Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гомельскіх абменьніках перабоі з расейскімі рублямі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З прычыны ліхаманкі расейскага рубля, які то падае, то крыху ўмацоўваецца, ня надта ўтульна пачуваюць сябе й беларусы, што жывуць побач з Расеяй. Напярэдадні ў Гомелі пры канцы працоўнага дня ў прывакзальных абменьніках расейскія рублі наагул адсутнічалі. Многія гамельчукі набываюць валюту ўсходняй краіны-суседкі, каб ехаць у памежныя расейскія раёны на закупы.

Раніцай 17 сьнежня сытуацыя выправілася: прывакзальныя абменьнікі «Прамбудбанку», «ВТБ», «Франсбанку», падмацаваныя наяўнымі грашыма са сваіх офісаў, прадавалі расейскія рублі. Аднак большасьць тых, хто прыйшоў сёньня ў абменьнікі, набывалі больш устойлівую валюту, перадусім — даляры ЗША.

Мажная кабета адклікаецца гэтак: «Я — не за расейскімі».

Гараджанін ва ўзросьце кажа, што, усьлед за расейскім, абвал немінуча чакае і беларускі рубель:

«Расейскі рубель падае ў дачыненьні да даляра, эўра. І наш падае пастаянна. Але расейскі, бачыце, падае больш рэзка, чым наш, беларускі. Мне падаецца, што нам ад гэтага лягчэй ня будзе. Зь цягам часу ў нас тое ж самае атрымаецца — падзеньне нашага рубля. Эканоміка ў нас, можна сказаць, адна, агульная».

Пры Цэнтральным рынку ў абменьніку «Беларусбанку» патлумачылі, што маюць у наяўнасьці толькі 4,5 тысячы расейскіх рублёў. Іх ня так шмат мяняюць на беларускія, бо цяпер у гомельскіх банках за расейскі рубель даюць толькі 140-150 беларускіх.

Жанчына, якая набывала расейскія рублі, патлумачыла коратка:

«Мне трэба зьезьдзіць, дык я еду — і ўсё тут».

Гамяльчук, які назваўся Рыгорам, як бы падсумоўваючы сытуацыю з паездкамі гамельчукоў у Расею, дадае:

«Ломяцца — і дай ім Бог здароўя».

Скупляюць лядоўні, тэлевізары, прасы, кававаркі — усё, што ёсьць. І расейскае, і кітайскае

У чым рацыя? Расейскі рубель моцна дэвальваваўся, а цэны ў тамтэйшых крамах яшчэ не пасьпелі скарэктаваць. І калі памяняць якую сотню даляраў «на расею», то купіць у суседзяў можна нашмат больш, чымсьці ў Беларусі. Апрача таго, кошты на тавары ў Расеі наагул меншыя, чым на радзіме.

Што да харчоў, то тая ж беларуская згушчонка, бройлеры, каўбасы, цьвёрдыя сыры, пастаўленыя беларускімі вытворцамі, каштуюць у Расеі таксама менш, чым у Беларусі.

Гараджанін Уладзімер, які, як кіроўца, часьцяком бывае ў памежных расейскіх гарадках Злынка, Навазыбкаў, Клінцы, кажа, што гамельчукі купляюць там усё, што трапляе пад руку:

«Не праштурхнуцца. Усё, літаральна ўсё: пачынаючы ад прадуктаў і завяршаючы легкавікамі. Лядоўні, тэлевізары, прасы, кававаркі — усё, што ёсьць. І расейскае, і кітайскае. Цэны нашмат меншыя, чым у нас у Беларусі».

Не шанцуе, бадай, толькі індывідуальным прадпрымальнікам, якія езьдзяць у Расею на аптовыя рынкі.

Апавядае прадпрымальніца Алена, якая гандлюе на гомельскім рынку розным адзеньнем, прывезеным з Расеі:

«Прымяркоўваюць усё да даляра — і адпаведна цэны падвышаюць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG