«Нас збліжаюць аднолькавыя падыходы да пытаньняў забесьпячэньня міру і стабільнасьці, сацыяльнай справядлівасьці, — перадае БЕЛТА словы Ўладзімера Макея. — І мы разам працуем над захаваньнем традыцыйных каштоўнасьцяў.
Цягам чвэрці стагодзьдзя між Беларусьсю і Ватыканам разьвіваецца актыўны, канструктыўны і даверны дыялёг, на рэгулярнай аснове ажыцьцяўляецца абмен візытамі на ўсіх узроўнях».
Макей таксама выказаў Ватыкану ўдзячнасьць за «канструктыўны і ўзважаны падыход Рымска-каталіцкага касьцёлу да захаваньня міжканфэсійнай згоды ў Беларусі, да імкненьня вырашаць магчымыя пытаньні шляхам дыялёгу, для якога характэрныя ўзаемная павага і разуменьне».
Намесьнік дзяржаўнага сакратара Ватыкану Джавані Анджэлё Бэчу адзначыў, што не пачуваеца іншаземцам у Беларусі ня толькі таму, што ў Беларусі моцная гістарычная прысутнасьць каталікоў, але і таму, што «кожны народ аднолькава абраны Богам»:
«Я хацеў бы працытаваць яшчэ аднаго Францішка, — казаў Бэчу пасьля згадкі Папы Францішка. — Вялікага Скарыну. Ён пісаў, што людзі, дзе б ні нарадзіліся, маюць вялікую любоў да сваёй радзімы. Новы будынак Апостолькой нунцыятуры сымбалізуе вялікую любоў Папы Рымскага Францішка да Беларусі».
Паводле Бэчу, Касьцёл імкнецца рабіць унёсак у будучыню, будаваць масты сяброўства і стабільнасьці. Беларусь, казаў ён, як «важная частка эўрапейскай прасторы» можа зрабіць свой уклад у захаваньне традыцыйных каштоўнасьцяў, як інстытут сям’і, працавітасьць, цярплівасьць і самаадданасьць, уменьне зьніжаць напружанасьць мірным шляхам.
Беларусь чакае Папу і канкардат
Апостальскі нунцый Габар Пінтэр выказаў спадзеў, што Папа Францішак наведае Беларусь асабіста і «адчуе дабрыню і гасьціннасьць Беларускага краю». Пра запрашэньне Папы ў Беларусь згадваў і Макей.
Тым часам Беларусь і Ватыкан усё яшчэ распрацоўваюць канкардат — дамову, у якой фармулююцца дачыненьні між дзяржавай і каталіцкай царквой на тэрыторыі дадзенай дзяржавы. У цяперашніх умовах Беларусь наўрад ці можа заключыць такую дамову бяз згоды Масквы.