Лазар Гінзбург быў родам зь Віцебску. Але сапраўднае прозьвішча аўтара папулярнага дзіцячага твору нідзе не пазначана. На шыльдзе, прымацаванай з тылу скульптурнай выявы, названы толькі псэўданім пісьменьніка:
«Старик Хоттабыч — герой повести-сказки Лазаря Лагина, родившегося в Витебске».
Скульптуру паставілі каля тэатру «Лялька», на вуліцы Пушкіна. Аўтар выявы чараўніка Хатабыча — скульптар Сяргей Сотнікаў. Адкрылі новы арт-абʼект 23 чэрвеня — якраз у дні, калі Віцебск адзначае сваё 1043-годзьдзе.
Прапанова ўшанаваць памяць земляка Лазара Гінзбурга ўпершыню прагучала яшчэ ў 1990-я. Тагачасная загадчыца літаратурнага музэю Сьвятлана Казлова прапанавала паставіць помнік на месцы дому на Падзьвінскай вуліцы, дзе нарадзіўся Лазар Гінзбург. Прынялі рашэньне ўсталяваць такі помнік у 2008 годзе, да ўгодкаў выданьня казкі. Але грошай тады не знайшлося, а неўзабаве літаратурны музэй, дзе захоўвалася перапіска Лазара Гінзбурга са сваякамі, быў закрыты.
На пачатку XX стагодзьдзя сямʼя Гінзбургаў жыла на вуліцы, якая цяпер носіць імя Талстога. Гэта на другім беразе Віцьбы, за сьпінай у Хатабыча.
У 1908 годзе, калі Лазару было 5 гадоў, Гінзбургі пераехалі ў Менск. А ў 1938-м выйшла кніга «Стары Хатабыч» Лазара Лагіна — гэта псэўданім, які атрымаўся ў выніку зьліцьця першых частак імя ды прозьвішча: ЛАзар ГІНзбург. Казка стала папулярнай, а імя аўтара — вядомым. Ніводзін іншы твор не прынёс пісьменьніку большай вядомасьці, хоць Лазар Лагін напісаў потым яшчэ каля дзясятка фантастычных аповесьцяў, раманаў ды казак. Дачка Лагіна, якая доўгі час перапісвалася зь віцебскім літаратурным музэем, тлумачыла гэта дзьвюма акалічнасьцямі: асабістай сьціпласьцю пісьменьніка ды ягоным габрэйскім паходжаньнем, якое за савецкім часам было перашкодай на шляху да літаратурных вяршыняў.
Лёс іншых літаратурных твораў Лагіна быў часам драматычны. Да прыкладу, у 1950-я гады за раман «Выспа расчараваньня» Лагіна абвясьцілі ляўрэатам Сталінскай прэміі, але праз колькі часу рашэньне адмянілі, прызнаўшы твор «неадпаведным». А ў 1971 годзе забаранілі нават здымаць мультфільмы па сцэнарах Лагіна, бо іх палічылі ідэйна шкоднымі ва ўмовах будаваньня сацыялізму.Лёс нібыта выпрабоўваў гэтага чалавека: то ён быў адданы камсамольскі лідэр ды працаваў на адказнай пасадзе ў газэце «Правда», то быў абвешчаны «ворагам народу». Ці ня штодня да яго прыходзілі з ордэрам на арышт, і ўратавала пісьменьніка хіба тое, што яго накіравалі тады ў далёкую творчую камандзіроўку на выспу Шпіцбэрген. Там і нарадзіўся сюжэт кнігі пра старога Хатабыча, якая стала сапраўдным дзіцячым бэстсэлерам.