Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-дырэктара «Барысаўдрэва» Ўладзімера Мальцава вызвалілі па амністыі


Уладзімер Мальцаў за кратамі
Уладзімер Мальцаў за кратамі

Экс-дырэктара «Барысаўдрэва» Ўладзімера Мальцава вызвалілі 2 ліпеня з магілёўскай калёніі № 15 па амністыі ў гонар 70-годзьдзя Перамогі.

Яго сустракалі жонка, брат і бацька, паведамляе партал tut.by.

1 ліпеня Алена Мальцава атрымала ліст ад мужа, напісаны 24 чэрвеня. Тады Ўладзімер яшчэ ня ведаў, калі да яго ўжывуць амністыю, але спадзяваўся неўзабаве вярнуцца дадому.

Алена кажа, што сёньня ўся сям’я Мальцава зьнясіленая. І мужу, і самой Алене патрэбная псыхалягічная і фізычная рэабілітацыя. У тым, што такое выпрабаваньне выпала менавіта на іхнюю сям’ю, нікога не вінаваціць. Тое, што адбылося, лічыць урокам жыцьця, пасьля якога трэба зрабіць высновы і памяняць прыярытэты:

«У мужа праца была на першым месцы, а я дазваляла менш увагі аддаваць сабе і дзецям. Цяпер разумею, што гэта было памылкай. Але, зь іншага боку, я добра памятаю пэрыяд, калі муж хадзіў на працу па выхадных, каб запусьціць новую кацельню. Яе выкарыстоўвалі ня толькі дзеля патрэбаў прадпрыемства, але і ацяплялі жылы раён і дзіцячы садок. Ці магла я папрасіць не хадзіць на працу па выходных, але ведаць, што дзеці ў садзе будуць мерзнуць? Думаю, не».

Алена сказала, што яе падтрымалі багата незнаёмых людзей і што мужу паступіла ўжо некалькі прапаноў наконт далейшай працы.

Алена Мальцава дзякуе журналістам, бо рэзананс і тое, што на прэс-канфэрэнцыі ў Аляксандра Лукашэнкі задалі пытаньне пра яе мужа, адыграла вялікую ролю.

Сёньня ў Барысаве Ўладзімера Мальцава чакаюць сваякі і сябры. Сусед паліць у лазьні, суседка робіць шашлыкі, старэйшая дачка накрывае на стол. Вяртаньне на свабоду адзначаць у сямейным коле, распавяла Алена Мальцава.

Крымінальная справа супраць Уладзімера Мальцава была распачатая ў сакавіку 2014 году. Яго абвінавацілі ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі падчас выкананьня дзяржпраграмы па мадэрнізацыі прадпрыемства «Барысаўдрэў». На погляд сьледзтва, гэта прывяло да цяжкіх наступстваў — шкоды ў асабліва буйным памеры і зрыву тэрмінаў рэалізацыі дзяржпраграмы.

17 красавіка Вярхоўны суд зьмяніў Мальцаву прысуд, скараціўшы тэрмін і зьняўшы абвінавачаньне ў шкодзе. Яго прызналі вінаватым ва злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі. Прысудзілі 2 гады і 6 месяцаў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі агульнага рэжыму з пазбаўленьнем права займаць кіраўнічыя пасады тэрмінам на тры гады.

Арышт з маёмасьці Мальцава, які быў накладзены падчас папярэдняга сьледзтва, зьнялі. Таксама суд адмяніў рашэньне аб спагнаньні на карысьць «Барысаўдрэва» 1,906 мільярда рублёў — у гэтую суму першапачаткова ацанілі шкоду дзяржаве, прычыненую былым топ-мэнэджарам.

На падставе закону аб амністыі тэрмін асноўнага пакараньня скарацілі на 1 год. Калі Вярхоўны суд зьмяніў прысуд, Мальцаў ужо адбыў 1 год і 1 месяц, яму заставалася 5 месяцаў зьняволеньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG