Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Сакольшчыне ўсё яшчэ гавораць «па-просту»


Моніка Гадлеўская, маладая беластоцкая мастачка і дызайнэрка, нядаўна выдала кніжку «Po prostu... od A do Z». Кніжка была падрыхтаваная ў рамках стыпэндыі, якую мастачка атрымала з фонду маршалка Падляскага ваяводзтва.

Кніжка мае падзагаловак: «Мастацкая кніжачка для дзяцей аб падляскай гаворцы, якая выводзіцца з ваколіцаў Дубровы-Беластоцкай і Саколкі». У ёй сабрана каля трох дзясяткаў словаў з гаворкі, якой усё яшчэ карыстаюцца старэйшыя жыхары вёсак Сакольскага павету ў Падляскім ваяводзтве. Як піша Моніка Гадлеўская на сваёй інтэрнэтнай старонцы, мэта кніжкі — «альфабэту з практыкаваньнямі» — «вучыць і забаўляць, а ў прыватнасьці, захоўваць нашу культуру і традыцыю».

Прэзэнтацыя кніжкі адбудзецца сёньня ў галерэі Ваяводзкага цэнтру анімацыі культуры ў Беластоку. Напярэдадні прэзэнтацыі мы пагаварылі з мастачкай.

Радыё Свабода: Адкуль у вас зьявілася ідэя выдаць кніжку пра сакольска-дуброўскую гаворку?

Моніка Гадлеўская: Ідэя нарадзілася з маіх наведваньняў мясьцінаў каля Дубровы-Беластоцкай і Саколкі. Я там часта чула гэтую незвычайную гаворку, але не разумела значэньня словаў. І яшчэ мяне моцна зьдзівіла, што гаворка ў ваколіцы маіх бацькоў — яны жывуць за 30 кілямэтраў ад тых мясьцін, пра якія я вам гавару — значна розьніцца ад сакольска-дуброўскай.

РС: Вы нарадзіліся на вёсцы, але вашы бацькі ўжо не размаўлялі на гаворцы, а толькі па-польску?

Моніка Гадлеўская
Моніка Гадлеўская

Гадлеўская: Так. Мая бабця яшчэ размаўляе на мясцовай гаворцы, але на крыху іншай. А ў кніжцы я паказваю гаворку з другога боку рэчкі Бебжа. Існуе нешта накшталт «канфлікту» паміж жыхарамі па абодва бакі рэчкі. Адны абзываюць сваіх суседзяў з-за рэчкі «русінамі», а тыя кажуць на іх — «мазуры». Яны вам публічна не прызнаюцца ва ўжываньні такіх мянушак, але так яно ёсьць. Гэта такая традыцыя, але яна не варожая.

РС: Адкуль, па-вашаму, узялася такая традыцыя? Ці не ад таго, напрыклад, што некалі па Бебжы ішла мяжа паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Мазоўшам, і з таго часу ў мянушках застаўся геаграфічны падзел на «русінаў» і «мазуроў»? Або, магчыма, гэта мае прычыну ў рэлігіі: «русіны» некалі былі праваслаўнымі або ўніятамі, а «мазуры» — гэта католікі?

Гадлеўская: Зусім магчыма, што і адно тлумачэньне, і другое — часткова праўдзівыя. У Дуброве-Беластоцкай жыве крыху праваслаўных, але большасьць жыхароў там — католікі.

РС: А калі б мы хацелі канкрэтна пазначыць месца, дзе людзі ўжываюць словы, якія вы прывялі ў сваёй кніжцы, то ў якой вёсцы гавораць, напрыклад: talierka, skawarotka, waryć, baćko, piadź, hanawicy, jon, jona?

Гадлеўская: У вёсцы Грабава каля Дубровы-Беластоцкай. Там я галоўным чынам размаўляла з Хенрыкай і Тадэвушам Радзівонамі, якія сабралі ў сябе суседзяў, і мы разам абмяркоўвалі розныя тэмы, ня толькі зьвязаныя з гаворкай. Хенрыка Радзівон паходзіць зь іншай вёскі — Ставарова каля Саколкі, і я пабывала і ў гэтай вёсцы.

РС: Грабава — гэта каталіцкая вёска ці рэлігійна мяшаная?

Гадлеўская: Каталіцкая.

РС: Як вясковыя людзі называюць гэтую сваю гаворку?

Гадлеўская: Гэта цікавая справа, таму што яны кажуць: мы «гаворым па-просту». Ніхто, напрыклад, ня кажа, што гэта «простая мова». Усе кажуць: «гаворым па-просту».

РС: А ці ёсьць людзі — у вёсцы або ў блізкім мястэчку — якія ўсё ж усьведамляюць, што гэтая мясцовая гаворка «па-просту» мае нешта супольнае з гаворкамі Гарадзеншчыны за недалёкай мяжою, то бок нешта супольнае зь беларускай мовай?

Гадлеўская: Так, я думаю, што тут моцна адчуваецца блізкасьць усходняй дзяржаўнай мяжы. І шмат хто зь мясцовых мае за мяжою знаёмых або і сваякоў. Так што ўплыў беларускай мовы, ці нават расейскай, адчуваецца.

РС: Ці магчыма ўратаваць гэтую гаворку ад сьмерці? Напрыклад, вы асабіста хацелі б навучыцца гаварыць на ёй?

Гадлеўская: Скажу шчыра, што хацела б. Я ведаю, што гэтае заданьне для мяне значна цяжэйшае, чым для маіх старэйшых калегаў, якія ў школе вучыліся расейскай мове. Але мой наступны крок у гэтым праекце — навучыцца размаўляць на гаворцы самой, а потым вучыць дзяцей праз мастацкія заняткі, якія я мяркую весьці. Нядаўна я атрымала запрашэньне з Гміннага асяродка культуры ў Дуброве-Беластоцкай, дзе зацікавіліся гэтай тэмай і хочуць яе працягваць.

РС: Якая ў вас прафэсійная адукацыя і падрыхтоўка?

Гадлеўская: Я цяпер у дактарантуры ў Акадэміі мастацтваў у Лодзі. У гэтай самай акадэміі я атрымала тытул магістра, на факультэце графікі і жывапісу.

РС: Ці вы кантактавалі зь беларускім асяродзьдзем у Беластоку? Ну, напрыклад зь «Нівай» або з Радыё Рацыя? Хтосьці, так бы мовіць, з публічных беларусаў у Беластоку зацікавіўся тым, што вы робіце?

Гадлеўская: Праўду сказаўшы, раней я не шукала нейкіх такіх кантактаў. Я проста прыдумала гэты праект і пачала яго ажыцьцяўляць. Але я адкрытая для любога супрацоўніцтва. Калі будзе зацікаўленьне і ахвота на працяг гэтага праекту ў шырэйшым коле, то я буду гэта​ толькі вітаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG