Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лідзкім раёне ўлады распачалі праект, альтэрнатыўны курсам «Мова Нанова»


Мерапрыемства новага культурна-асьветніцкага праекту ў Лідзкім гісторыка-мастацкім музэі
Мерапрыемства новага культурна-асьветніцкага праекту ў Лідзкім гісторыка-мастацкім музэі

«Беларусь — наша мова і песьня» — так называецца новы культурна-асьветніцкі праект, які пачаў дзейнічаць у Лідзкім раёне. Ладзіць яго ідэалягічны аддзел Лідзкага райвыканкаму. Праект мае на мэце пашырэньне ўжываньня беларускай мовы і адраджэньне беларускай культуры ў Лідзкім раёне.

Галоўны спэцыяліст аддзелу ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі Лідзкага райвыканкаму Марыя Дукі не хавае, што да распрацоўкі новага праекту іх падштурхнулі сябры ТБМ, якія плянавалі арганізаваць у Лідзе курсы «Мова Нанова».

Праўда, Дукі адразу падкрэсьлівае, што іхні культурна-асьветніцкі праект па форме значна адрозьніваецца ад курсаў «Мова Нанова»: у ім бяруць удзел усе ўстановы культуры раёну, ён уключае ў сябе сем вялікіх праграмаў, і кожная складаецца з шэрагу самых розных мерапрыемстваў.

— Да прыкладу, адна з такіх праграмаў, музэйна-адукацыйная «Ў школу да Цёткі», ужо пачала дзейнічаць у літаратурным філіяле гісторыка-мастацкага музэю і была прысьвечана тэме беларускамоўнага навучаньня. Інтэрактыўна-асьветніцкая бібліятэчная праграма «Зь беларускай кнігай у будучыню», тры праграмы клюбных устаноў, якія ўключаюць у сябе адраджэньне традыцыйнай культуры, абрадаў, рамёстваў і г.д. Цяпер мне нават цяжка сказаць, колькі ўсяго мерапрыемстваў адбудзецца на працягу 2017 году, паколькі кожны кірунак налічвае іх мноства.

Асобна спадарыня Дукі падкрэсьлівае, што галоўная ўмова правядзеньня мерапрыемстваў — беларуская мова. Паводле яе, усе мерапрыемствы плянуецца праводзіць толькі на беларускай мове. Яна кажа, што Лідзкі эстрадны аркестар адмыслова рыхтуе праграму толькі з твораў беларускіх аўтараў.

Да ўсяго, яна раіць наведаць кулінарныя імпрэзы,якія будуць праходзіць пад дэвізам «Спазнай смак сваёй кухні». Кажа, што ўжо набыла папулярнасьць праграма «Танцуем па-даўнейшаму», прыжыўся ў раёне конкурс па ручной касьбе і іншыя фальклёрныя сьвяты.

— Прычым хацела б падкрэсьліць, што мерапрыемствы нашага культурна-асветніцкага праекту разьлічаныя практычна на ўсіх жыхароў раёну, пачынаючы ад дзетак, якія наведваюць садкі, і сканчаючы пэнсіянэрамі. У нас вялікі рэсурс, і мы будзем імкнуцца выкарыстоўваць яго напоўніцу.

У мяне былі першымі вучні шостых клясаў, і многія зь іх ня ведалі, хто такая Цётка, хто такі Максім Багдановіч

Першае мерапрыемства новага культурна-асьветніцкага праекту ўжо адбылося ў межах музэйна-адукацыйнай праграмы ў Лідзкім гісторыка-мастацкім музэі. Яго вядучы і аўтар — супрацоўнік музэю і сябра ТБМ Алесь Хітрун — расказаў Свабодзе, што мерапрыемства называлася «Ў школу да Цёткі». Ён праводзіў яго ў форме віктарыны пра гісторыю беларускага школьніцтва.

— Мне здаецца, што такія мерапрыемствы вельмі патрэбныя. У мяне былі першымі вучні шостых клясаў, і многія зь іх ня ведалі, хто такая Цётка, хто такі Максім Багдановіч. Веды наагул кволыя ў нашых вучняў. Даводзілася больш распавядаць, чым слухаць. Але адчуваецца, што дзецям нешта адкладваецца. І на мове неяк сарамліва гавораць, але калі чуюць яе ўвесь час, то нармальна ўспрымаюць і імкнуцца гаварыць. Наша праграма налічвае 14 тэмаў, і, вядома, каб сыстэмна гэта дзеці ўспрымалі, то шмат чаго маглі б даведацца. І важна, што на ўсіх занятках галоўны акцэнт робіцца на беларускую мову. Гэта, лічу, галоўнае.

Алесь Хітрун кажа, што іхні культурна-асьветніцкі праект розьніцца ад курсаў «Мова Нанова»: ён ахоплівае і большую колькасьць людзей, і тэматычна нашмат шырэйшы. Але, паводле яго, некаторыя формы правядзеньня мерапрыемстваў яны таксама запазычылі ў тых, хто праводзіць курсы «Мова Нанова».

Старшыня Лідзкага ТБМ Станіслаў Суднік зьвяртае ўвагу, што падобны культурна-асьветніцкі праект па пашырэньні беларушчыны — адзіны ў Гарадзенскай вобласьці. Паводле яго, праект вельмі блізка нагадвае інтэрактыўныя адукацыйныя курсы «Мова Нанова», толькі з той розьніцай, што курсы праводзяць грамадзкія структуры, а праектам займаюцца дзяржаўныя.

Станіслаў Суднік, архіўнае фота
Станіслаў Суднік, архіўнае фота

— Я ўжо на першых занятках заўважыў, што на мерапрыемствы ў Лідзе трапляюць ня толькі вучні, якіх прывялі са школы, але прыходзяць і тыя, хто жадае. Пакуль лідзкі праект яшчэ мала разрэклямаваны, але думаю, што ён будзе набіраць папулярнасьць, бо, на мой погляд, мерапрыемствы праводзяцца цікава. Да ўсяго, праект «Беларусь — наша мова і песьня» вельмі насычаны тэматычна.

Глеб Лабадзенка, арганізатар курсаў «Мова Нанова», камэнтуючы Свабодзе зьяўленьне новага Лідзкага культурна-асьветніцкага праекту, заўважыў, што вельмі рады ініцыятыве лідзкіх уладаў. Паводле яго, курсы «Мова Нанова» — не адзіны шлях да беларушчыны.

Глеб Лабадзенка
Глеб Лабадзенка

— Галоўнае, каб гэта было шчыра, цікава і прафэсійна. Мы ўжо сустракаліся, калі нам казалі, што вашы курсы непатрэбныя, зробім самі, а на справе адбыліся дзьве сустрэчы, і на гэтым усё заглухла. Нашы курсы — усё ж гэта вельмі высокая плянка, і ў кожным горадзе іх праводзяць, як правіла, лепшыя людзі гэтага гораду. Я за канкурэнцыю і за тое, каб курсы множыліся і каб сапраўды была альтэрнатыва нашым курсам. І таму мы заўсёды ў Менску на сваіх занятках рэклямуем усе курсы беларускай мовы, якія праводзяцца ў Менску. Мы не павінны разыходзіцца па вуглах, як баксёры, і казаць, што ў нас тут адны курсы, а ў вас іншыя. Галоўнае, каб на курсах было цікава людзям і каб яны ўцягвалі людзей у космас беларушчыны.

Летась напрыканцы году арганізатары курсаў «Мова Нанова» зьвярнуліся ў аддзел ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі Лідзкага райвыканкаму з просьбай выдзеліць ім памяшканьне, але атрымалі адказ, у якім гаварылася, што правядзеньне курсаў там лічаць немэтазгодным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG