырашаць. Распавёў і пра тое, што ў раёне, дзе сам пражывае, каторы год ня могуць дабудаваць паліклініку. Падвышэньнем пэнсіяў ніхто з пэнсіянэраў нават не пацікавіўся.

На сустрэчы выбарцаў з кандыдатам у дэпутаты Віктарам Русаком у Горадні
На сустрэчы выбарцаў з кандыдатам у дэпутаты Віктарам Русаком у Горадні

Падобныя сустрэчы праўладных кандыдатаў з выбарцамі, паводле назіральніка за выбарамі ад БХК Рамана Юргеля, адбываюцца ў Горадні ня першы раз. Свабода папрасіла кандыдата Русака пракамэнтаваць той факт, што выбарцы ў Горадні не праяўляюць цікавасьці да цяперашніх выбараў. І вось што ён адказаў:

— На маю думку, у краіне дастаткова стабільная сытуацыя, усе маюць працу, няма праблемаў з выхаваньнем дзяцей у школьных і дашкольных установах. А дзе праяўляюць цікавасьць да дэпутатаў? Ва Ўкраіне або ў Расеі, дзе існуюць праблемы і іх складана вырашыць. А ў нашай краіне, па-мойму, усё стабільна.

Раман Юргель
Раман Юргель

А вось кандыдат ад АГП Мікалай Уласевіч кажа пра тое, што зь ім здарылася ў Смаргоні. Калі ён раздаваў свае ўлёткі на гарадзкім рынку, да яго дачапіўся нейкі чалавек, які прадставіўся дырэктарам рынку, забараняў раздаваць улёткі, бо, маўляў, яны скіраваныя супраць прэзыдэнта. Нават ударыў Уласевіча.

Мікалай Уласевіч
Мікалай Уласевіч

Анатоль Лябедзька, які таксама прысутнічаў на рынку, праз мэгафон зьвярнуўся да гандляроў і пакупнікоў, якія і сталі на ягоную абарону. Уласевіч лічыць, што гэта была не мэтанакіраваная правакацыя, а проста малавыхаваны чалавек праявіўся ў сваіх паводзінах.

— Канечне, гэта было непрыемна. Але я папросту пабачыў, што чалавек не зусім адэкватны, а таму ня стаў пісаць заяву ў міліцыю. Тым ня менш інцыдэнт прыцягнуў увагу патэнцыйных выбарцаў. Людзі заступіліся за мяне, праявілі цікавасьць і разабралі ўвесь інфармацыйны матэрыял.

У вёсцы Міжэрычы Зэльвенскага раёну цікавасьць да выбараў сваімі дзеяньнямі прыцягнула старшыня сельсавету. Кіраўнік ініцыятыўнай групы кандыдата Івана Шэгі Віктар Марчык распавёў Свабодзе, што падчас правядзеньня пікету старшыня мясцовага сельсавету Тацяна Ўмарава патрабавала, каб пікетоўцы пакінулі «ейную зямлю».

Віктар Марчык
Віктар Марчык

— Мы паказалі ёй свае пасьведчаньні, пікет у нас быў узгоднены, як патрабуе заканадаўства. А яна — маўляў, вы прыехалі ня ў той дзень, я не хачу вас бачыць, я тут гаспадыня, гэта мая зямля. Я ёй культурна адказаў, што яе зямля ў ейным агародзе, а тут беларуская зямля і я магу стаяць на ёй колькі пажадаю. Відавочна, што яна не прызвычаеная да таго, як я зь ёй гаварыў. Але, нічога не прыдумаўшы, адʼехала.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG