Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паляк на чале Эўрапейскай рады


Дональд Туск
Дональд Туск

Былы польскі прэм’ер Дональд Туск 1 сьнежня стаў новым прэзыдэнтам Эўрапейскай рады — галоўнага органа Эўразьвязу.

Туск зьяўляецца першым вядомым палітыкам з посткамуністычных краін Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, які стаў на чале кіроўнага органа ЭЗ, замяніўшы на пасадзе бэльгійца Германа ван Рампэя. Мандат Туска будзе доўжыцца два з паловай гады, і яму давядзецца працаваць поруч з новым прэзыдэнтам Эўракамісіі Жанам-Клодам Юнкерам. Туск вядомы палкай прыхільнасьцю да эўраінтэграцыі Ўкраіны, выказваўся за вызваленьне беларускіх палітвязьняў і дэмакратычныя пэрспэктывы Беларусі.

І хоць былога прэзыдэнта Эўрапейскай рады Германа ван Рампэя часам папракалі ў адсутнасьці харызмы, аднак у пачуцьці гумару яму не адмовіш. Перадаючы паўнамоцтвы Дональду Туску, Рампэй сказаў, што Туск пераехаў у Брусэль, пераадолеўшы палову Эўропы, а сам Рампэй — мясцовы бэльгіец і жыў у 15 кілямэтрах ад працы...

Але момант перадачы сапраўды гістарычны. Упершыню перадавалася прэзыдэнцтва ў Эўрапейскай радзе пасьля Лісабонскай дамовы, якая рэфармавала органы ЭЗ.

Рампэй падкрэсьліў і іншы момант — Туск паходзіць з краіны, якая 25 гадоў таму была за «жалезнай заслонай». Уласна, адным з дасягненьняў ЭЗ і ёсьць пераадоленьне сьценаў і бар’ераў і аб’яднаньне старога кантынэнту.

Дональд Туск и Герман ван Рампэй
Дональд Туск и Герман ван Рампэй

Дональду Туску 57 гадоў. Ён актыўна падтрымлівае санкцыі ЭЗ супраць Расеі і выступае за аказаньне дапамогі Ўкраіне. Пад час першай размовы на гэтай пасадзе з прэзыдэнтам ЗША Баракам Абамам ён гаварыў менавіта пра гэта.

У сваім першым выступе Туск напаў на эўраскептыкаў, якія набіраюць вагу ўнутры ЭЗ.

Прыярытэты каардынатара

Сярод прыярытэтаў Туска будзе спыненьне вайны і крызісу ва Ўкраіне, утрыманьне Брытаніі ў ЭЗ і пераадоленьне эканамічнага крызысу — у прыватнасьці ў эўразоне.

«Мы маем патрэбу ў бязьлітаснай адданасьці таму, каб пакласьці канец эканамічнаму крызысу», — сказаў Туск падчас цырымоніі перадачы паўнамоцтваў у Брусэлі.

У Туска вельмі добрыя адносіны зь нямецкім канцлерам Ангелай Мэркель, а таксама з брытанскім прэм’ерам Дэвідам Кэмэранам і французскім прэзыдэнтам Франсуа Аляндам. Гэта важна для чалавека, які на пасадзе прэзыдэнта Эўрапейскай рады будзе каардынатарам на самітах і павінен шукаць кампраміс паміж 28 краінамі-сябрамі ЭЗ.

Туск таксама выступае за ўзмацненьне вагі ЭЗ у сьвеце:

«Эўрапейскі зьвяз павінен быць моцным на міжнароднай арэне. Эўропа павінна гарантаваць бясьпеку сваіх межаў і падтрымліваць тых сярод сваіх суседзяў, хто падзяляе нашы каштоўнасьці».

Адданы атлянтыст

Туск таксама зьяўляецца адданым атлянтыстам, лічачы, што трывалае партнэрства з ЗША ідзе не на шкоду, а на карысьць аб’яднанай Эўропе.

«Адносіны паміж Эўропай і Злучанымі Штатамі зьяўляюцца асновай супольнасьці дэмакратыяў», — адзначыў новы прэзыдэнт Эўрапейскай рады.

Барак Абама і Дональд Туск
Барак Абама і Дональд Туск

Туску ў зьнешніх справах давядзецца шчыльна працаваць з новым Вярхоўным прадстаўніком ЭЗ Фэдэрыкай Магерыні, якую некаторыя палітыкі і СМІ запісваюць у лягер прыязных да Расеі палітыкаў у кіраўніцтве ЭЗ.

У Туска, як аднаго з кіраўнікоў ЭЗ, моцны мандат, таму што ён быў на чале ўраду краіны з пасьпяховай эканомікай, якая расла нават падчас крызысу ў Эўропе. Ён пераабіраўся, выйграючы парлямэнцкія выбары ў сваёй краіне.

Па-другое, атрыманьне пасады прэзыдэнта Эўрапейскай рады палякам Тускам дае аргумэнты супраць разьмеркаваньня кантынэнта на «старую» і «новую» Эўропу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG