Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вяскоўцы просяць у Аляксандра Лукашэнкі дажджу


Жыхары вёскі Стараград Кармянскага раёну, некаторых іншых паселішчаў Гомельшчыны ды суседняй Магілёўскай вобласьці накіравалі Аляксандру Лукашэнку калектыўны зварот, у якім просяць дапамагчы ім з дажджом.

Зварот так і называецца: «Аб нармалізацыі атмасфэрных асадкаў (дажджоў) на Гомельшчыне ды ў іншых абласьцях Рэспублікі Беларусь».

Заклапочаныя вяскоўцы пішуць: «Паважаны ўсенароднаабраны Прэзыдэнт! Зьвяртаюцца да Вас жыхары Гомельшчыны, Магілёўшчыны ды іншых абласьцей Рэспублікі Беларусь. Працяглы час у нашым рэгіёне адсутнічаюць дажджы, з-за чаго можна недалічыцца ўраджаю. На нарадзе Вы далі даручэньне старшыні Менскага аблвыканкаму Сямёну Шапіру схадзіць у сынагогу і папрасіць дажджу. Ён Ваша даручэньне выканаў, і дажджы ў Менску прайшлі. У нас жа працяглы час дажджоў няма, і мы лічым гэта дыскрымінацыяй — чаму Вы іх у нас не замовілі?

Мы патрабуем ад Вас як слугі народу схадзіць зь пераемнікам і чэлядзьдзю ў сынагогу і запатрабаваць дажджу для ўсёй Беларусі, а таксама даць сьвятарам даручэньне зладзіць хросны ход. Вы як праваслаўны атэіст (так Вы называлі сябе), а па словах Канстанціна Сумара — „вышэй за Бога“, можаце гэта вырашыць і нармалізаваць сытуацыю з дажджамі».

Ініцыятар збору подпісаў пад зваротам, грамадзкі актывіст з Магілёва Аляксей Паўлоўскі, які і сам паставіў подпіс, дадае:

Аляксей Паўлоўскі
Аляксей Паўлоўскі

«Пад зваротам падпісаліся два з паловай дзясяткі жыхароў. У сваю чаргу, яны абяцаюць на будучых прэзыдэнцкіх выбарах аддаць за яго галасы хоць на 120 працэнтаў».

Тут варта крыху паправіць ініцыятараў звароту. Пра дождж, Шапіру і сынагогу Аляксандар Лукашэнка выказаўся сёлета, калі зьвяртаўся да народу й парлямэнту. І сказаў гэтак: «Шапіра ў сынагозе моліцца. Толькі ў Менскай вобласьці ідзе дождж. Малайчына, Сямён Барысавіч! Але, дай Бог, можа, і ў іншых абласьцях. Таму што пасеялі, хутка пасеялі, зямля высахлая».

Тым часам ва ўсходніх раёнах Беларусі сапраўды ўсталявалася сухое, гарачае надвор’е. Прыродзе вільгаці бракуе з восені, а тут яшчэ сьпякота. Мала вады ў рэках, калодзежах, вадаводах. У шэрагу раёнаў Гомельшчыны з-за сухога надвор’я забаранілі наведваць лясы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG