Слонімскія апазыцыянэры патрабуюць ад дырэктара камвольна-прадзільнага камбіната не звальняць рабочага, актывіста незалежнага прафсаюзу РЭП Міхаіла Сошку. Але там адказваюць, што ведаюць, што робяць.
У лісьце актывісты згадваюць, што Сошка адпрацаваў на прадпрыемстве 30 год, ён вопытны і сумленны работнік, спэцыяліст 6 разраду. А звольніць яго вырашылі за тры гады да пэнсіі, прычым, паводле актывістаў, за ягоную актыўную грамадзянскую пазыцыю.
Сошка, паводле актывістаў, як прафсаюзны дзеяч неаднойчы заступаўся за правы іншых рабочых на прадпрыемстве. Як сябра прафсаюзу РЭП разам зь іншымі актывістамі зь Беларусі наведваў Швэцыю на запрашэньне калегаў з прафсаюзу IF Metall. Па вяртаньні ў Слонім хацеў падзяліцца вопытам з рабочымі камвольнай фабрыкі, за што атрымаў спагнаньне.
Адзін з падпісантаў ліста, сябра БХД Іван Бедка перакананы, што чалавеку ў цяперашняй эканамічнай сытуацыі страціць працу — значыць паставіць у вельмі складанае становішча блізкіх, сям’ю. Маўляў, мы пра гэта і напісалі дырэктару фабрыкі. І цытуе радкі зь ліста:
— Вельмі шкада, што Вы асабіста прымаеце ўдзел у цкаваньні годнага чалавека, звальняючы яго за тры гады да выхаду на пэнсію. Гэта недальнабачная пазыцыя, таму што сёньня звальняеце Вы, а заўтра такім жа чынам звольняць Вас, а магчыма, яшчэ і зробяць карупцыянерам. Сваім рашэньнем пра звальненьне Міхаіла Сошкі Вы не дасягняце мэтаў запалохаць грамадзкіх актывістаў, Вы толькі папоўніце шэрагі беспрацоўных і пакінеце Міхаіла Сошку і яго сям’ю бяз сродкаў да існаваньня.
Слонімец Іван Шэга таксама перакананы, што звальняюць прыстойнага чалавека і толькі за тое, што асьмеліўся мець свой погляд на рэчы:
— Мы ўсе тут добра ведаем Міхаіла Сошку, горад у нас невялікі. Ведаем, што ён прыстойны чалавек, адмысловец у сваёй прафэсіі, мае шосты разрад. І думае заўсёды ня толькі пра сябе, неаднойчы заступаўся за іншых рабочых, калі іх скарачалі з фабрыкі. Нашы актывісты нават без усякіх пярэчаньняў склалі ліст да цяперашняга кіраўніка прадпрыемства. Толькі ці хопіць у іх розуму не рабіць гэтага...
Што да самога Міхаіла Сошкі, то ён мае намер судзіцца з кіраўніцтвам фабрыкі, бо, паводле яго, у калектыўнай дамове запісана, што з рабочым, якому застаецца да пэнсіі тры і меней гадоў, кантракт працягваецца аўтаматычна.
— Мне зразумела, што гэты загад прыйшоў зьверху, і таму я папросту ня маю ніякага выйсьця, як толькі судзіцца, бо да пэнсіі працы ў Слоніме не змагу знайсьці. Ня толькі я перакананы ў гэтым, але і ўсе мае сябры добра ведаюць, што гэта ідзе ад нашай мясцовай «вэртыкалі». Так што ня буду здавацца, пайду ў суд.
Па тлумачэньні Свабода зьвярнулася да кіраўніка Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыкі Анатоля Суботкі. Той заўважыў, што ня мае намеру даваць нейкія камэнтары, але тым ня менш сваю пазыцыю патлумачыў:
— Мы не парушаем калектыўнай дамовы, паколькі ў нас за два гады да пэнсіі кантракт працягваецца аўтаматычна. Па-другое, калектыўная дамова распаўсюджваецца на сябраў нашага прафсаюзу, а Сошка выйшаў са складу нашага прафсаюзу. Болей я ня буду даваць вам ніякіх камэнтароў, бо лічу, што тое, што дзеецца ўнутры нашага прадпрыемства — гэта наша ўнутраная справа. А калі чалавек зь нечым нязгодны, то для гэтага ёсьць суд.
—Ці ваша гэта ініцыятыва не працягваць кантракт з Сошкам?
— Ну, калі дзяржава даверыла мне кіраваць прадпрыемствам, то, адпаведна, калі я прымаю нейкае рашэньне, то і бяру адказнасьць на сябе.
Ліст да кіраўніка камвольна-прадзільнай фабрыкі Анатоля Суботкі падпісалі слонімцы: Севасцьян Павал (Партыя БНФ), Іван Шэга (ІКУ «Шэгамедкансульт»), Іван Бедка (Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя), Сяргей Бузун (партыя «Справядлівы сьвет»), Алесь Масюк (ПАГА «Рух «За Свабоду»), Віктар Марчык (Беларускі незалежны прафсаюз).