Сацыяльная сетка Twitter наважылася на экспэрымэнт: стандартная даўжыня паста (140 знакаў), якой сацсетка прытрымлівалася больш за 10 гадоў, для некаторых карыстальнікаў павялічаная да 280.
Экспэрымэнт тычыцца моваў, на якіх карыстальнікі часта ўпіраюцца ў ліміт. Twitter прыводзіць прыклад: сярэднестатыстычнае паведамленьне па-японску мае 15 знакаў (герогліфаў), і толькі 0,4% японскіх твітаў дасягаюць ліміту 140 знакаў, але сярэднестатыстычны твіт па-ангельску — гэта 34 знакі (літары), і цэлых 9% англамоўных пастоў маюць даўжыню ў 140 знакаў. Да «кароткіх» моваў залічваюць таксама кітайскую і японскую, да доўгіх жа, напрыклад, гішпанскую, партугальскую і францускую.
У сацсетцы ня згадваюць пра розную сярэднестатыстычную працягласьць словаў у мовах. Так, паводле некаторых падлікаў, «звычайнае» ангельскае ці ўкраінскае слова мае каля 8 знакаў, а нямецкія і мангольскія набліжаюцца да 12 знакаў, беларускае ж — каля 10,35 знака, што крыху даўжэй за расейскае (9,97 знака).
Мы спадзяёмся, меней твітаў будзе ўпірацца ў ліміт знакаў, што зробіць карыстаньне Twitter прасьцейшым для ўсіх
«Хоць мы ўпэўненыя ў нашых зьвестках і пазытыўным уплыве зьменаў, мы хочам выпрабаваць іх на малой групе людзей перад рашэньнем запусьціць на ўсіх, — пішуць у блогу Twitter. — Найважней тое, што гэта працуе на нашую супольнасьць — мы будзем зьбіраць зьвесткі і водгукі падчас экспэрымэнту. Мы спадзяёмся, меней твітаў будзе ўпірацца ў ліміт знакаў, што зробіць карыстаньне Twitter прасьцейшым для ўсіх».
Верагодна, рабіць Twitter прасьцейшым сапраўды трэба: за 2-і квартал бягучага году ў сацсетцы фактычна не зьявілася новых карыстальнікаў, тэмпамі росту ён значна адстае ад канкурэнтаў.
Год таму Twitter ужо зрабіў «палёгку» з колькасьцю знакаў: перастаў улічваць спасылкі, фота і відэа. Да таго карцінка «адымала» ад 140 знакаў твіта 24. На пачатку 2016 году нават хадзілі чуткі, што сацсетка дазволіць пісаць твіты ў 10 тысяч знакаў, але ў Twitter такія чуткі абвяргалі. У той жа час кітайскі клон Twitter, сацсетка Sina Weibo, павялічыў ліміт са 140 знакаў да 2000 — «лішнія» словы хаваліся пад надпісам кшталту «чытаць яшчэ».