Сярод украінцаў ёсьць асьцярогі, што Эўразьвяз будзе рабіць саступкі Расеі і ўрэшце проста здасьць Украіну Крамлю.
Пра гэта заявіў Радыё Свабода ўкраінскі палітоляг Уладзімер Фясенка ў кулюарах міжнароднага форуму «Менскі дыялёг», камэнтуючы эўрапейскую палітыку ў рэгіёне.
«У нас пэрыядычна некаторыя палітыкі, грамадзкія дзеячы і журналісты выказваюць такое меркаваньне, што магчымы „новы Мюнхэн“, нас могуць здаць, намі могуць ахвяраваць. Але я лічу, што гэта перабольшаныя асьцярогі.
Тое, што адклалі на год поўнае ўступленьне ў сілу пагадненьня пра зону свабоднага гандлю, было збольшага ў інтарэсах Украіны. Бо мы мелі прэфэрэнцыі: мы маглі выходзіць на эўрапейскі рынак бяспошлінна, а ўласныя пошліны мы для эўрапейцаў захавалі.
Але Расея спадзяецца, што ёй удасца блякаваць працэс далучэньня Ўкраіны да зоны свабоднага гандлю і далей. Таму ўжо большасьць украінскіх палітыкаў і экспэртаў настойваюць, каб гэты пераходны пэрыяд у канцы 2015 году і скончыўся, каб не расьцягваць выкананьне гэтых пагадненьняў.
Таму некаторыя падазрэньні ёсьць, але прынцыповых саступак з боку Эўразьвязу няма. Саступкі носяць, хутчэй, тактычны характар, і яны зьвязаныя зь сёньняшнім крызісам.
Частка эўрапейскіх палітыкаў перакананыя, што яны, спрабуючы весьці дыялёг з Расеяй, засьцерагаюць і Эўропу, і Ўкраіну ад яшчэ большай канфрантацыі. То бок гэта не стратэгія, а менавіта тактыка. Калі гэтая тактыка ня будзе працаваць, яе зьменяць на іншую».
Фясенка пракамэнтаваў Свабодзе выказваньні некаторых экспэртаў падчас «Менскага форуму» наконт таго, што Эўразьвяз нясе сваю долю адказнасьці за ўкраінскі крызіс, бо Брусэль у свой час не далучыў Расею да эўрапейска-ўкраінскіх перамоваў аб асацыяцыі. У выніку Расея жорстка націснула на Януковіча, прымусіла яго ў апошні момант адмовіцца ад пагадненьня аб асацыяцыі, і гэта стала спускавым кручком для ўзьнікненьня крызісу.
«Магчыма, тактычная памылка тут была. Магчыма, калі б узьнік трохбаковы дыялёг наконт пагадненьня, удалося б пазьбегнуць прамой канфрантацыі. Але гэта — каб жа ж ды калі б... Таму што, калі б Расея зыходзіла з устаноўкі выкарыстаць гэтыя перамовы, каб не дапусьціць падпісаньня гэтага пагадненьня, не дапусьціць асацыяцыі і зоны свабоднага гандлю паміж Украінай і ЭЗ, то яна б гэтую лінію і праводзіла, і быў бы той самы вынік: узьнікла б незадаволенасьць унутры Ўкраіны. Тут пытаньне не ў перамовах як інструмэнце, а ў добрай палітычнай волі: ці хоча Расея кампрамісу, ці яна хоча забаронаў для некаторых постсавецкіх краін рухацца ў бок Эўразьвязу? Пазьбегнуць крызісу магчыма было б толькі тады, калі б Расея была гатовая да кампрамісу», — лічыць палітоляг.
На думку Фясенкі, насамрэч Расея ад самага пачатку не была гатовая да гэтага, таму і сэнсу ў дыялёгу не было. Паводле ягоных слоў, прадметам трохбаковага дыялёгу могуць быць пытаньні тэхнічнага характару, напрыклад, тарыфнай палітыкі ЭЗ, Украіны і Расеі. Але блякавацца рашэньні па геапалітычным выбары краіны ў такім дыялёгу ня могуць.
Аднак адказнасьць Эўразьвязу за ўкраінскі крызіс усё ж такі ёсьць:
Калі зьявіўся крызіс, узьнік Майдан, заходнія лідэры адрэагавалі са спазьненьнем.
«Але яна палягае ў іншым. Калі зьявіўся крызіс, узьнік Майдан, заходнія лідэры адрэагавалі са спазьненьнем. Калі б пасярэднікі ад ЭЗ і ЗША прыехалі ў Кіеў не ў сярэдзіне сьнежня, а ў першыя дні крызісу, калі б яны пераканалі Януковіча знайсьці кампраміснае рашэньне, то не было б той крыві, якая была потым. Вось тут ёсьць іх адказнасьць».
Фясенка таксама пракамэнтаваў заяву, якую падчас форуму «Менскі дыялог» зрабіў першы намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандар Міхневіч. Той заявіў, што аднабаковы геапалітычны выбар — гэта няправільны і контрапрадуктыўны падыход.
Потым расейскія экспэрты, якія ўдзельнічаюць у форуме, узьнялі нават пытаньне, ці маюць краіны, якія адносна нядаўна сталі незалежнымі, права на ўласны геапалітычны выбар.
На думку Фясенкі, падобнай пастаноўкі пытаньня наагул ня можа існаваць, бо любая краіна, любы народ мае права на выбар, «і гэты выбар па сутнасьці сваёй індывідуальны, ён ня можа абмяжоўвацца іншымі краінамі».
«Гэта дыскусія шмат у чым адлюстроўвае старыя традыцыі і старыя падыходы: вось ёсьць дарослыя дзядзькі, а ёсьць падлеткі, якія яшчэ не гатовыя. Але ступень гатоўнасьці вызначаецца абставінамі. Раней ці пазьней гэты пункт пераходу ў дарослае становішча дасягаецца — гэта якраз цяжар выбару. Мы гэты выбар зрабілі, нясем вельмі драматычную адказнасьць за гэты выбар, гэты выбар даводзіцца адстойваць, у тым ліку і крывёю. Так, у нас былі ўнутраныя супярэчнасьці, але поўнага кансэнсусу і не магло быць. Але той выбар, які адбыўся і на Майдане, і на выбарах пасьля Майдана, пацьвердзіў адназначна курс на эўрапейскую інтэграцыю. Парадокс у тым, што Расея гэтаму сама спрыяла. Таму што і анэксія Крыму, і вайна ў Данбасе — усё гэта толькі павялічыла колькасьць прыхільнікаў эўрапейскай інтэграцыі. Гэты і вынік таго, што частка праціўнікаў інтэграцыі апынуліся дэ-факта па-за тэрыторыяй Украіны, і вынік самой сытуацыі вайны, супрацьстаяньня — яна ўзмацніла экзыстэнцыйнасьць гэтага выбару, яго эмацыйнасьць. Таму гэты выбар толькі ўмацаваўся. Трэба паважаць волю народа і эліт, якія волю народа адлюстроўваюць», — падкрэсьліў экспэрт.