Штаб кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Ўлаховіча — на Мар’інскай вуліцы (каля вядомай менчукам «Лазьні» побач з кінатэатрам «Мір»). А 8-й вечара карэспандэнта Свабоды абяцалі пусьціць у будынак пад нумарам 5А, правесьці да спадара Ўлаховіча, які ў гэты час будзе са сваімі паплечнікамі каля тэлевізара чакаць вынікаў выбараў. «Нават за стол пасадзім», — жартаваў дзень таму кіраўнік штабу Міхаіл Образаў.
Пляны паламала тэлебачаньне. «Мікалая Ўлаховіча паклікалі на ОНТ, і ён праз 15 хвілін выяжджае, таму ніякіх пасядзелак за сталом ня будзе, а будзе толькі кароткае інтэрвію», — супрацоўнік штабу Ўладзімер Грамыка хуценька праводзіць на 3 паверх, дзе ў вузкаватым кабінэце пад дзяржаўным і казацкім сьцягамі сядзіць Мікалай Улаховіч. На сьцяне, дзе звычайна ў чыноўнікаў вісіць партрэт Лукашэнкі, — выбарчы партрэт самога гаспадара кабінэту. Ён прысьпешвае з пытаньнямі, паглядаючы на дарагі наручны гадзіньнік.
— Вось заканчваюцца выбары. Ці ёсьць пытаньне, якое вам так і не задалі як кандыдату, а так бы хацелася адказаць?
— Пра той палітычны твар. Сам яшчэ ня ўбачыў свайго палітычнага твару — ён толькі пачынае фармавацца. Некаторыя кажуць, прыкладам, што я «трэцяя сіла», але ніхто ня можа вызначыць, наколькі я ў згодзе зь дзейнай уладай. Ня могуць зразумець. А я ім па-руску кажу і магу сказаць па-беларуску: у дзейнага прэзыдэнта няма спадкаемцы. Як у Пуціна ёсьць партыя «Адзіная Расея», адкуль прыходзіць спадкаемца, гэтак і ў нас павінна быць. Але якая гэта будзе партыя — хай Лукашэнка сам выбірае.
— Вы прапаноўваеце сваю партыю, Патрыятычную? Але ж ваша партыя сканала — па-беларуску кажучы. Яе ж няма?
— Ну чаму няма? Ёсьць папера, якую Мін’юст нам даслаў. Нядзейнай партыі Мін’юст паперы не пашле. Ёсьць пытаньні, якія мы мусім урэгуляваць, але партыя існуе, яна зарэгістраваная. А што яна ня вельмі актыўна вяла барацьбу за нейкія пытаньні, дык, магчыма, у гэтым не было патрэбы. Мы ж былі створаныя ў 1995 годзе пад дзейнага прэзыдэнта, а цяпер мы перагледзелі, вырашылі, што, відаць, трэба праграму зьмяніць. Напрамак узяць пад лідэра, бо пытаньне стаіць гэтак, што прэзыдэнт ніколі не заяўляў, што ён хоча быць лідэрам нашай партыі. Мы самі ў пэўны час прызначылі яго сваім лідэрам. Таму сёньня прыйшла такая сур’ёзная ацэнка нашай дзейнасьці, і мы вырашылі вярнуцца да партыйнага будаўніцтва. Мы пачнём разьвіваць партыю. Яна была 15 тысяч у 1995 годзе, цяпер у 10 разоў менш. Пачнецца партыйнае будаўніцтва, і мы будзем займацца ростам.
— Гэта будзе левая партыя, правая, цэнтар?
— Цэнтар, толькі цэнтар. Лібэральная — гэта лібэральная, апазыцыя — гэта заўсёды апазыцыя, а мы, як партыя дзейнага прэзыдэнта, будзем цэнтрысцкай. А Гайдукевіч будзе зьлева ці справа. Нам будзе няпроста, мы толькі-толькі распраўляем плечы. Нармальны пачатак нават для мяне. І як бы ні адбылося на выбарах, нават калі ў гэтай гонцы буду на апошнім радку, мяне гэта не турбуе. Я сваю перамогу ўжо ўбачыў, сваёй мэты дасягнуў. Маючы тое, што было за плячыма ў маіх канкурэнтаў — з аднаго боку апазыцыя, якая адзінага кандыдата шукала. Ці тое, што спадар Гайдукевіч кажа, што ў яго 50 тысяч сяброў партыі. Але нават калі іх і няма, але з такім багажом працы, столькі разоў хадзіў ва ўладу — канечне, у яго структура была мацнейшая за маю. Тое самае і ў Караткевіч — з усіх бакоў. А мы ішлі «самасьційна», сваімі сіламі.
— Так, калі вы разьлічвалі далей заняцца палітыкай, дык такі старт — гэта нядрэнна. Але ці вы для сябе вызначылі, навошта Лукашэнку абапірацца на вашу ці іншую партыю? 20 гадоў ён выдатна сябе адчуваў і без партыйнай падтрымкі.
— Далей так ня пойдзе. Такое патрабаваньне часу. Калі быў эканамічны рост, усіх задавальняў добры цар. Але ўбачыце: пройдзе нейкі час, і эканамічныя цяжкасьці закрануць усіх. Яны ўжо закранулі, і яшчэ гэта будзе. А як толькі гэта пачынаецца, дык пачынаюцца палітычныя зрухі — улева, управа. Я б хацеў, каб у нас не было зрухаў, а была нармальная краіна, мір і спакой на нашай тэрыторыі. Для гэтага і патрэбная Беларуская патрыятычная партыя, якая перагледзіць свой статут, асобныя яго часткі. Шмат якія камуністычныя прынцыпы, якія былі ў нашым статуце, сыдуць.
— Крызіс, пра які вы кажаце, што ён скончыцца праз два гады, вас асабіста закрануў? На сваёй кішэні вы яго адчуваеце?
— Чаму не? Хіба я не чалавек? Заробак? Не, ён ня зьменшыўся, але і ня стаў большым. У нас жа казалі, што кожны раз будуць павялічваць заробак, але, на жаль, крызіс не дазваляе нам гэта рабіць. Таму я не хачу, каб было горш. Ня трэба рэформаў, перамен, якія бударажаць людзей. Прапануюць, людзі вераць, і чарговым разам — нічога. Перакананы, што нехта спакусіцца на гаворку пра перамены, рэформы... Якія рэформы? Хто іх будзе рабіць? Дзе тыя настаўнікі і тыя вучні, якія могуць зрабіць у нас рэформы? Шокавай тэрапіі нам ня трэба, дый навошта — у нас сярэдняя па памеры краіна, можам абысьціся бяз гэтага. Вунь ёсьць сур’ёзны партнэр, які можа нам дапамагчы. Гэта Расея. І мы спакойна пераадолеем гэты крызіс, калі разумна будзем сябе паводзіць. Калі ж пачнём тузацца, паказваць, што вось мы такія, што ўсё можам самі, тады ня будзе добра. Трэба быць рэалістамі.
— Ці атрымліваеце вы пэнсію? І якога яна памеру?
— Нармальная. Вайсковая. Вядома, большая за звычайную. А як? Я ж яе заслужыў — мне за яе ня сорамна. Бо 12 пераездаў ад Благавешчанску да Скрунды. Паезьдзіў па ўсім былым СССР, і паўсюль вагончыкі, будоўля, бруд — цяжкая праца.
— Скажыце, а як вас прыбіла да казакоў, адкуль гэта ў вас?
— Мяне не прыбіла. У мяне палова сваякоў жыве ў Санкт-Пецярбургу, якія маюць непасрэднае дачыненьне да казакоў. Там быў цар, быў канвойны казацкі полк. Там былі і церскія, і кубанскія казакі. Яны жылі там увесь час.
— Гэта было нейкае элітнае казацтва?
— Зразумела. І мае адтуль. Там у блякаду мой сваяк, доктар навук, загінуў.
Нармальныя лічбы, нармальныя!Улаховіч пра вынікі выбараў паводле экзыт-пулаў
— А ад рэпрэсіяў вашы сваякі-казакі хіба не пацярпелі?
— Мой бацька ад рэпрэсіяў пацярпеў. Ён быў у Бухэнвальдзе, дык яму толькі недзе ў 61 годзе вярнулі ўзнагароды, а дагэтуль быў як рэпрэсаваны.
— Гэта з-за вайны. А ў сталінскія часы ніхто са сваякоў-казакоў не пацярпеў?
— Ня ведаю. Слаба ведаю свой радавод. Вось толькі калі пачалося гэта, бо раней не распавядалі сваякі, тэма была закрытая, дык стала нешта вядома пра казакоў.
— Казакі ў вас у родзе па лініі бацькі ці маці?
— Па бацькавай. А маці ў мяне зь Беларусі, яна Красоўская па прозьвішчы. Дарэчы, гэта шляхецкі род. Але і бацька з кавалерыстаў-дваранаў. Мяне клікалі ў клюб дваранаў, але для мяне гэта ня важна. Настолькі гісторыя ўсё гэта перацерла. Хто да мяне прыходзіць і трасе гэтымі знакамі, што ён радавы казак — для мяне ўсе роўныя. Інакш ня выжыць. Усё — я паехаў.
Ужо на выхадзе з офісу Мікалаю Ўлаховічу калегі-журналісткі з «Камсамолкі» зачыталі з інтэрнэту першыя дадзеныя экзыт-полаў пра вынікі выбараў. «У вас 3 зь нейкімі капейкамі працэнтаў». На гэта спадар Улаховіч заблішчэў усьмешкай і расправіў плечы: «Нармальныя лічбы, нармальныя! Хочацца вось гэту дзяўчыну расцалаваць!»
Але праз хвіліну Мікалай Улаховіч пасур’ёзьнеў і дадаў, што ён такі самы грамадзянін, як і журналісты: «Зьявіўся новы твар. Я буду працягваць палітычную працу, але вылучацца зноў у прэзыдэнты ўжо ня буду».
На панядзелак штаб Мікалая Ўлаховіча запрасіў журналістаў на прэс-канфэрэнцыю — там жа, каля «Лазьні».