Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы кінуліся ў Расею па танны бэнзін


Гамельчукі на расейскай запраўцы
Гамельчукі на расейскай запраўцы

Пасьля рэзкай дэвальвацыі расейскага рубля многія жыхары Гомельшчыны кінуліся ў суседнюю Расею па танныя бэнзін і дызэльнае паліва. На 20 літрах саляркі эканомія складае 90 тысяч беларускіх рублёў. А вось уладам такая прадпрымальнасьць насельніцтва не падабаецца.

Пры расейскім аўтамабільным пераходзе Чырвоны Камень на шашы Гомель-Бранск месьцяцца тры заправачныя станцыі. І ля кожнай зь іх — па паўдзясятка, а то й болей прыватных аўтамашын зь беларускімі нумарамі. Адны запраўляюцца, ад’яжджаюць, іншыя — займаюць іх месцы. Адчыняюць бакі і багажнікі, дзе напагатове стаяць каністры ды самаробныя мэталёвыя ёмістасьці з акуратна ўваранымі гарлавінамі з разьбою пад закрутку.

Асабліва шмат легкавікоў з Гомеля. Гутарым з гамельчуком сярэдніх гадоў, які назваўся Аляксандрам. Ён набывае расейскае дызэльнае паліва:

«Канечне, выгадна. Таньней! Атрымліваецца за каністру — 140 тысяч беларускіх. Дваццаць літраў — гэта на нашы грошы 140 тысяч. Дзевяноста тысяч з каністры выйграю. Гэта для сябе — не на продаж».

Суразмоўца кажа, што па салярку заехаў па дарозе, бо быў да гэтага ў Навазыбкаве — набываў харчы й прамысловыя тавары. Купляць іх таксама выгадна, паколькі расейскі рубель у адносінах да даляра моцна патаньнеў:

«У крамы зьезьдзілі і па дарозе заехалі саляркі ўзяць таньнейшай».

Легкавікі — гомельскія
Легкавікі — гомельскія

Яшчэ адзін гамяльчук распавёў, што прыехаў на расейскую запраўку ўпершыню. Купляе бэнзін. Падрахункаў пакуль не рабіў, але й бязь іх бачна, што ёсьць сэнс набываць паліва ў Расеі:

«Я прыехаў першы раз і пакуль не лічыў. Але ж выгадней, выгадней — з-за кошту і рознасьці курсу на расейскі рубель».

Колькі браць паліва, каб ня мець праблемаў зь беларускімі мытнікамі і міліцыяй, гамяльчук добра ня ведае: «Нібыта ж сто літраў дазваляецца».

Апасеньні пакупніка расейскага паліва маюць грунт. На трасе Гомель — Бранск, каля вёскі Селішча, нядаўна зьявіўся мабільны мытны пост, які правярае транспарт. Апрача таго, днямі Гомельская абласная ўправа міліцыі паведаміла пра канфіскацыю паліва ў аўтааматараў у памежным Веткаўскім раёне — яны таксама набывалі яго ў Расеі. Праўда, гаворка ішла пра так званыя «лішкі» паліва — гэта калі звыш сотні літраў.

Цэны на расейскім памежжы
Цэны на расейскім памежжы

Што ж за абмежаваньні пры нібыта адзінай мытнай прасторы з Расеяй?

У Гомельскай мытні сьцьвярджаюць, што перамяшчэньнем паліва з Расеі прыватнікамі яны, па-сутнасьці, не займаюцца — правяраюць толькі вялікагрузны транспарт:

«Пытаньне кантролю паліва, скажам так, у меншай ступені ў нашай кампэтэнцыі. Ёсьць абмежаваньні на перамяшчэньне паліва, сьпіртовых напояў. Гэта ня тое, што перамяшчэньне з Расейскай Фэдэрацыі. А тут проста перамяшчэньне таго ж паліва па тэрыторыі краіны ў мэтах бясьпекі. Пэўна ж, уяўляе пагрозу, калі вы перавозіце ў неабсталяваным транспартным сродку больш як сто літраў гаручай вадкасьці».

Абмежаваньне на перавоз паліва прадугледжанае беларускім Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Калі яго больш за сто літраў, апроч заводзкага паліўнага бака, то можна атрымаць штраф да 15 мільёнаў рублёў — з канфіскацыяй тых самых «лішкаў» паліва.

А што і бэнзін, і салярку вазіць беларусам з Расеі стала выгадна — бачна нават па коштах на газпрамаўскай аўтазапраўцы блізу беларускага Добрушу.​

Добрускія цэны
Добрускія цэны

Калі на мяжы літар бэнзіну АI-92 каштуе 32 расейскія рублі, то ўжо праз паўсотні кілямэтраў, на добрускай аўтазапраўцы — 46 расейскіх рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG