Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вяртаньне гісторыі і геаграфіі па-беларуску: усе «за», але гэтага замала...


Абяцаньне новага міністра адукацыі, што выкладаньне гісторыі і геаграфіі неўзабаве ва ўсіх школах будзе весьціся па-беларуску, успрымаецца сярод выкладчыкаў на Гарадзеншчыне, зь якімі сёньня размаўляў наш карэспандэнт, як зьява нармальная і патрэбная. А будучыя настаўнікі, студэнты 5-га курсу кажуць, што на родную мову трэба пераводзіць усю адукацыю.

Настаўнік гісторыі і геаграфіі з 14-гадовым досьведам аднае з гарадзенскіх гімназій, спадар Віктар, успрыняў заяву міністра зь вялікім задавальненьнем, бо лічыць, што сытуацыя зь беларускамоўным навучаньнем у школах больш чым сумная. Як прыклад, ён распавядае пра свае назіраньні, калі дзеці ў грамадзкім транспарце не разумеюць аб’яваў пра прыпынкі і просяць бацькоў патлумачыць, што сказаў кіроўца. Таму ён адразу загаварыў пра практычныя рэчы.

Яго турбуе найперш, ці своечасова зьявяцца падручнікі гісторыі і геаграфіі па-беларуску, бо, маўляў, празь бібліятэчны калектар падручнікі замаўляюцца толькі раз на пяць гадоў. Яго хвалюе, ці ўсім вучням хопіць адразу контурных картаў на беларускай мове і ці не пагубляліся ў школьных архівах мэтадычныя матэрыялы, распрацаваныя некалі для настаўнікаў, каб лягчэй пераходзіць на выкладаньне па-беларуску:

«Таму ў мяне вельмі скептычнае стаўленьне да такога выказваньня, бо гэтая справа можа быць толькі напярэдадні выбараў, а ня нейкая сапраўды рэальная. Дай Бог, каб хапіла ўпартасьці і самому міністру. І думаю, калі гэта будзе сапраўдная справа, то могуць вярнуцца ў школу тыя выдатныя выкладчыкі, якія з прычыны генацыду беларусаў у сыстэме адукацыі вымушаныя былі пакінуць гэтую сыстэму».

Спадарыня Тацяна, выкладчыца беларускай мовы, лічыць, што пастанова міністра — гэта крок наперад, і далей павінна да беларускай мовы павярнуцца выкладаньне астатніх прадметаў у школе, бо гэта цалкам лягічна. Яна дапускае, што могуць быць напачатку складанасьці ў настаўнікаў, але ранейшы досьвед паказвае, што гэта ня стане праблемай:

«Заўсёды зьмены, калі мы мяняем нешта ў сабе, цягнуць за сабой нейкі выхад з камфорту. Бо як інакш, калі мы хочам, каб Беларусь выйшла на новы ўзровень, квітнела? Трэба зьмяняцца і нам самім. А зьмены пачынаюцца з асобы, самога чалавека. І натуральна, што з настаўніка яны павінны пачынацца».

Спадар Уладзімер выкладае ў вясковай школе геаграфію і расейскую мову, ягоны досьвед — звыш 20 гадоў. Ён без усякіх праблемаў прафэсійна валодае дзьвюма мовамі і кажа, што ў вясковых школах дзеці такога пераходу папросту не заўважаць. Галоўнае, каб да гэтага сур’ёзна паставіліся настаўнікі:

«Геаграфія Беларусі некалі выкладалася па-беларуску, і гэта вельмі слушная прапанова міністра, бо яна і павінна выкладацца па-беларуску. І праблемаў з гэтым ніякіх ня будзе, бо гэта было ўжо ў школьнай праграме: і геаграфія Беларусі, і гісторыя Беларусі ўжо выкладаліся па-беларуску. Лічу, што гэта паварот у лепшы бок».

Студэнты выпускных курсаў, зь якімі давялося пагаварыць, падтрымліваюць прапанову міністра, толькі лічаць, што гэтага замала — эфэкт будзе слабы. А, маўляў, патрэбна ўсю адукацыю адразу пераводзіць на родную мову. Кажа Тацяна, студэнтка 5-га курсу гістарычнага факультэту:

Было б добра, каб усе прадметы выкладаліся па-беларуску, бо калі толькі геаграфія і гісторыя, то дзецям будзе складана

«Было б добра, каб усе прадметы выкладаліся па-беларуску, бо калі толькі геаграфія і гісторыя, то дзецям будзе складана. Дый у наступны пэрыяд жыцьця гэта тады ім не прыдасца».

Студэнтка філялягічнага факультэту Алена кажа, што была на практыцы ў школе і пераканалася, што дзецям лепей будзе, калі адразу ўся адукацыя стане па-беларуску:

«Выніку ня будзе, бо дзеці адмоўна ўспрымуць тое, што толькі два прадметы. Ім будзе цяжка ўсё роўна, бо яны ня ведаюць мовы. Скажуць: што, геаграфія, гісторыя па-беларуску...»

А вось Вольга сканчае матэматычны факультэт і таксама прыйшла да высновы, што адукацыя цалкам павінна быць на беларускай мове:

«Ну вось вы запыталіся — як дзеці паставяцца? Я думаю, што ўсё ж адмоўна, бо, да прыкладу, мой брат вучыцца ў 7 клясе, дык яны ня вельмі любяць беларускую мову, яна ім цяжка даецца. А калі яшчэ дадаткова два прадметы трэба будзе вучыць па-беларуску, то яны з радасьцю гэтага ня ўспрымуць. Я адназначна падтрымліваю тое, каб ведаць сваю мову, але трэба, каб і дзеці самі гэтага хацелі, а інакш будзе вельмі складана».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG