ЗША запатрабавалі ад Літвы афіцыйных тлумачэньняў у сувязі з тым, што падораныя Літоўскай арміі снайпэрскія паўаўтаматычныя вінтоўкі М14 апынуліся ў прыватных руках, паведамляе партал Delfi.
Урад ЗША перадаў гэтыя вінтоўкі літоўскай арміі ў 1999 годзе (асноўным зброяй арміі ЗША яны былі ў 1959-1970 гг). Пасьля мадэрнізацыі вінтоўкамі карысталіся літоўскія вайскоўцы, але потым вырашылі ад іх адмовіцца.
У 2014 годзе вінтоўкі апынуліся ў дзяржаўным збройным фондзе, а той неўзабаве пачаў іх распрадаваць праз інтэрнэт па вельмі нізкіх цэнах — 347,54 эўра за штуку (у калекцыянэраў цана на іх даходзіць да дзясяткаў тысяч даляраў). Для куплі зброі дастаткова было прад’явіць дазвол на валоданьне зброяй. Усе вінтоўкі, як сьцьвярджаюць у фондзе, былі прададзеныя па адной цане.
Распродаж выклікаў пратэст у амэрыканскіх уладаў. Урад ЗША адправіў у Літву афіцыйны запыт і нагадаў, што паводле дамове паміж Літвой і ЗША ад 2002 года такую зброю прадаваць нельга, у сувязі з чым запатрабавала вярнуць вінтоўкі.
Аднак зь вяртаньнем зброі ў дзяржаўную ўласнасьць паўсталі праблемы. У фонду купілі вінтоўкі 8 чалавек. Пяць пакупнікоў вярнулі вінтоўкі, але трое заявілі, што ня згодныя з патрабаваньнем фонду і не жадаюць вяртаць зброю нават у абмен на грошы.
«Сумленныя людзі зразумелі ў чым справа, мы ім вярнулі грошы, яны нам — зброю», — сказаў часовы выканаўца абавязкаў кіраўніка Збройнага фонду Ёнас Шалавеюс. Але каб уплываць на астатніх, Збройны фонд зьвярнуўся ў Віленскі ўчастковы суд з просьбай прызнаць продажы незаконнымі.
Паводле Шалавеюса, рашэньне аб продажы прыняла міжведамасная камісія, у якой быў і прадстаўнік Міністэрства абароны Літвы, а фонду пры перадачы зброі ніхто не паведаміў пра тое, што вінтоўкі нельга прадаваць. Камэнтароў з боку міністра абароны Літвы Юозаса Алекаса пакуль не паступала.