3 чэрвеня ў Кіеве сябры і прыхільнікі руху салідарнасьці «Разам» пікетавалі амбасаду Рэспублікі Беларусь. Яны патрабавалі спыніць перасьлед аднаго зь лідэраў сваёй арганізацыі — Вячаслава Сіўчыка.
Пікетоўцы адзначалі ў сваіх прамовах, што Вячаслаў Сіўчык удзельнічаў у «памаранчавай рэвалюцыі» і Рэвалюцыі годнасьці ў Кіеве, падтрымліваў украінскіх ваяроў на Данбасе. І менавіта з-за ягонай прынцыповай пазыцыі беларускія ўлады перасьледуюць Сіўчыка.
Учора Цэнтральны суд Менску пакараў Вячаслава Сіўчыка штрафам 10,5 мільёна рублёў за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве — устаноўчым сходзе Беларускага нацыянальнага кангрэсу, які прайшоў у Менску 15 траўня.
Паводле Сіўчыка, пасьля ягонага вяртаньня ў Беларусь яго судзілі ўжо больш як 20 разоў.