26 сакавіка гомельскага сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Кастуся Жукоўскага выклікалі ў Чыгуначны РАУС, дзе капітан міліцыі Віктар Сьцепаненка склаў адміністрацыйны пратакол паводле артыкула 22.9 КаАП («Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ»). Пратакол будзе накіраваны ў суд, паведамляе прэс-служба БАЖ.
Падставай паслужыў матэрыял на сайце тэлеканала «Белсат» пад назвай «За забітае дзіцё пакаралі пэдагогаў ды мэдыкаў».
Міліцыя папярэдне апытала настаўнікаў гомельскай сярэдняй школы № 12, якія трапілі ў відэасюжэт. Апрача таго, у матэрыялах адміністрацыйнай справы быў адказ зь Міністэрства замежных спраў Беларусі пра тое, што Жукоўскі не акрэдытаваны ў краіне як карэспандэнт замежнага СМІ.
«Я напісаў у пратаколе, што ня згодны зь ім. Пры гэтым патлумачыў капітану Сьцепаненку, што падобныя пратаколы — нішто іншае, як перасьлед грамадзянаў за тое, што яны карыстаюцца сваім канстытуцыйным правам на збор і распаўсюд інфармацыі. Апрача таго, такія пратаколы дыскрэдытуюць краіну ў вачах міжнароднай супольнасьці», — кажа Кастусь Жукоўскі.
З пачатку 2015 году паводле артыкула 22.9 КаАП суды чатыры разы штрафавалі незалежных журналістаў: двойчы — Аліну Літвінчук (Берасьце, 30 базавых і 40 базавых), па адным разе — Тамару Шчапёткіну (Бяроза, 40 базавых) і Ларысу Шчыракову (Гомель, 20 базавых).
У міліцыю выклікалі па падазрэньні ў парушэньні арт. 22.9 КаАП (пакуль без складаньня пратаколаў) Алеся Дзянісава, Алеся Кіркевіча, Андрэя Мялешку (Горадня), Іну Хоміч (Берасьце).