Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чамадане — дзяўчына з Масквы, або Пяць дэбютаў на «Беларусьфільме»


Кадр з кароткамэтражнага фільму «Падарунак Санта Клаўса», Беларусьфільм 2017
Кадр з кароткамэтражнага фільму «Падарунак Санта Клаўса», Беларусьфільм 2017

Тое, што добра для «Беларусьфільму», не абавязкова можна лічыць добрым увогуле.

Апошнім часам «Беларусьфільм» ня так часта дае магчымасьць маладым рэжысэрам дэбютаваць у ігравым кіно, затое быццам спэцыяльна для гэтага ён прыдумаў альманах «Мы». Нарэшце, нацыянальная кінастудыя паспрабавала акумуляваць сілы маладых аўтараў і запрасіла іх да сябе на аганёк, дала вопытных настаўнікаў, дазволіла карыстацца сваімі багатымі рэсурсамі. У выніку атрымаўся зборнік зь пяці разнамасных і паказальных кароткамэтражак, якія на фоне іншай прадукцыі сапраўды выглядаюць неблагімі ў тым сэнсе, што ў некаторых зь іх ёсьць прэтэнзія на мастацтва, а жаданьні аўтараў адпавядаюць іх магчымасьцям. Праўда, тое, што добра для «Беларусьфільму», не абавязкова можна лічыць добрым увогуле.

Супрацоўніцтва «афіцыйнага» кінэматографу з маладымі пазаштатнымі аўтарамі стала пэўным прэцэдэнтам. У выпадку з «Мы» важна ня толькі, як дэбютанты справіліся са сваімі задачамі ў бюракратызаванай, нязграбнай, непаваротлівай сыстэме нацыянальнай кінастудыі. Важна таксама, што пад адной назвай сабраліся тэмы, інтарэсы і мэтады пяці рэжысэраў, быццам не разбэшчаных ідэалягічным альбо камэрцыйным кіно, таму складана ўстрымацца ад пошуку ў іх сымптомаў, паказчыкаў і праяў нейкага больш агульнага тыпу мысьленьня — кінэматаграфістаў, моладзі або нават грамадзтва.

Кадр з кароткамэтражнага фільму «Падарунак Санта Клаўса», Беларусьфільм 2017
Кадр з кароткамэтражнага фільму «Падарунак Санта Клаўса», Беларусьфільм 2017

Зборнік не атрымаўся чыстым ад ідэалёгіі і мэнтарства

Праўда, зборнік не атрымаўся чыстым ад ідэалёгіі і мэнтарства, мабыць, бо здымаўся ўсё ж на «Беларусьфільме», а сцэнарыі і будучых рэжысэраў выбірала сфармаваная пры Міністэрстве культуры камісія, празь якую праходзіць кожны, хто прэтэндуе на дзяржаўныя сродкі. Па-ранейшаму фінансаваньне кінэматографу ў Беларусі адбываецца праз Адкрыты рэспубліканскі конкурс кінапраектаў, а прэтэндэнты на дэбют у альманаху «Мы» разглядаліся на яго асобным «скліканьні». У выніку сярод іншых камісія выбрала супрацоўніка нацыянальнай кінастудыі Яўгена Сяцько, які па вялікім рахунку — не дэбютант, бо ўжо працаваў над неігравымі фільмамі. Прыкладна тая ж гісторыя з Настасьсяй Мірашнічэнка, аўтаркай незалежных дакумэнтальных карцін «Перакрыжаваньне» і «Дэбют». Затое для выпускнікоў Акадэміі мастацтваў Надзеі Абрамчук, Арсенія Ільіных і Кірыла Ярохіна праца над альманахам сапраўды стала дэбютам на сур’ёзнай кінавытворчасьці.

У чамадане аказваецца дзяўчына з Масквы

Як ні дзіўна, самай ідэалягічна падкаванай — прычым у найгоршых традыцыях непрыхаванасьці — аказалася кароткамэтражка рэжысэра зь «Беларусьфільмам» у біяграфіі. Па сюжэце работы «Падарунак Санта Клауса» Яўгена Сяцько малады зладзюжка на вакзале забірае чамадан, пакінуты падарожным немцам. У чамадане аказваецца дзяўчына з Масквы, якая марыла зьехаць з гэтым немцам да забясьпечанага жыцьця, але ня мела пашпарту. У выніку, пасьля дня, што масквічка правяла з беларусам, зь ім яна, канешне ж, і застаецца, а немца закрывае ў чамадане ў цягніку.

Кадр з кароткамэтражнага фільму «Лялька», Беларусьфільм 2017
Кадр з кароткамэтражнага фільму «Лялька», Беларусьфільм 2017

Гэта нават ня фільм, а натуральны лёзунг

Такі фармат падышоў бы хіба для савецкага патрыятычнага кіно — павярхоўны і прадказальны сюжэт, невыносная банальнасьць, камічны вобраз немца і рамантычны — беларуса. Гэта нават ня фільм, а натуральны лёзунг. Да «Падарунку Санта Клаўса» было складана ўявіць, што такая грубая, а галоўнае — шчырая, прапаганда ўвасобіцца ў кінэматографе XXI стагодзьдзя. Больш за тое, «Беларусьфільм» паставіў гэтую кароткамэтражку першай у альманаху, а значыць — ня бачыць у рабоце Яўгена Сяцько неадпаведнасьці прафэсійным крытэрам і крытэрам талерантнасьці. Між іншым, і кандовы мэтад здымак, і «драўляныя» сцэны, і музыкальнае суправаджэньне тут — што Божа барані.

На шчасьце, «Падарунак Санта Клаўса» ў экстатычнай зьнявазе эўрапейскага народу і праслаўленьні брацкіх беларусаў і расейцаў — у сваёй ідэалягічнасьці савецкага толку — аказаўся выключэньнем. Усе астатнія кароткамэтражкі альманаху засяродзіліся на чалавеку, але хоць гэта і зрабіла іх больш унівэрсальнымі, у той жа час выявіла спрошчаны склад думак, недастатковую свабоду мысьленьня і схільнасьць да штампаў.

Кадр з кароткамэтражнага фільму «Дыялёг», Беларусьфільм 2017
Кадр з кароткамэтражнага фільму «Дыялёг», Беларусьфільм 2017

Адзінокі гуляка выглядае несур’ёзным валацугам

Напрыклад, сюжэт «Лялькі» Арсенія Ільіных трымаецца шаблёну і падыхае маралізатарствам. У трамваі сустракаюцца два трафарэтных героі — марнатравец жыцьця і яго прыстойная былая дзяўчына, што была ім некалі кінутая. Характар пэрсанажу ў кіно, як вядома, становіцца яго лёсам, і ў «Ляльцы» гэты тэзіс увасабляецца выдатна: дзяўчына прадказальна аказваецца пасьпяховай, замужняй, маці дзяўчынкі, на фоне якой адзінокі гуляка, што з алькаголем у пакеце накіроўваецца на чарговую тусоўку, выглядае несур’ёзным валацугам. У выніку ён разумее, што дзіцё па ўзросьце можа быць толькі яго дзіцём, застаецца на начной вуліцы з перавернутым сьветапоглядам і свой візыт на вечарыну адмяняе.

Адзіным яе субяседнікам застаецца сабака

Ажно да падабенства да сацыяльнай рэклямы даходзіць работа «Дыялёг» Надзеі Абрамчук. Маленькая дзяўчынка пакутуе ад недахопу ўвагі сваёй маці (бацькі няма), і адзіным яе субяседнікам застаецца сабака. Яму яна агучвае свае скаргі, а дома адчувае страх перад занятай і ўсім незадаволенай родзічкай. У канцы мы маем магчымасьць упэўніцца, што маці, нягледзячы на патрабавальнасьць, любіць сваю дачку.

Можна парадавацца, што альманах «Мы», у адрозьненьне ад іншай прадукцыі нацыянальнай кінастудыі, спрабуе засвоіць супярэчнасьці рэальнага жыцьця — зборнік сапраўды можа пахваліцца адпаведнасьцю парадку дня. Хай гісторыя і базуецца на сьляпой, агульна прынятай маралі, затое лёгка ўпісваецца ў сучасны кантэкст, хай у фільме не сказана ні новага, ні патрэбнага, ні прыгожага, затое на заўсёды актуальную тэму бацькоў і дзяцей.

Кадр з кароткамэтражнага фільму «Спадарожнік», Беларусьфільм 2017
Кадр з кароткамэтражнага фільму «Спадарожнік», Беларусьфільм 2017

Ня менш важным адрозьненьнем альманаху ад звычайнага «Беларусьфільму» зьяўляюцца спробы перакласьці свае сюжэты на мову кіно і празь візуальныя мэтады апавяданьня перадаваць дадатковыя сэнсы.

Герой едзе на пахаваньне бацькі і выказвае да яго нянавісьць

Кароткамэтражка «Спадарожнік» Настасьсі Мірашнічэнка таксама тычыцца тэмы бацькоў і дзяцей, але выходзіць за яе межы, адыходзіць ад лінейнага сюжэту і больш увагі надае эстэтыцы: быццам недынамічная гісторыя, у якой малады чалавек у цягніку размаўляе з выпадковым спадарожнікам, разбаўляецца флэшбэкамі і звышнатуральнай прысутнасьцю. Галоўны герой едзе на пахаваньне бацькі і выказвае да яго нянавісьць, бо той кінуў іх з маці, але ад суразмоўцы чуе люстраны аповед, які дапамагае зразумець бацькаў учынак. «Спадарожнік» — адна з нямногіх кароткамэтражак, што адмаўляецца ад катэгарычнасьці і «дырэктыўных» сьцьвярджэньняў. Яна паказвае сытуацыю з розных бакоў і замест таго, каб ісьці за агульным настроем, магчыма, нават выклікае грамадзкую сьвядомасьць на дыскусію.

Яшчэ больш «пошукавай», таму і больш жывой, аказалася работа Кірыла Ерохіна «Брачо», зьнятая між іншым па сцэнарыі вядомага ў сучасным беларускім тэатральным асяродзьдзі драматурга Дзьмітрыя Багаслаўскага. На гарадзкім мосьце над чыгуначнымі пуцямі малады чалавек сустракаецца са школьнікам, які зьбіраецца сігануць уніз. Сюжэт таксама недынамічны і дзеяньне збольшага адбываецца на адным месцы, затое кароткамэтражка поўная псыхалягічных хітраспляценьняў, рэфлексій, зноў жа флэшбэкаў, а па настроі прэтэндуе на адлюстраваньне сьвету сучаснай моладзі.

Кадр з кароткамэтражнага фільму «Брачо», Беларусьфільм 2017
Кадр з кароткамэтражнага фільму «Брачо», Беларусьфільм 2017

Прычына пасрэднасьці давытворчая – у скаванасьці, адсутнасьці ідэй, паўтарэньні старых форм

На шчасьце, рэжысэры альманаху, чытай — маладыя аўтары, не адгароджваюцца ад рэальнасьці і хочуць гаварыць на актуальныя тэмы, што ўжо выдзяляе іх са значнага пласта беларускага кіно, у стваральнікаў якога свая атмасфэра. Але імпэты разьбіваюцца аб нейкую непрызвычаенасьць да працэсу мысьленьня, адкуль банальнасьць і некарыстаньне рэсурсамі кінамовы. Такое моцнае ўзьдзеяньне шаблёнаў — на гісторыі ў цэлым, сюжэтныя павароты, мэтафары (згасаючы агонь значыць згасаючае жыцьцё) — ня можа сьведчыць пра нешта станоўчае. Альманах атрымаўся пасрэдным, але не з-за дэбютаў і не з-за таго, што яны адбыліся на «Беларусьфільме» (што ўжо нялёгка): прычына пасрэднасьці давытворчая — у скаванасьці, адсутнасьці ідэй, паўтарэньні старых форм. Мы ў гэтым аўтарскім пустаслоўі захрасьлі як у даўгах, ні рызыкі тут няма, ні свабоды, ні драйвовага бунтарства, даволі толькі зьбітай маралі і канстатацый. Што і зьяўляецца галоўным, выяўленым праз пяць фільмаў, паказчыкам тыпу мысьленьня кінэматаграфістаў, моладзі або нават грамадзтва.

Альманах «Мы» быў уключаны ў Нацыянальны конкурс кінафэстывалю «Лістапад», а пасьля паказваўся на вялікім экране ў Менску і іншых гарадах краіны. Мы не пасьпелі сабрацца з думкамі, а тэмай наступнага зборніка — кінастудыя мяркуе зрабіць яго штогадовым — стала Вялікая айчынная вайна. Выглядае на тое, што праект быў створаны ўсё ж не для дэбютаваньня здольных пачаткоўцаў, а для ўпісваньня іх у прафэсійны, вытворчы, а цяпер і тэматычны дыктат.

Ірэна Кацяловіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG