Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускіх крамах паменее імпартных прадуктаў і тавараў


Агульны абарот зьнешняга гандлю Беларусі ў студзені 2015 году параўнальна з тым жа пэрыядам 2014 году зьменшыўся амаль на траціну.

Агульны абарот зьнешняга гандлю Беларусі ў студзені 2015 году параўнальна з тым жа пэрыядам 2014 году зьменшыўся амаль на траціну. Прычым скарачэньне закранула ўсе групы гандлёвых партнэраў Беларусі. Так, з краінамі СНД Беларусь у мінусе на 40,8%, з краінамі Эўразійскага эканамічнага саюзу — на 40,1%, з Расеяй — на 39,6%, з краінамі Эўразьвязу — на 24,8%. Усе гэтыя дадзеныя прыводзіць афіцыйны сайт Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі.

«Радыкальным» называе такое падзеньне ў размове са Свабодай кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук:

«Гэтыя лічбы адлюстроўваюць толькі пачатак таго, што будзе з нашай эканомікай сёлета. Улады фактычна не давалі ў студзені суб’ектам гаспадараньня набываць валюту і такім чынам прыдушылі імпарт. А зьнешнія абставіны прыдушылі экспарт».

Падзеньне гандлю з краінамі СНД амаль на 40% спадар Раманчук тлумачыць так:

«Гэта сьведчыць пра тое, што такая, нібыта добрая, мадэль інтэграцыі фактычна ня дзейнічае, калі Цэнтральны банк Расеі вядзе валютную вайну, калі ў Расеі крызіс, калі ідзе парад дэвальвацыяў. Расея ляціць уніз, а мы разам зь ёй будзем ляцець, толькі значна хутчэй».

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

Фактычна зь мінусам тых жа 40% пачала сёлета Беларусь гандаль з Расеяй і краінамі Эўразійскага эканамічнага саюзу, — адзначае Яраслаў Раманчук:

Я даваў прагноз на 2015 год — мінус 35%. А пачалі год яшчэ горш.

«Я даваў прагноз на 2015 год — мінус 35%. А пачалі год яшчэ горш. Вось так пачаўся такі „добры“ саюз, які ўвесь час абяцалі Пуцін, Лукашэнка і Назарбаеў.

І тут вельмі важна падкрэсьліць: такое падзеньне беларускага экспарту адбываецца ня толькі таму, што ў Расеі крызіс. Гэта і вынік курсавой палітыкі нашага Нацыянальнага банку. Калі Расея ваюе, то попыту на нашы інвэстыцыйныя тавары ў яе ня будзе. А гэта абавязкова адаб’ецца на нашай вытворчасьці. Найперш на дзяржаўнай вытворчасьці. Мы ж столькі гадоў атрымлівалі ад Масквы дапамогу ў мільярдах-мільярдах даляраў.

Мы паднялі нашу прамысловасьць з каленяў пры дапамозе Расеі. А сёньня Расея зноў паставіла нашу эканоміку на гэтыя калені.

Мы маем агульны крызіс беларускай мадэлі эканомікі. Яго спрабуюць адмаўляць нашы ўлады. Але лічбы даказваюць, што гэта так».

Раман Якаўлеўскі
Раман Якаўлеўскі

Спробы ўладаў прадаваць болей беларускіх тавараў за мяжу не прыносяць плёну. «Дайшло да таго, што гэты паказьнік стаў галоўным у ацэнцы працы ўсіх беларускіх установаў, якія працуюць за мяжой. Пра гэта штогод заяўляюць на спэцыяльных пасяджэньнях калегіі Міністэрства замежных спраў Беларусі», — канстатуе міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

Але дагэтуль жаданага прарыву няма. Можна меркаваць, што тут пытаньне ў якасьці беларускай прадукцыі і ў недастатковым маркетынгу.

«Але дагэтуль жаданага прарыву няма. Можна меркаваць, што тут пытаньне ў якасьці беларускай прадукцыі і ў недастатковым маркетынгу. Але гэта, хутчэй, такія зьнешнія прыкметы. Галоўнае — сыстэма беларускай эканомікі.

Дарэчы, з вуснаў Лукашэнкі, Кабякова, Макея гучаць заклікі асвойваць новыя рынкі. Але ж прабіцца на нейкія сэгмэнты ўсясьветнага рынку вельмі складана і цяжка.

Некаторыя аптымістычныя заявы ўладаў зьвязаныя, напрыклад, з надзеямі на адкрыцьцё амбасады Беларусі ў Аўстраліі. Для мяне гэта выглядае неяк незразумела. Мы ня можам толкам адладзіць дачыненьні з бліжэйшымі суседзямі, кшталту Літвы і Польшчы. Зьмяншаецца гандаль з Расеяй. Вось і застаюцца спадзяваньні на такія для нас экзатычныя краіны, як Аўстралія ці Новая Зэляндыя».

Леў Марголін
Леў Марголін

Агульнае падзеньне зьнешняга таваразвароту назіраецца адразу па дзьвюх пазыцыях: зьмяншаецца экспарт нашых тавараў у іншыя краіны і зьмяншаецца імпарт замежных тавараў у Беларусь, — адзначае эканаміст Леў Марголін:

«Звычайны чалавек, я думаю, ужо даволі хутка ўбачыць звужэньне асартымэнту імпартных тавараў у беларускіх крамах. Ён ня знойдзе прывычных для сябе прадуктаў харчаваньня і тавараў доўгатэрміновага карыстаньня».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG