2 чэрвеня ў Цэнтральным судзе Менску разглядалася адміністрацыйная справа, заведзеная супраць Вячаслава Сіўчыка.
Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве — устаноўчым сходзе Беларускага нацыянальнага кангрэсу, які прайшоў у Менску 15 траўня.
Позву ў суд Вячаславу Сіўчыку ўручылі ўчора раніцай праз адваката. Яна суправаджалася паперай аб прымусовым прыводзе актывіста. Вячаслаў Сіўчык зьдзіўлены рашэньнем судзьдзі наконт прымусовай яўкі і сёньня сам прыйшоў у суд. Судзьдзя пакараў яго штрафам у 50 базавых велічынь (10,5 мільёна рублёў).
Вячаслаў Сіўчык распавёў карэспандэнту Свабоды, што пасьля вяртаньня ў Беларусь яго судзілі ўжо больш за 20 разоў:
«Я практычна апошні месяц не выходжу з суду Цэнтральнага раёну, бо мяне там судзяць і судзяць.
Сёньня суд праходзіў спакойна, бо былі дыпляматы, журналісты, мяне прыйшлі падтрымаць мае калегі. На жаль, судзьдзя не задаволіў ніводнага майго хадайніцтва. Я лічу, што падставаў для пастановы аб маім прымусовым прыводзе не было. Таму я запатрабаваў адводу судзьдзі. Гэтае хадайніцтва не было задаволена. Тады мой адвакат папрасіў абʼяднаць усе справы, якія заведзеныя супраць мяне ў Цэнтральным судзе, бо мне ўручылі позву яшчэ і на 6 чэрвеня. Але і гэтае хадайніцтва было адхілена.
Судзьдзя сказаў, што ў гэты дзень няма слуханьняў справы Сіўчыка за падзеі 15 траўня. Я гэтым задаволены. Усё астатняе было зразумела, бо незалежнага суду ў Беларусі няма».
Таксама штрафам у 50 базавых велічынь пакараны Ўладзь Яроменак за ўдзел ва ўстаноўчым сходзе Беларускага нацыянальнага кангрэсу.
У судзе Цэнтральнага раёну Менску сёньня разглядалася і адміністрацыйная справа Мікалая Аўтуховіча, але слуханьні перанесьлі на 7 чэрвеня.
Старшыня незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч пакараны штрафам 6,3 мільёна рублёў (30 базавых велічынь) за ўдзел у кангрэсе. Ён сказаў карэспандэнту Свабоды:
«Мяне больш турбуе ня так сам той суд ці судзьдзя, як ілжывыя паказаньні міліцыянтаў. Мы і ў судзе задалі пытаньне: як нам рэалізаваць гарантаваныя канстытуцыяй правы? Судзьдзя маўчыць. Проста расьпісалі ўсім штрафы, дый усё. Відаць, ёсьць загад зьверху».
Сёньня павінны судзіць і Мікалая Статкевіча. Аднак палітык у суд не прыйшоў.