Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў, што гатовы закрыць міратворцамі мяжу паміж Расеяй і Данбасам


Падчас прэс-канфэрэнцыі з удзелам расейскіх рэгіянальных СМІ Аляксандар Лукашэнка ў тым ліку адказваў на пытаньні пра ролю Беларусі ў расейска-ўкраінскім канфлікце на Данбасе. Ён казаў, што «не паедзе ў Кіеў на танку, а паедзе на трактары», а таксама фактычна намякнуў на магчымасьці міратворчай місіі Беларусі ў зоне канфлікту на Данбасе:

«Калі вы хочаце, каб гэтыя 400 кілямэтраў межаў паміж Данбасам і Расеяй, паміж Украінай і Расеяй на гэтым этапе закрыць і навесьці парадак, — калі ласка, мы гэта зробім. Калі вы гэтага хочаце. Самі мы туды не палезем — чаго мы палезем у чужую хату, калі мы там нежаданыя госьці? Але лічыць нас людзьмі староньнімі нельга».

Лукашэнка таксама згадаў, што беларусы — удзельнікі канфлікту на Данбасе вяртаюцца ў Беларусь, дзе іх «кантралююць».

«Хтосьці ваюе на баку Ўкраіны, хтосьці на баку апалчэнцаў. А куды яны вяртаюцца? Яны вяртаюцца ў Беларусь. Так, мы іх кантралюем. Але гэта каштуе грошай. Нам гэта трэба? Нам гэта ня трэба», — заявіў ён.

«Пераможцаў у гэтай бойні ня будзе. Гляджу часам расейскае тэлебачаньне — ну такі патрыятызм, такія патрыёты. А сам думаю: а вашы дзеці там ваююць? Тыя, хто крычаць перад тэлекамэрамі?», — кажа Лукашэнка.

«Сёньня Данбас не патрэбен Расеі. Ён зьнішчаны цалкам», — падкрэсьліў ён.

Міратворчая місія магчымая?

Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін кажа карэспандэнту Свабоды, што заява Лукашэнкі пра міратворчую місію — гэта, хутчэй за ўсё, піяр-ход:

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

«У прынцыпе, адпаведныя падразьдзяленьні ў нас ёсьць, яны праходзяць навучаньне і паводле праграмаў NATO, і праграмаў АДКБ. Міратворчая рота навучаецца паводле праграмы „Партнэрства дзеля міру“, удзельнічаюць інструктары з краінаў NATO. І ёсьць дзьве брыгады: адна — Сілаў спэцыяльных апэрацыяў, другая — гэта спэцназ МУС. Яны могуць выконваць апэрацыю разьяднаньня сілаў, што вядуць вайну, і паліцэйскую апэрацыю.

Што тычыцца юрыдычнага боку, то для таго, каб беларускія міратворцы зьявіліся на гэтай мяжы, неабходная згода абодвух бакоў, Украіны і Расеі, мусіць быць нейкая нэўтральная паласа. Думаю, такога ня будзе, гэта піяр-ход, хутчэй за ўсё.

Але матэрыяльна-тэхнічныя магчымасьці, фармаваньні, тэхніка ёсьць. Пытаньне толькі ў тым, ці захочуць Расея і Ўкраіна дапусьціць туды беларускіх міратворцаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG