Сёньня ў Беларусь прыяжджае дэлегацыя Міжнароднай арганізацыі працы на чале з дарадцам генэральнага дырэктара МАП Кары Тапіёлам. Візыт працягнецца да 26 лютага.
Асноўная мэта візыту — правесьці ў Менску 25 лютага сэмінар «Працоўныя спрэчкі і практыка іх вырашэньня» з удзелам экспэрта камітэту МАП па свабодзе асацыяцыяў Аксаны Вульфсон. На сэмінар запрошаныя прадстаўнікі двух прафцэнтраў — праўладнай Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) і альтэрнатыўнага Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), а таксама шэрагу зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў.
У Беларусі працаўнікі маюць мала магчымасьцяў уступаць у спрэчкі з кіраўніцтвам, асабліва гэта тычыцца такой формы пратэсту, як страйк. Менавіта таму мы і абралі гэтую тэму.
«Гэта ўжо трэці сэмінар з удзелам прадстаўнікоў Міжнароднай арганізацыі працы. Першыя два сэмінары былі прысьвечаныя калектыўным перамовам і калектыўным дамовам, а таксама прадухіленьню дыскрымінацыі прафсаюзаў. Цяперашні сэмінар прысьвечаны складанай тэме — працоўным спрэчкам. Тут праблем больш чым дастаткова — у Беларусі працаўнікі маюць мала магчымасьцяў уступаць у спрэчкі з кіраўніцтвам, асабліва гэта тычыцца такой формы пратэсту, як страйк. Менавіта таму мы і абралі гэтую тэму», — сказаў Свабодзе старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук.
Аляксандр Ярашук кажа, што на сэмінары чакаецца ўдзел прадстаўнічай групы ўрадоўцаў і чыноўнікаў з профільных міністэрстваў — працы і сацыяльнай абароны, а таксама юстыцыі. Але прадстаўнікі Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў не чакаюць значных прарываў падчас сэмінару:
І першы, і другі сэмінар павінны былі хоць нейкім чынам стымуляваць беларускія ўлады выконваць рэкамэндацыі МАП.
«І першы, і другі сэмінар павінны былі хоць нейкім чынам стымуляваць беларускія ўлады выконваць рэкамэндацыі МАП. Але размова ішла пра тактыку, а не пра стратэгію. Абмяркоўваліся малыя крокі — што можна зрабіць у гэтай складанай сытуацыі, калі беларускія ўлады абсалютна не зацікаўленыя ва ўзнаўленьні правоў прафсаюзаў. Хоць менавіта з-за гэтага Беларусь моцна пацярпела — за парушэньне правоў працоўных і прафсаюзаў была пазбаўленая гандлёвых прэфэрэнцыяў. Але цяпер менавіта гэтыя акалічнасьці і прымушаюць улады браць удзел у сэмінарах. Беларускае кіраўніцтва бачыць настойлівасьць і прынцыповасьць Міжнароднай арганізацыі працы, якая нязьменна патрабуе, каб Беларусь выканала заяўленыя рэкамэндацыі. На жаль, з боку беларускіх уладаў стаіць мэта не рэальна вяртаць правы працоўным, а адбудоўваць пэўныя дэкарацыі. Але няхай гэта шмат у чым дэкаратыўны дыялёг — усё ж гэта дыялёг, і для нас мае сэнс у ім удзельнічаць».
Лідэр незалежнага прафсаюзу кажа, што, натхніўшыся адменай санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў і прадпрыемстваў, беларускія ўлады гатовыя ісьці далей — напрыклад, вярнуць гандлёвыя прэфэрэнцыі, якія былі адабраныя ў Беларусі ў 2007 годзе з-за парушэньняў правоў працоўных і прафсаюзаў:
Мы супраць таго, каб віртуальныя крокі, накшталт цяперашняга сэмінару, падаваліся як выкананьне рэкамэндацыяў МАП.
«Тыя незаробленыя бонусы, якія раптам абрынуліся на беларускія ўлады, відаць, натхняюць іх на наступныя крокі. У тым ліку і на тыя, якія тычацца прарываў у адносінах з МАП і вяртаньня гандлёвых прэфэрэнцыяў для Беларусі. Мы гэта выдатна ведаем і ведаем, чым займаецца беларуская дыпляматычная місія пры ААН у Жэнэве. Яна акурат і лабіруе вяртаньне гандлёвых прэфэрэнцыяў для Беларусі. Мы ня супраць гэтага. Але мы супраць таго, каб віртуальныя крокі, накшталт цяперашняга сэмінару, падаваліся як выкананьне рэкамэндацыяў МАП. Але Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў імкнецца рабіць усё, каб гэтага не было. Плюс да гэтага апошнім часам і самі ўлады вельмі пастараліся, каб яшчэ больш пагоршыць стан і працоўных, і прафсаюзаў. Таму вяртаньне гандлёвых прэфэрэнцыяў вельмі малаверагоднае».
Аляксандар Ярашук ацэньвае сытуацыю з правамі працоўных як катастрафічную. І кажа, што Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў робіць усё магчымае, каб давесьці сваю пазыцыю міжнародных арганізацыям, у тым ліку МАП:
У Беларусі цяпер стан як ні ў якай іншай эўрапейскай краіне. Сытуацыя крытычная, а можа нават і катастрафічная.
«Ацэнка можа быць толькі выключна жорсткая. У нас абсалютнае бяспраўе працоўных і прафсаюзаў. Краіна ў крызісе, ідуць масавыя скарачэньні, прадпрыемствы працуюць няпоўны працоўны тыдзень. У такіх умовах уводзіць дэкрэт пра дармаедзтва — поўнае глупства і пазбаўленае лёгікі рашэньне. Гэта бяда людзей, што яны страцілі працу, а тут яшчэ за гэта трэба падатак плаціць. Тое самае тычыцца дэкрэту № 5 „Аб узмацненьні патрабаваньняў да кіроўных кадраў і працаўнікоў арганізацыяў“, а таксама сыстэмы кароткатэрміновых кантрактаў. Таму я лічу, што рашэньні МАП будуць сьведчыць не пра прагрэс, а пра ўскладненьне сытуацыі. Увогуле ў Беларусі цяпер стан як ні ў якай іншай эўрапейскай краіне. Сытуацыя крытычная, а можа нават і катастрафічная».