Кульмінацыйным момантам візыту стане сустрэча папам Францішкам. З 2017 года падчас “ad limina” папа прымае эпіскапат у поўным складзе і размаўляе зь гіерархамі за зачыненымі дзьвярыма.
Старшыня Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч кажа, што кожны такога роду візыт – гэта своеасаблівая справаздача за мінулы пэрыяд жыцьця Касьцёла: “Ёсьць праграма. Ёсьць пытаньні, на якія трэба адказаць. Кожная дыяцэзія робіць гэта. Гэта каля 80 старонак. Апрача гэтага, ужо на месцы, вызначаны біскуп робіць справаздачу падчас візытаў у ватыканскіх дыкастэрыях”, -- перадае Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
Мітрапаліт распавёў, што падчас сустрэч, у тым ліку з пантыфікам, будзе закранацца пытаньне падрыхтоўкі дамовы беларускай дзяржавай. "Нам трэба прадставіць свой касьцёл: хто мы такія, адкуль прыбылі, як мы жывём, якія праблемы існуюць? Мы кажам адкрыта аб нашых праблемах. Напрыклад, тое ж пытаньне падпісаньня канкардату або пагадненьня паміж Канфэрэнцыяй біскупаў і дзяржавай. Нам важна пачуць меркаваньне папы адносна вырашэньня гэтых праблем – асабісты кантакт зь ім незвычайна каштоўны для нас”, - паведаміў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Папярэдні візыт “аd limina Apostolorum” Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі адбыўся 8 гадоў таму, 11 - 17 сьнежня 2009 года.