2014 год заканчваецца на трывожнай ноце. Водгульле ўкраінскіх падзеяў усё больш выразна чуваць у Беларусі. Беларуская эканоміка, непадзельна зьвязаная з расейскай і цалкам залежная ад яе, усё больш пачынае адчуваць наступствы вострага эканамічнага і фінансавага крызісу, які ахоплівае Расею ў выніку крымскай авантуры і наступных падзеяў на паўднёвым усходзе Ўкраіны.
Пра гэта — значная частка свабодаўскай пошты апошніх дзён. Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш слухач Ігнат Гавенскі з Полацку піша:
Назіраючы за тым, што цяпер робіцца ў расейскай эканоміцы, я ўсё больш схіляюся да думкі, што наступнай вясной Расею чакае моцная „гайданка“.
«Назіраючы за тым, што цяпер робіцца ў расейскай эканоміцы, я ўсё больш схіляюся да думкі, што наступнай вясной Расею чакае моцная „гайданка“. Да таго часу асноўныя запасы ежы і валюты скончацца, і Крамлю застануцца толькі розныя экзатычныя варыянты забесьпячэньня свайго насельніцтва кармамі. Можа, зробяць стаўку на будаўніцтва цяпліцаў, альбо — на закуп харчоў у Афрыцы...
Што да Лукашэнкі, то сьцьвярджаць, нібы ён сёньня заціснуты ў абцугі, пакуль нельга. Але кола пакрысе звужаецца. Глядзеў нядаўна афіцыйны рэпартаж пра нейкую эканамічную нараду ў Лукашэнкі. Дык вось, нават па ім было бачна: адзінства ў лукашэнкавым атачэньні няма, затое набліжэньне вострага крызісу адчуваецца вельмі выразна. І кожная з групаў уплыву хоча захаваць свой ранейшы стан. Прамыслоўцы дамагаюцца дэвальвацыі рубля і далейшых дзяржаўных датацыяў. А фінансавыя бонзы, наадварот, імкнуцца не дапусьціць дэвальвацыі і скараціць фінансаваньне нерэнтабэльных галінаў прамысловасьці. Кожны цягне коўдру на сябе. І гэты эпізод — толькі пачатак. Далучэньне сілавікоў да пісклявага дуэту — толькі пытаньне часу...
Збылася даўняя падсьвядомая мара змагароў з рэжымам, якую яны не адважваліся абмяркоўваць нават у сваім асяродку — даць высьпятка несьвядомым, каб яны пачалі варушыцца. Праўда, высьпятак гэты спэцыфічны, не такі, пра які марылі змагары. Спачатку даволі адчувальнага высьпятка атрымае ў выніку сваёй эканамічнай палітыкі Лукашэнка, а ўжо потым сам у сваю чаргу пачне штурхаць простых беларусаў... Змагарам на гэты час ня лішне было б схавацца альбо эвакуявацца.
Галоўная наша надзея цяпер — Украіна. Атрымаецца ў іх — атрымаецца калі-небудзь і ў нас. Празь 10, 20 ці 50 гадоў гэта адбудзецца — ня так важна», —
Напісаў у сваім лісьце на Свабоду Ігнат Гавенскі з Полацку. За мінулыя больш як 20 год, што Лукашэнка знаходзіцца пры ўладзе, апакаліптычных сцэнароў ад рознага кшталту апазыцыйных і каляапазыцыйных прагназістаў было багата, спадар Ігнат. Асабліва часта гэта тэма гучала падчас вострых фінансавых крызісаў у Расеі — спачатку ў 1998-м годзе, потым — у 2008-м. І сапраўды, тое, што расейскі рубель абвальваецца і цягне за сабой эканоміку Расеі, непазьбежна адбіваецца на стане спраў у беларускай гаспадарцы. Няцяжка прадбачыць, што ўсьлед за гэтым аслабне і беларускі рубель, пагоршацца справы ў вонкавым гандлі, перастануць расьці рэальныя заробкі ў беларусаў. Але сьцьвярджаць, што ўсё гэта прывядзе да вострага палітычнага крызісу ў Беларусі, што на авансцэну выйдуць беларускія сілавікі — прынамсі легкадумна. У найноўшай беларускай гісторыі за апошнюю чвэрць стагодзьдзя такога не здаралася ні разу, хоць узрушэньні за гэты час бывалі куды больш сур’ёзныя, чым цяпер.
Наступны ліст даслаў нам Фёдар Яўланаў з Рэчыцы. Часта чуючы папрокі ад чыноўнікаў за тое, што насельніцтва нібыта аплачвае толькі мізэрную долю спажытай электраэнэргіі, слухач спрабуе самастойна разабрацца ў сытуацыі. І вось якімі назіраньнямі і высновамі дзеліцца ў сваім лісьце на Свабоду (цытую ліст):
Калі па вёсках зачынялі крамы, дык была такая абяцанка: не хвалюйцеся, паўсюль пусьцім аўталаўкі, забясьпечым усім неабходным.
«Калі па вёсках зачынялі крамы, дык была такая абяцанка: не хвалюйцеся, паўсюль пусьцім аўталаўкі, забясьпечым усім неабходным. Нібыта нават ішла гаворка пра перасоўныя піўбары са сьвятламузыкай....
Ага, як жа, забясьпечылі. Параўнаеш кошты ў гэтых аўталаўках і ў райцэнтры за 30 кілямэтраў, дык вочы на лоб лезуць. Высьвятляецца, што некаторыя тавары ў райцэнтры ў разы таньнейшыя. Узяць хоць бы тыя ж электралямпачкі, я асабіста ўпэўніўся: у вёсцы яны ўдвая даражэйшыя.
...Што яшчэ пасьмяшыла — дык гэта паведамленьне нашай „раёнкі“ пра тое, што за электраэнэргію, спажытую насельніцтвам, нібыта плацяць прадпрыемствы горада. І хто гэта прыдумаў? Ці даўно былі гэтыя разумнікі на нашых так званых прадпрыемствах?
Давайце заедзем у Рэчыцу з боку Сьветлагорска. Вось завод „Рытм“, якому 30 гадоў з хвосьцікам. Не працуе. Завод жалезабэтонных вырабаў — працуе ад выпадку да выпадку. Птушкафабрыка — зраўнялі зь зямлёй і закапалі акурат да Дажынак. ПМК-111 — не працуе. Кераміка-трубны, мэблевы, піўзавод.... Піўзавод, дарэчы, параўнальна новае прадпрыемства — і ўжо „ў яме“.
Гэта, спадар Валянцін — ня скарга, ня жальба. Проста — адказ на пытаньне, хто ў нас за каго плаціць.
...Гэта, спадар Валянцін — ня скарга, ня жальба. Проста — адказ на пытаньне, хто ў нас за каго плаціць. Некаторыя думаюць: навешалі людзям локшыны на вушы, а тыя і радуюцца. Але ня ўсе такія наіўныя ды легкаверныя», —
Напісаў у сваім лісьце на Свабоду Фёдар Яўланаў з Рэчыцы. Тарыфы на электраэнэргію ды камунальныя паслугі ў Беларусі растуць такімі тэмпамі, што ў іхняй эканамічнай абгрунтаванасьці апошнім часам пачалі сумнявацца нават самі ўлады. Што адметна: Беларусь атрымлівае з Расеі нафту і газ па вельмі нізкіх коштах. На сусьветным рынку ўжо каторы месяц працягваецца абвальнае падзеньне коштаў на энэрганосьбіты. І ў гэты самы час у Беларусі кожныя два месяцы даражэе электраэнэргія — са спасылкай на тое, што насельніцтва нібыта не даплачвае, што ўлады вымушаны падвышаць тарыфы з прычыны дарагоўлі энэрганосьбітаў і празьмернай нагрузкі на прамысловасьць, якая нібыта вымушана кампэнсаваць страты насельніцтву...
Хто за каго плаціць, і ці плаціць увогуле — стане зразумела толькі тады, калі будзе вызначаны рэальны кошт электраэнэргіі і камунальных паслугаў. Рэальны — гэта значыць, рынкавы, эканамічна абгрунтаваны — а ня той, што выгадны манапалістам, якія, не азіраючыся ні на каго і ні на што, адвольна падвышаюць кошты на свае паслугі.
Новы ліст ад нашага даўняга слухача, былога вайскоўца Міколы Канаховіча з Пружанаў. Спадар Мікола часта вяртаецца ў думках у пачатак 90-х гадоў — вырашальны час новай беларускай дзяржаўнасьці. Ён лічыць, што тады гісторыя для Беларусі магла скласьціся зусім іначай. Вось цытата зь ягонага ліста:
Калі б ня некалькі здраднікаў, якія адзін за другім займалі крэсла старшыні Вярхоўнага Савета, дык Беларусь пазьбегла б дыктатуры і далучылася разам з балтыйскімі краінамі да Эўразьвязу.
«Калі б ня некалькі здраднікаў, якія адзін за другім займалі крэсла старшыні Вярхоўнага Савета, дык Беларусь пазьбегла б дыктатуры і далучылася разам з балтыйскімі краінамі да Эўразьвязу. А гэта значыць, што і заробкі, і пэнсіі, і мэдычнае абслугоўваньне, і адукацыя ў нас цяпер былі б на эўрапейскім узроўні. А галоўнае, мяне ніхто не цягнуў бы ў пастарунак за маю беларускую мову і за бел-чырвона-белы сьцяг. Прасьцей кажучы, беларускі народ жыў бы ў вольнай і незалежнай Беларусі. А гэта і ёсьць галоўная каштоўнасьць для чалавека.
Замест гэтага Беларусь цяпер — стопрацэнтная расейская калёнія. І ў гэтым у першую чаргу вінаваты Шушкевіч, а таксама два іншыя здраднікі — Грыб і Шарэцкі. Першы зрабіў усё магчымае, каб не дапусьціць рэфэрэндуму аб датэрміновым роспуску пракамуністычнага Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня.
Другі (Грыб) не абараніў дэпутатаў апазыцыі, якіх гвалтам выкінулі з залі Вярхоўнага Савета, і дапусьціў ганебную зьмену нацыянальнай сымболікі.
А трэці (Шарэцкі) прадаўся маскоўскім крумкачам, якія прыехалі ў 1996 годзе ратаваць Лукашэнку ад імпічмэнту.
Усе яны прадалі беларускі народ і стварылі дыктатуру, якая іх жа пракаўтнула, а потым выплюнула, як ужываную жуйку. І вы, паважаная Свабода, павінны як мага часьцей называць беларускаму народу імёны здраднікаў, якія прадалі яго ў галечу і на згубу. Бо ў выніку цяпер мы — расейская калёнія з усёй каляніяльнай атрыбутыкай. А ў сучасным сьвеце калёніі не выжываюць — гэта ж ня тое, што было ў 20-м ці 19-м стагоддзях».
Паспрачаюся з Вамі, спадар Мікола. Добра памятаю той час: самому давялося быць сьведкам многіх падзеяў, якія адбываліся тады ў Вярхоўным Савеце, паколькі працаваў у тыя гады парлямэнцкім карэспандэнтам. Куды паверне толькі што пабудаваны карабель беларускай дзяржавы — залежала зусім не ад Шушкевіча. Ён якраз быў пасьлядоўным прыхільнікам незалежнасьці і дэмакратычнага шляху. Але да чаго тады імкнулася парлямэнцкая большасьць і большасьць уладнай намэнклятуры? А галоўнае, якімі былі чаканьні пераважнай большасьці самога беларускага грамадзтва? Не пра эўрапейскі выбар марыла тады ў сваёй масе беларускае насельніцтва, а пра расейскія рублі замест незразумелых і няўстойлівых беларускіх «зайцаў», пра поўныя паліцы ў крамах, пра аднаўленьне парадку — хаця б таго, які быў у СССР да Гарбачова....Таму і прагаласавала Беларусь у ліпені 1994-га не за Шушкевіча і не за Пазьняка — а за Лукашэнку. І перашкодзіць тады гэтаму народнаму жаданьню ня мог тады ніхто з тых, каго Вы, спадар Мікола, лічыце ці то здраднікамі, ці то апосталамі і прарокамі.
І на заканчэньне — кароткі віншавальны ліст-падзяка ад Яўгена Галякевіча з Пружанаў. Слухач піша:
Атрымаў ад вас кнігу „Лісты на Свабоду“ і каляндарыкі з раскладам перадач. За ўсё вельмі ўдзячны.
«Атрымаў ад вас кнігу „Лісты на Свабоду“ і каляндарыкі з раскладам перадач. За ўсё вельмі ўдзячны. Кнігу чытаю сам, а каляндарыкі з новымі частотамі раздаў блізкім і знаёмым.
Перадачы Свабоды мяне цалкам задавальняюць: падабаецца амаль усё, істотных заўвагаў няма. Буду рады, калі зможаце выслаць новыя кнігі зь Бібліятэкі Свабоды — „Сем худых гадоў“ і „Невясёлыя карцінкі“. Жадаю новых посьпехаў у 2015 годзе! Здароўя усім!» —
Напісаў у сваім лісьце на Свабоду Яўген Галякевіч з Пружанаў. Дзякуй за цёплыя словы, спадар Яўген. На жаль, з прычыны невялікіх накладаў, мы ня маем магчымасьці высылаць свае выданьні ўсім, хто дасылае заяўкі. Але кніжная сэрыя Свабоды працягваецца, і нашы найбольш актыўныя слухачы — аўтары цікавых лістоў — па-ранейшаму будуць атрымліваць ад нас новыя кнігі.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, Паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut. by