Асёл Дызель уцёк з каліфарнійскай сямʼі Друры пяць гадоў таму. Цяпер у яго новае жыцьцё з аленямі. Прычым ён там выконвае ролю лідэра статку, які заўжды рухаецца сьледам за ім.
Гісторыю асла Дызеля расказала выданьне The Guardian.
Увесну ў англамоўным сэгмэнце сацсетак завірусілася відэа, на якім асёл у асяродзьдзі аленяў глядзіць у кадар, а потым яны сынхронна ўцякаюць. У раёне, дзе зьнята відэа, аслы ня водзяцца, зазначае CBSNews.
Друры апазналі ў героі сацсетак свайго ўлюбёнца Дызеля, які, спалохаўшыся, уцёк падчас сямейнага паходу ў 2019 годзе. Сямʼя шукала яго некалькі тыдняў: знаходзіла сьляды капытоў, таксама асёл трапляў на кадры фотапастак.
«Гэта было ўзрушаюча: проста „Божа мой“. Нарэшце мы яго ўбачылі. Нарэшце мы ведаем, што з ім усё ў парадку. Ён жыве сваё лепшае жыцьцё, шчасьлівы і здаровы», — сказалі Друры.
Яны падкрэсьлілі, што не зьбіраюцца лавіць і вяртаць Дызеля. «Цяпер ён робіць тое, для чаго быў народжаны», — адзначыла сямʼя.