Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Туск не прынясе кардынальна новага ў палітыку Эўразьвязу да Беларусі, — Андрэй Ягораў


Андрэй Ягораў
Андрэй Ягораў

Былы польскі прэм’ер Дональд Туск 1 сьнежня стаў новым прэзыдэнтам Эўрапейскай рады — галоўнага органа Эўразьвязу. Якія адметнасьці можа мець старшынства польскага палітыка на гэтай пасадзе, як яно можа паўплываць на агульнаэўрапейскую палітыку? У чым асаблівасьць стаўленьня Дональда Туска да Расеі і Беларусі? На гэтыя пытаньні адказвае дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

— Наколькі сымбалічным ёсьць выбар кіраўніком Эўрапейскай рады паляка? Што гэта азначае для рэгіёну Ўсходняй Эўропы? Ці можна прадказаць, чым будзе адметнае старшынства Туска?

— Па-першае, прызначэньне Туска паказвае павялічэньне ролі Польшчы ў міжнародных адносінах Эўразьвязу і ўнутры Эўразьвязу. Зь іншага боку, калі ня вельмі пажадана мець старшыню зь нейкіх вялікіх краінаў Зьвязу, то Польшча тут кампраміснае рашэньне, і прызначэньне Туска захоўвае балянс сілаў унутры Зьвязу.

Што гэта будзе значыць для нашага рэгіёну — пакуль сказаць складана. Бо палітыка ЭЗ — гэта даволі кансэрватыўная рэч, якая складаецца з узгадненьня інтарэсаў паміж усімі 28 краінамі, якія маюць дастаткова розныя інтарэсы да нашага рэгіёну. Таму вялікую ролю будзе граць тое, наколькі Туск здолее мадэраваць адносіны паміж рознымі краінамі і балянсаваць іхнія інтарэсы ў гэтым рэгіёне.

— Дональд Туск зьяўляецца даволі прынцыповым «атлянтыстам», то бок лічыць, што партнэрства з ЗША ідзе на карысьць аб’яднанай Эўропе. Другая акалічнасьць — ён, у адрозьненьне ад некаторых заходнеэўрапейскіх палітыкаў, добра разумее Расею.

— Так, я згодны з такой ацэнкай. Вядома, Туск як паляк значна лепш ведае сытуацыю ў Расеі і больш цьвяроза ацэньвае пагрозу зь яе боку. Гэта можа ўносіць карэктывы ў зьнешнепалітычны курс ЭЗ. Тое, што Туск прыхільнік больш шчыльных стасункаў Эўропы з ЗША, — таксама мае свой сэнс. Бо гэта можа паўплываць на паскарэньне перамоваў пра стварэньне адзінай зоны гандлю, якія цяпер ідуць паміж ЭЗ і ЗША. І гэта можа быць моцным прарывам на сусьветны эканамічны рынак.

— Вядома, як паляк Дональд Туск таксама мае большыя веды і разуменьне сытуацыі ў Беларусі. У 2012 годзе частку сваёй прамовы ён прамовіў на беларускай мове, сказаўшы: «Будзьце моцнымі. Трымайцеся. Жыве Беларусь!» Ці можна меркаваць, што ягоная асоба можа нейкім чынам паўплываць на актывізацыю беларускага пытаньня ў эўрапейскай палітыцы?

— Тут я значна больш скептычны. Бо, нягледзячы на рытарычную падтрымку Польшчай беларускай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, у прынцыпе палітыка Варшавы асабліва не адрозьнівалася ад таго, што рабілася іншымі краінамі. Польская палітыка складалася з такой своеасаблівай тэндэнцыі да экспарту мадэлі «Салідарнасьці», навучаньня ў гэтым ключы беларускіх арганізацыяў, што, я думаю, маральна састарэла. Таму я думаю, што Туск як паляк не прынясе нечага кардынальна новага ў палітыку Эўразьвязу да Беларусі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG