«Пакуль я пішу вам, я зноў усьведамляю, наколькі пагаршаецца наша жыцьцё штодня», — піша турэцкая журналістка. Нядзельны рэфэрэндум у Турэччыне дазволіў ператварыць краіну з парлямэнцкай у прэзыдэнцкую. Рэджэп Таіп Эрдаган цяпер атрымаў вялікія паўнамоцтвы і можа заставацца ва ўладзе да 2029 году. Як туркі перажываюць усё большую цэнзуру ў мэдыях і нават прыватных размовах, Свабодзе расказала журналістка Джэрэн са Стамбулу.
Зачынілі нават курдзкі дзіцячы тэлеканал
35-гадовая Джэрэн родам з Анкары. Яна атрымала журналісцкую адукацыю і ў 26 год пераехала ў Стамбул. У 15-мільённым горадзе было найбольш у краіне газэт і тэлеканалаў. Да 2016 году Джэрэн працавала навінавым прадусарам і карэспандэнтам на тэлеканале A News. Канал, хоць і незалежны, быў пад моцным уплывам прэзыдэнта Эрдагана. Праз сваю пазыцыю адносна ўлады Джэрэн мусіла сысьці з працы.
«На мяне моцна ціснулі, цкавалі», — кажа Джэрэн.
Яе муж працаваў у тэхнічным аддзеле на тэлеканале IMC TV. Як і шмат якія незалежныя каналы, гэты быў таксама зачынены ў 2016 годзе.
«Яны зачыняюць усе незалежныя ці палітычна левыя каналы, — кажа Джэрэн. — Зачынілі нават Курдзкі дзіцячы тэлеканал, дзе паказвалі толькі мультфільмы».
Па словах журналісткі, пасьля закрыцьця тэлеканалаў ніхто з супрацоўнікаў ня можа ўладкавацца ў мэдыйнай сфэры. Існуе негалоснае правіла — ня браць іх на працу. Сама яна цяпер уладкавалася дасьледчыкам у НДА. А муж бяз працы ўжо каторы месяц.
«Мае сябры, якія працуюць у дзяржаўных арганізацыях, вельмі асьцярожныя нават у прыватнай перапісцы са мной. Яны старанна падбіраюць кожнае слова. Цяпер я разумею, чаму іранцы карыстаюцца такой высокамастацкай мовай».
Весьці твітэр у Турэччыне занадта небясьпечна
Самым складаным на ранейшай працы для Джэрэн была ня столькі цэнзура, колькі самацэнзура. Забароненых тэмаў для журналістаў быццам бы не існуе. Але карэспандэнты і рэдактары мусяць наперад прадбачыць, ці прыцягне іхні матэрыял увагу ўладаў.
«Калі б я пастаралася апісаць выпадкі цэнзуры ў Турэччыне за адзін толькі тыдзень, гэта заняло б ці ня тысячу старонак. Сотні выпадкаў! Раней немагчыма было ўявіць такога».
Турэцкія журналісты падзяліліся на два лягеры. З аднаго боку — незалежныя журналісты, з другога — прыхільнікі ўлады. Прапрэзыдэнцкія журналісты ўвесь час цкуюць незалежных, выяўляюць сярод сваіх калегаў так званых «здраднікаў».
«Людзі запалоханыя. Каб ня страціць працу, яны мусяць пагаджацца з рэжымам».
Праз свае палітычныя погляды Джэрэн спачатку мусіла сысьці з працы. Потым — закрыць свой профіль у твітэры. На кожны крытычны твіт, кажа журналістка, адразу рэагавалі натоўпы троляў.
«У твітэры я адчувала сябе ахвярай, на якую палююць. Я палічыла гэта занадта небясьпечным — весьці твітэр у Турэччыне. І закрыла яго».
Неабвешчаная дыскрымінацыя карэнных армянаў і грэкаў
Пасьля няўдалай спробы дзяржаўнага перавароту 15 ліпеня ў Турэччыне ўзмацніліся этнічныя ганеньні. Муж Джэрэн — армянін. Гэта накладае на яго большую адказнасьць за любое публічнае выказваньне. Крытычны пост у фэйсбуку па-рознаму расцэньваецца ў залежнасьці ад таго, напісаў яго турак ці армянін.
«Таксама і да мяне як да жонкі армяніна асаблівая ўвага. Я не размаўляю пра палітыку зь незнаёмымі людзьмі. У фэйсбуку я выдаліла зь сяброў тых, каму не давярала да канца. А пасьля перавароту я запыталася ў мужа, ці ня варта нам трымаць у кватэры сьцяг Турэччыны».
Цяпер ад этнічнай прыналежнасьці залежыць, ці знойдзеш ты працу, — апісвае турэцкую рэчаіснасьць Джэрэн. Вельмі малая верагоднасьць, што на дзяржаўную пасаду возьмуць каго з карэнных тутэйшых армянаў ці грэкаў.
«Гэта неабвешчаная дыскрымінацыя, — кажа Джэрэн. — А калі армяніна звальняюць, кажуць, што гэта скарачэньне праз эканамічны крызіс».
Да грэкаў, і асабліва да армянаў рэжым Эрдагана ставіцца вельмі падазрона. Яны лічацца патэнцыйнымі здраднікамі.
«На публіцы ім трэба дэманстраваць любоў да краіны. Словамі і паводзінамі. Уявіце!»
Тысячы журналістаў і працаўнікоў пазакрываных мэдыяў цяпер або мяняюць прафэсію, або эмігруюць. Толькі пасьля ліпеньскага перавароту ў Турэччыне страцілі працу 2,5 тысячы журналістаў. Цяпер Джэрэн разам з мужам думаюць зьехаць з краіны прынамсі на год.
«Пакуль я пішу вам, я зноў усьведамляю, наколькі пагаршаецца наша жыцьцё штодня», — кажа Джэрэн.
Афіцыйна
Арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» назвала Турэччыну самай вялікай у сьвеце турмой для журналістаў. У 2016 годзе там былі затрыманыя 156 журналістаў. Пасьля 15 ліпеня тут былі закрытыя 16 тэлеканалаў, яшчэ 23 тэлеканалы закрылі ўвосень паводле «надзвычайнага ўказу». На дадатак да гэтага, за год у Турэччыне звольнілі 800 журналістаў (у 2015 годзе — 774).