Чамусьці, як толькі пачуў і прачытаў пра дэкрэт №3, успомніліся даўнейшыя словы Лукашэнкі, тры гады таму сказаныя ў штогадовым пасланьні да беларускага народа і парлямэнта: «Няма для чалавека нічога больш невыноснага за свабоду».
Невялікая цытатка з Дастаеўскага. Дакладней – зь Вялікага Інквізытара (раман «Браты Карамазавы»). Гэтак літаратурны герой пераконвае Ісуса Хрыста ў сваёй праваце, у тым, што народу значна больш прыемна быць накормленым рабом, чымся галодным і свабодным чалавекам.
Дэкрэт – па сутнасьці, лягічны працяг тых жа разважаньняў Вялікага Інквізытара: каб узьвесьці больш-менш гарманічнае царства ісьціны, трэба цалкам падпарадкаваць кожнага асобнага індывіда агульнаму для ўсіх жорсткаму заканадаўству. Калі сыстэма працуе і не дае збояў, то чаму б не рэглямэнтаваць чалавечую свабоду, да якое «народзец» відавочна не дарос?
Тое, што напісана ў дакумэнце, – зьлепак з аксіялягічнай сыстэмы сучаснага беларускага бюракрата. Ты ня маеш права на існаваньне, калі не прылеплены да дзяржаўнай машыны: афіцыйнай дамовы, членства ў творчым саюзе, стварэньня інтэлектуальных каштоўнасьцяў у памеры ня менш як 70 базавых велічыняў на год. Алесь Разанаў некалі пісаў у зномах пра мастака-авангардыста, які, стоячы на мосьце, выціскае ў рэчку алейныя фарбы. Малюнак, створаны каляровымі пратубэранцамі, існуе толькі ў хвіліну ўзьнікненьня і доўжыцца ў часе, пакуль мастак ня спыніцца. Ці каштуе гэты малюнак 70 базавых велічынь? Паводле п. 5.9 дэкрэту №3, ад падатку вызваляецца творчы працаўнік, «статус якога пацьвярджаецца прафэсіянальным сэртыфікатам, выдадзеным у адпаведнасьці з заканадаўствам». Ці атрымаў бы сэртыфікат той дзядзька з разанаўскага знома? Так і бачыш карцінку: мастак з фарбамі на сярэдзіне моста, а вакол яго – члены дзяржаўнай камісіі па выдачы сэртыфікатаў творчага працаўніка. Сочаць за каляровымі пісягамі на вадзе.
Зрэшты, тут яшчэ могуць быць варыянты. А каб прыйшло мастаку ў галаву намаляваць беларускую рэчаіснасьць у халодных тонах альбо, у дадаісцкім кшталце, пераасэнсаваць парадны фотапартрэт ППРБ аўтарства Юрыя Іванова? Усё, не відаць прафэсіянальнага сэртыфікату як сваіх вушэй.
«Міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч лічыць, што арышт Віктара Пракапені не нанясе ўдару па іміджы Беларусі». «Калі мы сілавым мэтадам прымусім вывучаць нейкія прадметы на пэўнай мове, гэта будзе няправільным падыходам, бо ў Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы», гаворыць пра выкладаньне гісторыі Беларусі на беларускай мове намесьнік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка». «Публікаваць дэклярацыі аб прыбытках чыноўнікаў – не зусім этычна», лічыць генпракурор Беларусі Аляксандар Канюк.
Загалоўкі і ліды навінаў даводзяць: сыстэма нязрушная, іншай няма і ня будзе, Вялікі Інквізытар – сьвежы, поўны сіл і па-ранейшаму непагрэшны. Падпарадкуйся. Завалі сваё хлябала. Плаці, калі хочаш жыць.
Інквізытар працягвае гаварыць, сьцьвярджаць, даводзіць сваё. Ён бясконца паўтараецца, разьюшваецца, крычыць.
Вялікі Дармаед не адказвае нічога, сыходзіць моўчкі, пакідаючы Інквізытара сам-насам з поўнай цемрай, маўчаньнем. З самім сабой.
«Там, дзе няма цемнаты, стрэнемся мы».