Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусь хацелі прыйсьці «Мэрсэдэс», «Філіпс», «Балтыка». Але не прыйшоў ніхто


15 мільярдаў даляраў інвэстыцый налічыла афіцыйная статыстыка за 2014 год. Але 10 мільярдаў зь іх — расейскія грошы на будаўніцтва Астравецкай атамнай электрастанцыі. «Усе фінансы трымаюцца за кошт таго, што Лукашэнка некуды паедзе, папросіць і яго пашкадуюць», — кажуць экспэрты. А хто ўкладае ў Беларусь? Расея.

Бізнэсоўцы не гатовыя ўкладаць у краіну, дзе гарантыі захаваньня капіталу трактуюцца надзвычай вольна, а сродкі ў любы момант могуць быць нацыяналізаваныя. Рэальнае пацьверджаньне непрывабнасьці беларускага напрамку — адсутнасьць інтарэсу з боку замежнікаў найперш да дзяржаўнага сэктару эканомікі. І, як вынік, хранічнае невыкананьне ўрадам плянаў на прыцягненьне інвэстыцыяў.

Укладаюць у атамную станцыю, гатэлі і бізнэс-цэнтры. Што з гэтага простым беларусам?

Разважаючы пра найбольш буйны інвестыцыны праект — будаўніцтва АЭС у Астраўцы, адзін з актывістаў антыядзернага руху Мікалай Уласевіч лічыць, што фінансавы крызіс, які перажывае Расея, не дазволіць асвоіць гэтыя сродкі:

Мікалай Уласевіч
Мікалай Уласевіч

«Відавочна, што з АЭС мы трапім у кабалу, у вечную залежнасьць ад Расеі. Але ў Маскве перасьледуюць ня толькі той інтарэс, каб яшчэ больш прывязаць да сябе Беларусь. Нават па цяперашніх часах у Расеі круцяцца вялікія грошы. „Росатом“ пасьля аварыі на „Фукусіме“ губляе заказы, яму трэба прасоўваць свае праекты хоць бы туды, дзе „ўсё схоплена“.

Адпаведна, Астравецкая АЭС мае вельмі высокі карупцыйны складнік. Ясна, што гэтыя прафэсійныя жулікі будуць укладаць, ім пляваць на тое, што Нарачанска-Вілейскі край — гэта рэкрэацыйная санаторна-курортная зона, ім пляваць увогуле на Беларусь. Але я зьвяртаю ўвагу: гэта зусім не лякальная праблема, гэта праблема нацыянальная, можа нават праблема глябальнага парадку. І тое, што мы цяпер гаворым пра гэта ў прыцэле крызісу, магчыма, дапаможа не дапусьціць ажыцьцяўленьня гэтага зла ў Беларусі».

Іншыя інвэстыцыйныя праекты таксама завязаныя на будаўніцтва. Найбуйнейшы зь іх — шматфункцыянальны комплекс «Маяк Менску» з аб’ёмам укладаньняў 2,5 мільярда даляраў. Замоўнікам выступае замежнае прадпрыемства «Дана Астра» з сэрбскай доляй уласнасьці. Пасьля скасаваньня кантракту з расейскай кампаніяй «Ітэра», якую абвінавацілі ў зрыве тэрмінаў забудовы тэрыторыі аэрапорту «Менск-1», сэрбам таксама даверылі рэалізацыю грамадзка-дзелавога цэнтру «Менск Сьвет» зь мінімальным аб’ёмам укладаньняў 3,5 мільярда даляраў.

Адзін з праектаў «Менск-сіці»
Адзін з праектаў «Менск-сіці»

Зрэшты, гэтыя сродкі будуць закладзеныя ў справаздачы за 2015 год, а летась у графе пасьпяховых праектаў у будаўніцтве фігуравалі гатэльныя комплексы «Пэкін» (амаль 100 мільёнаў даляраў кітайскіх інвэстыцыяў) і «Магніт Менску» (блізу 300 мільёнаў даляраў ад іранскай кампаніі Kayson Co.).

Да нас хацелі прыйсьці «Мэрсэдэс», «Філіпс», «Балтыка». Але не прыйшоў ніхто

Чаму інвэстары абмяжоўваюцца будаўнічай галіной? Дзе абяцаныя ўладамі прэтэндэнты на прамысловыя прадпрыемствы, якія маральна састарэлі і даўно патрабуюць карэннай перабудовы? Збольшага пасьпяхова дзейнічае сумесны са швайцарцамі вагонабудаўнічы завод «Штадлер Менск» (заплянаваны аб’ём укладаньняў — 100 мільёнаў даляраў), але іншыя заканчваліся галоўным чынам няўдачай.

Швайцарскія цягнікі цяпер робяць пад Менскам
Швайцарскія цягнікі цяпер робяць пад Менскам

Камэнтуе супрацькрызісны кансультант Мечыслаў Бурак:

«Да нас хацелі прыйсьці „Мэрсэдэс“, „Філіпс“, „Форд“, „Балтыка“. Гэта толькі знакавыя брэнды, а колькі яшчэ драбнейшых пасьпяховых кампаніяў — тысячы. У выніку не прыйшоў ніхто. Вядома, калі не лічыць сумнеўных ці тых, якія выдаюць сябе за міжнародныя карпарацыі, а насамрэч маюць расейскае паходжаньне.

Мечыслаў Бурак
Мечыслаў Бурак

Няма зацікаўленасьці: усё вакол дзяржаўнае, усё падкантрольнае. Усе фінансы трымаюцца за кошт таго, што Лукашэнка некуды паедзе, папросіць і яго пашкадуюць. Праядаюцца золатавалютныя рэзэрвы, вось і ўся песьня. Калі хтосьці дасьць пару мільярдаў — праўда, ня бачу, хто дасьць, бо Расея сама ў глыбокім крызісе, — будуць „інвэстыцыі“.

Але сытуацыя такая, што расейскі крызіс ударыць перадусім па Беларусі, якая ў цісках паміж Захадам і Расеяй. Мы і цяпер ходзім і трасёмся, але будзем выглядаць горш за ўсіх. Няма эканомікі ў Беларусі, ніхто нашы заводы ня купіць, мінулі тыя часы. Усе гэтыя МАЗы, трактарныя, „Гарызонты“ будуць толькі абцяжарваць, нікому яны не патрэбныя. Заўтра народ будзе на вуліцы, гэта нават не 2011 год, а 1991-шы. Трактарны, аўтамабільны будуць на вуліцы. Вось мой прагноз».

У Кітай цяпер хоць не суйся

На перакананьне экспэртаў, не дадаюць імпэту патэнцыйным інвэстарам шматлікія факты парушэньня недатыкальнасьці капіталу і ўласнасьці, чым беларускія ўлады ня раз вызначыліся. Спыненыя на паўдарозе праекты, увядзеньне дзяржавай «залатой акцыі», нарэшце, нацыяналізацыя бізнэсу — хто захоча рызыкаваць грашыма і рэпутацыяй? Колішні стратэгічны акцыянэр кандытарскіх фабрык «Камунарка» і «Спартак», амэрыканскі прадпрымальнік Марат Новікаў, «разжалаваны» і адлучаны ад справы пэрсанальна кіраўніком краіны, перакананы: ягоны прыклад стаў найбольш паказальным для ўсёй дзелавой супольнасьці:

Марат Новікаў
Марат Новікаў

«Што тычыцца кандытарскай галіны, то адбылася катастрофа, ні больш ні менш. Мы 5 гадоў абмяркоўвалі варыянты супрацоўніцтва з паўночным Кітаем, нарэшце выйшлі на падпісаньне кантракту. І калі здарылася тая дывэрсія, інакш ня скажаш, уяўляеце, які падрыў быў аўтарытэту, як мы страцілі свой твар? У Кітай цяпер хоць ня суйся.

Тамтэйшы дыстрыбутар — кітаянка, мільярдэрка — столькі гадоў з намі вазілася, усё баялася, але мы ўсё ж здолелі „прабіць“ яе праз амэрыканскага брокера. Толькі пасьля таго, як пераканалася ў нашай прыстойнасьці, аддала нам пад арэнду частку складу з умовай 6-месячнага запасу прадукцыі на выпадак форс-мажору (кантэйнэр ідзе ў Кітай да 2 месяцаў). Мы з дырэктарамі сядзелі і ламалі галовы, дзе нам узяць столькі прадукцыі, бо той колькасьці 100-грамовага шакаляду, што выпускалі „Камунарка“ і „Спартак“, на яе заяўку не хапала. Думалі пад гэтую справу „Ідэал“ падцягнуць, купляць новыя лініі. Ну, і што ў выніку? Узялі і ўсё паламалі. Колькі Беларусь страціла грошай, каб мы туды гналі столькі шакаляду? Хто-небудзь палічыў?».

У першай пяцёрцы краінаў, якія найбольш інвэстуюць у Беларусь, зь вялізным адрывам разьмясьцілася Расея — 41,6% ад усяго аб’ёму. Далей ідуць Вялікая Брытанія (18,6%), Нідэрлянды (13%), Кіпр (6,2%), Аўстрыя (3,5%).

Наяўнасьць у гэтым пераліку сьціплага Кіпра, які даўно мае рэпутацыю аднаго з афшорных цэнтраў, дае падставу казаць пра легалізацыю некалі выведзеных за мяжу беларускіх мільёнаў. Зрэшты, як мяркуе кіраўнік Клюбу фінансавых дырэктараў Андрэй Карпунін, у дадзеным выпадку кіпрскія інвэстыцыі, хутчэй, трэба ідэнтыфікаваць з расейскімі:

«Хачу падкрэсьліць, што буйны аб’ём інвэстыцыяў з Кіпру ў эканоміку Беларусі — гэта не абавязкова беларускія грошы, якія калісьці былі туды выведзеныя. Ні для кога не сакрэт, што Расея, маючы там вялізныя капіталы, якія вымяраюцца дзясяткамі мільярдаў даляраў (паводле адных ацэнак — 20 мільярдаў, паводле другіх — 27, а паводле трэціх — ажно 80 мільярдаў, хоць гэта як варажыць на гушчы ад кавы), і кіруючы з Масквы сваімі афшорамі, вядома, цалкам здольная перанакіроўваць гэтыя патокі і інвэставаць па ўсім сьвеце. Уключна, зразумела, і зь Беларусьсю.

Таму колькі ў той суме рэальна беларускіх грошай — сказаць досыць складана, такой статыстыкі няма. Але мяркую, што ня так ужо і шмат: у нас не было настолькі тлустых гадоў і тлустых заробкаў, каб беларусы маглі вывозіць капіталы мільярдамі даляраў».

Валавое паступленьне наўпроставых замежных інвэстыцыяў у 2014 годзе крыху перавысіла 10 мільярдаў даляраў, або 67% ад усіх замежных паступленьняў. У параўнаньні з 2013 годам іх аб’ём зьменшыўся амаль на 1 мільярд даляраў. Асноўнай формай прыцягненьня наўпроставых інвэстыцыяў былі даўгавыя інструмэнты — 82% ад агульнай колькасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG