Станіслаў Суднік узначальвае ў Лідзе гарадзкую арганізацыю ТБМ, выдае газэту «Наша Слова», часопіс «Лідзкі летапісец» і літаратурны альманах «Ад лідзкіх муроў». У сакавіку выйшаў новы нумар альманаху «Ад лідзкіх муроў», у ім 440 старонак. Гэта — наша сёньняшняя літаратура, кажа Суднік.
Ён зазначае, што рэдакцыя налічыла «пяцьсот лідзкіх літаратараў за пяцьсот год»:
Суднік: «Пачынаючы ад Міхала Карыцкага, які пісаў на латыні, ад Адэлі з Устроні. Ад тых, хто напісаў адзін верш у „Лідскую газету“, да сёньняшніх даволі вядомых у нашай краіне».
Карэспандэнт: «Адкуль такая вялікая лічба літаратараў, якіх вы лічыце сваімі?»
Суднік: «У нас у літаратурным жыцьці культывуецца такая ідэя „вялікай Ліды“. Мы ўлічваем усіх, хто тут жыў, тварыў ва ўсе часы. Хто нарадзіўся ў Лідзе, хто жыве тут, хто лічыць сябе лідчуком. Мы стараемся нікога не адкінуць, нікога не забыць. Сёньня ў Менску жывуць пісьменьнікі-землякі Віктар Праўдзін, Хрысьціна Лялько, Ірына Багдановіч. А што да ранейшых, то можна ўспомніць, напрыклад, Ежы Путраманта, які скончыў у нас гімназію, пазьней узначаліў Саюз пісьменьнікаў ПНР. Ёсьць самадзейныя паэты. Напрыклад, нядаўна знайшлі ў польскай кніжцы ўспамін пра Белавокага, знайшлі ягоную радню. Ва ўспамінах Ларысы Канчэўскай знайшлі рускамоўнага аўтара, які служыў у горадзе пасьля вайны, быў вайсковец. Мы ўлічваем два нумары літаратурнага альманаха альбо часопіса „Лірнік вясковы“, які выйшаў пры Польшчы. Бяром творчасьць Веры Навіцкай, якая пісала да рэвалюцыі дзіцячыя кніжкі на расейскай мове. Яе тэтралёгія пра гімназістаў — мабыць, адзіны такі твор у нас. Яна фактычна кіравала лідзкай гімназіяй».
Карэспандэнт: «У Лідзе і раёне аддаецца вялікая ўвага агульнанацыянальнай дыктоўцы. Сёлета яе пісалі пяць з паловай тысяч чалавек у дзевятнаццаці паселішчах раёну на 45 пляцоўках. Як удалося наладзіць такі шырокі ўдзел у дыктоўцы?»
Летась у райвыканкаме даведаліся, што дыктоўка прайшла слаба, людзей было мала. І ўлады вырашылі ўзяць яе ў свае рукі.
Суднік: «Летась у райвыканкаме даведаліся, што дыктоўка прайшла слаба, людзей было мала. І ўлады вырашылі ўзяць яе ў свае рукі.
Некалі яна праходзіла толькі ў Лідзе і ў Бярозаўцы, але мы імкнуліся пашырыць геаграфію. Сёлета гэта ўдалося зрабіць. З райвыканкаму накіравалі ліст ва ўстановы адукацыі і культуры наконт агульнанацыянальнай дыктоўкі. Прымалі ўдзел бібліятэчная сыстэма і аддзел адукацыі. У дзевяці бібліятэках пісалі і ва ўсіх 33 школах гораду і раёну. У многіх школах удзельнічалі вучні ад другой да адзінаццатай клясы. А таксама дзевяноста навучэнцаў у Лідзкім каледжы. Прычым было дамоўлена, што, напрыклад, бібліятэкі ня проста даюць памяшканьне, а самі арганізоўваюць дыктоўку. І была яшчэ адна пляцоўка: аграсядзіба».
Карэспандэнт: «А хто пісаў дыктоўку ў аграсядзібе і дзе яна месьціцца?»
Суднік: «Гэта аграсядзіба Пяскі — пры дарозе ў бок Дзятлава, пісалі каля дзесяці чалавек. Яны сябры вясковай суполкі ТБМ, што непадалёк у Ёдках. (Гэтая суполка — адна зь дзьвюх, зарэгістраваных у вёсках. Другая — у Бердаўцы.) У некаторых вёсках дыктоўку пісалі сельсавецкія работнікі.
Дыктоўка ў нас у розных месцах адбывалася цягам двух тыдняў. Паралельна былі іншыя мерапрыемствы на карысьць беларускай мовы — выставы, літаратурныя сустрэчы. Каля дзьвюх тысяч школьнікаў прынялі ўдзел у інтэлектуальнай гульні „Бусьлік“, у якой правяраюцца веды па беларускай мове».