Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Топ-10 фактаў пра Віктара Казько


Падчас цырымоніі ўручэньня літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця 2015. Пераможца Віктар Казько і пераможца за 2013 год Уладзімер Някляеў
Падчас цырымоніі ўручэньня літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця 2015. Пераможца Віктар Казько і пераможца за 2013 год Уладзімер Някляеў

Самае важнае і цікавае пра новага ляўрэата літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця.

1. Выхаванец дзіцячага дому

У вайну ад выбуху бомбы загінула маці Віктара Казько, ад холаду загінула маленькая сястра. Пасьля вайны Віктар не прыжыўся ў новай сям’і бацькі, падлеткам сышоў з дому. Выхоўваўся ў Вільчанскім і Хойніцкім дзіцячых дамах на Палесьсі.

2. Дзіця вайны

Калі скончылася вайна, Віктару Казько было 5 гадоў. Ён адзін зь першых у беларускай і савецкай прозе паказаў вайну праз прызму ўспрыняцьця дзіцяці, напісаўшы аповесьць «Суд у Слабадзе». За гэты твор у 1982 годзе пісьменьнік атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР імя Якуба Коласа.

3. Шахцёр

Віктар Казько скончыў горнапрамысловую вучэльню ў Кузбасе і Кемераўскі горны індустрыяльны тэхнікум, пасьля працаваў у шахце. Яго ўражаньні пра гэты час рэалізаваліся ў аповесьцях «Цёмны лес — тайга густая» і «Дзень добры і бывай», якія ён напісаў на расейскай мове.

4. Журналіст

Шмат гадоў Віктар Казько працаваў у журналістыцы. Пачынаючы з 1962 году быў загадчыкам аддзела прамысловасьці таштагольскай гарадзкой газэты «Красная Шорня», літсупрацоўнікам абласной газэты «Комсомолец Кузбасса», карэспандэнтам радыё. У 1970 скончыў завочнае аддзяленьне Літаратурнага інстытута імя Горкага. Праз год пераехаў у Менск. 3 1971 году Віктар Казько — супрацоўнік газэт «Чырвоная зьмена», «Советская Белоруссия», у 1973-76 гадах — у часопісе «Нёман».

5. Аўтар выслоўя пра Дзяды-88

«На Дзяды ішло насельніцтва, а вяртаўся народ». Менавіта Віктар Казько зьяўляецца аўтарам знакамітых слоў наконт шэсьця на Дзяды ў 1988 годзе.

6. Экранізаваны

Творы Віктара Казько «Паводка», «Сад» і «Судны дзень» экранізаваныя на кінастудыі «Беларусьфільм». У 2009 годзе на гэтай кінастудыі зьнялі дакумэнтальны фільм пра пісьменьніка «Знакі лёсу. Віктар Казько». У фільме ёсьць момант, дзе Віктар Казько распавядае, як бабуля выносіць яго з канцлягеру празь міннае поле.

7. Прызнаны літаратар

Віктар Казько ўганараваны 5 значнымі літаратурнымі прэміямі: у 1977 годзе — прэміяй камсамолу за кнігу «Добры дзень і бывай», у 1982 — Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Якуба Коласа за аповесьць «Суд у слабадзе», у 2009 — Прэміяй «Гліняны Вялес» за кнігу прозы «Бунт незапатрабаванага праху» і прэміяй «Залаты апостраф». 1 чэрвеня 2015 году да гэтага сьпісу дадалася прэмія імя Ежы Гедройця.

8. Абавязковы для прачытаньня

Аповесьці Віктара Казько «Суд у Слабадзе» і «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел» уваходзяць у школьную праграму беларускай літаратуры.

9. Быў у ААН

У 1986 годзе Віктар Казько ў складзе дэлегацыі Беларускай ССР удзельнічаў у рабоце сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН.

10. Не сучасны

У інтэрвію Радыё Свабода Віктар Казько прызнаўся, што яго раздражняюць «постмадэрнізмы» і «андэрграўнды» ў літаратуры. Сапраўдная літаратура, на думку пісьменьніка, непарыўная з асэнсаваньнем і вывучэньнем здабыткаў мінулага.

Відэаінтэрвію з Віктарам Казько глядзіце сёньня ўвечары на нашым сайце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG