Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Казько: «Чытаць мяне — гэта цяжкая праца»


Казько: Чытаць мяне — гэта цяжкая праца
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:15:17 0:00
Наўпроставы лінк

Пераможца прэстыжнай літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця Віктар Казько ў інтэрвію Свабодзе адказвае на пытаньне, чаму большасьць людзей менавіта яму жадала перамогі, тлумачыць, у чым прычына канфлікту пакаленьняў у літаратуры і калі скончыцца «сусьветная паўза» ў культуры.

Цыганкоў: Ці было для вас нечаканасьцю тое, што столькі людзей падчас конкурсу заўзела менавіта за вас? Вы перамаглі ня толькі ў рашэньні журы прэміі Гедройца, але і атрымалі прыз глядацкіх сымпатыяў, за вас прагаласавалі і чытачы на сайце «Нашай Нівы»... Чаму столькі людзей жадалі менавіта вам перамогі?

Казько: Скажу шчыра, для мяне гэта быў дзень нечаканасьцяў. Чаго крывіць душой, недзе я спадзяваўся. Але я ніколі ня прагнуў ніякіх прэміяў. Як гаворыцца, не прасі — прыйдуць і самі ўсё дадуць. Але мяне ўразілі адносіны і станоўчая рэакцыя залі. Тым больш гэта дзіва, што, як пісаў некалі ў рэцэнзіі Анатоль Івашчанка, «чытаньне Казько — гэта заўсёды цяжкая праца».

Цыганкоў: Можа, людзі жадалі вам перамогі, бо выступаюць за пэўную пераемнасьць пакаленьняў? Яны проста хацелі, каб прэмія пайшла аднаму з найстарэйшых пісьменьнікаў — ці яны былі нездаволеныя маладымі творцамі?

Казько: Думаю, што людзі засумавалі па працы галавы, працы думкі. Сёньня выдаецца столькі макулятуры, што ў гэтым моры плаваць немагчыма. Мяне радуе, што я трапіў на гэтую хвалю. Бо я свае заганы ведаю, чытаць мяне — гэта цяжкая праца. Сюжэты ў мяне ня вельмі займальныя. Мяне больш займае, якая стаіць думка за кожнай дзеяй, таму часам апярэджвае дзея, а часам развагі. Палешукам гэта ўвогуле ўласьціва — думаць пра жыцьцё, пра сябе, пра тых, хто побач.

Цыганкоў: Але ці лічыце вы, што такая проза, якую вы прадстаўляеце — традыцыйная, рэалістычныя, філязофская — мае шанцы ў сёньняшняй літаратуры?

Казько: У расейскім часопісе «Дружба народов» працуе крытык Натальля Ігрунова. І калі яна прачытала мае творы, то нават у рэцэнзіі ўсклікнула — «Віктар Апанасавіч, дык вы ж постмадэрніст». Я дык і ня ведаю, што гэта такое. Але я згодны — постмадэрніст дык постмадэрніст. У мяне сапраўды заўсёды прысутнічае містыка. Я ня здольны ўспрымаць жыцьцё бяз знакаў зьверху, як нейкую тлумную рэчаіснасьць. За ўсім стаіць нехта ці нешта найвышэйшае.

Цыганкоў: На пытаньне Літанкеты Свабоды «Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?», вы адказалі: «Сто гадоў адзіноты» Маркеса. Ці гэта значыць, што вам блізкі гэты паўднёваамэрыканскі «магічны рэалізм»?

Казько: Так. З гэтага, я думаю, пачалася новая літаратура. Мы адчулі прафэсіяналізм, майстэрства, веданьне чагосьці містычнага, неспазнанага, таго, што кіруе намі. І пасьля Маркеса, Булгакава, Караткевіча думаць і пісаць раўнінна, плоскасна ўжо немагчыма.

Цыганкоў: На фоне прэміі шмат гучала выказваньняў пра канфлікт пакаленьняў у беларускай літаратуры, і вы выказваліся наконт гэтага ў прэсе. У чым канфлікт, і ці абавязкова гэта нэгатыўная зьява? Бо гэта натуральна, гэта было заўсёды, і, магчыма, гэта той рухавік, які штурхае наперад літаратурны працэс.

Казько: Сапраўды, гэты канфлікт пакаленьняў ужо доўжыцца якое тысячагодзьдзе. Я памятаю, Васіль Быкаў гаварыў, што за намі нікога няма. Але канфлікт гэты не паміж пакаленьнямі, ён глыбейшы. Ён бярэ пачатак у зьменах жыцьця, якое крута абламілася.

Страчаны арыенціры, страчана зямля пад нагамі ў новага пакаленьня

Канфлікт у тым, што ўся культура ўзяла творчую паўзу, паўзу літаратурную. Страчаны арыенціры, страчана зямля пад нагамі ў новага пакаленьня. А мы (пакаленьне, якое адыходзіць) ня здолелі павесьці маладых, бо мы самі былі тымі, каго вядуць. Нас выхоўвала старэйшае пакаленьне, ваеннае — Лынькоў, Танк, Быкаў, Адамовіч — мы ішлі за імі. А цяпер страчана адчуваньне, што трэба цягнуць гэты літаратурны воз.

Шмат у чым гэта зрабіла тэлескрыня, дзе думаць ня трэба. І такая ж пайшла літаратура на патрэбу, літаратура макулятурная.

Цыганкоў: А каго вы любіце чытаць сярод жывых беларускіх пісьменьнікаў, каго б вы назвалі сярод лепшых?

Казько: Гэта «праская група». Макс Шчур, я заўсёды чакаю нечага ад яго. Таксама Воранаў. З тых, хто працуе тут, — Сьцебурака, цікавыя празаікі Федарэнка, Пятровіч. Чытаў адно апавяданьне Шталянковай, і там нешта ёсьць. Праблема ў адарванасьці ад прыкладаў сусьветнай літаратуры, за якімі адчуваецца нешта каранёвае, сапраўднае. Мы ўспрымаем тое, што на Захадзе ўжо адыходзіць. Той жа постмадэрнізм, андэграўнд, у якіх мы нічога не разумеем, апроч таго, каб малпаваць гэта.

Цыганкоў: А як вы гледзіце ўвогуле на будучыню беларускай літаратуры?

Казько: Мы трапілі ў мастацкую і культурную паўзу, але гэта паўза сусьветная. Гэтая паўза паўсюль. Ня толькі ў літаратуры, гэта паўза эканамічная, сацыяльная, палітычная. Але гэтая паўза скончыцца, усё праходзіць. Чалавек усё ж становіцца на ногі, і натуральны адбор працягваецца. Скончыцца творчая паўза, і пачнецца ўздым, як гэта было ў часы «Маладняка», «Узвышша».

Youtube-вэрсія

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG