Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта сыстэма люстрацыі працуе ў Беларусі», — Валеры Герасімаў пра сваё звальненьне з Прэзыдэнцкай бібліятэкі


Валеры Герасімаў
Валеры Герасімаў

З пасады загадчыка аддзелу старадрукаў і рэдкіх выданьняў Прэзыдэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусі звольнены Валеры Герасімаў.

У інтэрвію карэспандэнту Свабоды Валеры Герасімаў паведаміў, што адміністрацыя не патлумачыла яму прычыну звальненьня.

«Прычыну ня кажуць. Я быў папярэджаны за месяц пра тое, што я звольнены з прычыны непрацягненьня кантракту.

На мяне былі наезды за тое, што я ўдзельнічаў у міжнародным кангрэсе дасьледнікаў Беларусі ў Коўне, які быў сёлета. І, як мне падказвалі крыніцы за кулюарамі, пакінуць мяне на працы ніякіх магчымасьцяў няма, бо я звольнены паводле палітычных матываў.

Гэта сыстэма люстрацыі працуе ў Беларусі, то бок сыстэма перасьледу за палітычныя погляды людзей, якія прафэсійна выконваюць свае абавязкі, сумленна працуюць дзеля Бацькаўшчыны. Але іх пэўная ідэалягічная пазыцыя не задавальняе найвышэйшыя ўлады.

Увесь час, што я працаваў у гэтай установе, я ніколі не хаваў сваіх поглядаў, і мяне да пары трывалі. Ну а цяпер, нягледзячы на гэтую так званую мяккую беларусізацыю, відаць, ідзе зачыстка на ўсім полі. І тая грамадзянская вайна, абвешчаная супраць нацыянальнай інтэлігенцыі, ідзе і працягваецца. Нас, як кажуць, выбіваюць.

Усе мае сябры-кнігазнаўцы, якія працуюць у аддзелах рэдкай кнігі, якія займаюцца праблемамі рэканструкцыі гістарычных беларускіх бібліятэк і захаваньня нацыянальнай кніжнай спадчыны, салідарныя са мной».

Валеры Герасімаў адзначыў, што ў яго з дырэкцыяй ёсьць прынцыповыя разыходжаньні ў падыходах да працы з рэдкай кнігай.

«Цягам апошніх гадоў у бібліятэцы ішло масавае сьпісаньне літаратуры. Бо Лукашэнка, калі наведваў бібліятэку некалькі гадоў таму, сказаў, што ў нас занадта багата старой літаратуры. І пасьля гэтага быў створаны адмысловы сэктар сьпісаньня літаратуры. І за гэтыя пару апошніх гадоў сьпісваліся тысячы выданьняў, у тым ліку каштоўных. Праз тое, што кіраўнік дзяржавы проста прафан у кнігазнаўстве».

Дырэктар Прэзыдэнцкай бібліятэкі Сяргей Квачан адмовіўся камэнтаваць карэспандэнту Свабоды звальненьне Валерыя Герасімава.

Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» зрабіла заяву ў зьвязку са звальненьнем Валерыя Герасімава.

«Мы абураныя тым, што працоўныя кантракты працягваюць выкарыстоўвацца як карны мэханізм і што, не зважаючы на ўсе працоўныя заслугі і дасягненьні, рэдкаму спэцыялісту па старадруках такога высокага ўзроўню, якім зьяўляецца Валеры Герасімаў, цяпер няма месца ў буйным навукова-дасьледчым кнігазнаўчым цэнтры — аддзеле старадрукаў і рэдкіх выданьняў, — ініцыятарам стварэньня якога спадар Валеры ў свой час выступіў і які да апошняга часу ўзначальваў», — гаворыцца ў заяве «Бацькаўшчыны».

Як адзначаецца ў заяве, асноўнай прычынай адмовы працягнуць працоўны кантракт стала нацыянальная самасьвядомасьць, актыўная грамадзянская пазыцыя Валерыя Герасімава.

Валеры Герасімаў быў адным са стваральнікаў аргкамітэтаў Беларускага народнага фронту «Адраджэньне», таварыства памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў «Мартыралёг Беларусі» і Нацыянальна-дэмакратычнай партыі Беларусі, ён адзін з заснавальнікаў і нязьменны намесьнік старшыні рады міжнароднай грамадзкай арганізацыі «Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».

«Па незразумелых прычынах для кіраўніцтва прэзыдэнцкай бібліятэкі такая грамадзкая актыўнасьць Валерыя Герасімава стала непрымальнай», — адзначае «Бацькаўшчына».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG