Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тупік імя Лукашэнкі


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Калі аналізаваць апошнюю эканамічную інфармацыю, то можна прыйсьці да высновы, што ўладам удалося дасягнуць адноснай стабілізацыі на фінансавым рынку. Павялічыўся аб’ём банкаўскіх рублёвых дэпазытаў, людзі больш сталі здаваць, а не купляць валюту.

Але якой цаной дасягнута гэтая стабільнасьць? Цаной спаду вытворчасьці. У студзені ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2014 году адбылося скарачэньне прамысловай вытворчасьці на 6%, здарыўся абвал у зьнешнім гандлі. Экспарт тавараў скараціўся на 24,8%, імпарт — на 36,5%. Прычым экспарт у Расею зьменшыўся на 39,6%, на столькі ж упаў імпарт з гэтай краіны. Эканамісты называюць гэты працэс унутранай дэвальвацыяй. (Гл. naviny.by).

Лукашэнка на нарадзе ў канцы лютага быў незадаволены эканамічнай сытуацыяй: «У цэлым эканоміка не расьце. Адстае прамысловасьць, павялічваюцца запасы на складах і ўзаемныя неплацяжы... І ўсё гэта пачынае адбівацца на людзях. Рэальныя даходы не растуць». Ня выключана, што калі сацыялягічныя дасьледаваньні канстатуюць падзеньне ягонага рэйтынгу, напрыклад, да 30%, то ён дасьць загад штучна падвышаць заробкі. Што выкліча рэзкі рост інфляцыі і дэвальвацыю.

То бок, каб адначасова і фінансавая сыстэма функцыянавала стабільна, і адбываўся эканамічны рост — гэта ў Беларусі ўжо немагчыма.

Падаецца, што гэтыя фундамэнтальныя перамены сталі ўжо зразумелыя і кіроўнай эліце. Пра гэта сьведчыць іхняя рыторыка. У лістападзе 2014 году Лукашэнка, выступаючы перад урадам, заявіў: «Нам галоўнае — захаваць той узровень, які ёсьць на сёньняшні дзень». То бок пра разьвіцьцё, прагрэс, павышэньне паказчыкаў і гаворкі няма.

Беларусь сёньня нагадвае алькаголіка ці наркамана, які просіць у суседа грошы ў доўг на новую дозу, не задумваючыся, калі і як іх вяртаць

Зьвярніце ўвагу, як спакойна разважаюць беларускія афіцыйныя асобы пра тое, што яны ўласнымі рукамі ствараюць крэдытную піраміду. Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі 29 студзеня казаў пра рэструктурызацыю і рэфінансаваньне замежнага доўгу. То бок старыя пазыкі вяртаюцца за кошт пазычаньня новых грошай. Крэдыты бяруцца не для разьвіцьця, а для таго, каб расплаціцца з даўгамі. Дарэчы, той жа Грэцыі міжнародныя крэдыторы даюць грошы выключна пры ўмове, што будуць праводзіцца рэформы, якія створаць жыцьцяздольную эканоміку. Беларусь сёньня нагадвае алькаголіка ці наркамана, які просіць у суседа грошы ў доўг на новую дозу, не задумваючыся, калі і як іх вяртаць. Але галоўная ўласьцівасьць усіх фінансавых пірамід палягае ў тым, што яны рана ці позна абвальваюцца. У Беларусі ж гэтую непазьбежную пэрспэктыву чамусьці ўпарта называюць стабільнасьцю.

Але праблема ў тым, што нават захаваць сацыяльна-эканамічны статус-кво не атрымоўваецца. Сярэдні заробак упаў з восені мінулага году з амаль 600 даляраў да 419 даляраў у студзені. І, мяркуючы па ўсім, гэты трэнд працягваецца. Выступаючы з навагоднім віншаваньнем, Лукашэнка казаў: маўляў, беларусы ня цэняць таго, што маюць. Чаму ж не? Цэняць. Аднак рэжым ужо ня ў стане гарантаваць беларусам тое, што яны маюць.

Гэта не часовы спад, выкліканы крызісам у Расеі, які праз 1–2 гады пройдзе. Не, Беларусь апынулася ў сыстэмнай пастцы. Існая сацыяльная мадэль вычарпала свой рэсурс і ня здольная да разьвіцьця. Але Лукашэнка на той прэсавай канфэрэнцыі 29 студзеня катэгарычна заявіў, што пакуль ён займае сваю пасаду, рэформаў у Беларусі ня будзе. У сёньняшнім дынамічным сьвеце, нават каб стаяць на месцы, трэба бегчы. У выніку краіна выпадае з працэсу глябалізацыі, застаецца на ўзбочыне ўсясьветнага прагрэсу, страчвае гістарычную пэрспэктыву, уступае ў пэрыяд вялацякучай нацыянальнай катастрофы. Гэта — тупік, добрага выйсьця зь якога няма.

Ці ўсьведамляе гэта беларускае грамадзтва? Мяркуючы па высокім рэйтынгу Лукашэнкі ў сьнежні (40%) — не. Увесь далягляд засланіла Ўкраіна. Большасьць насельніцтва баіцца рэформаў. Да таго ж абывацель і не павінен задумвацца над такімі глябальнымі пытаньнямі. Гэта — справа эліты.

Калі казаць пра кіроўную эліту, то яна ў выніку 20-гадовай адмоўнай кадравай сэлекцыі складаецца ці не выключна зь людзей, якія адвучыліся самастойна думаць

Калі казаць пра кіроўную эліту, то яна ў выніку 20-гадовай адмоўнай кадравай сэлекцыі складаецца ці не выключна зь людзей, якія адвучыліся самастойна думаць. Усіх, хто спрабаваў гэта рабіць, хутка адхілялі. Засталіся чыноўнікі — рэтрансьлятары жаданьняў аднаго чалавека. Нават калі яны вучыліся ці стажыраваліся ў заходніх унівэрсытэтах.

Незалежныя інтэлектуалы разумеюць сытуацыю, гавораць пра гэта, але яны ў Беларусі ні на што не ўплываюць. Увогуле, дыялёг, сур’ёзныя дыскусіі ў краіне немагчымыя.

Прэзыдэнцкія выбары — гэта той выпадак, калі адзін раз на пяць гадоў можна хоць неяк абмяркоўваць будучы лёс краіны. Але выглядае, што рабіць гэта сёньня няма каму. Калі паглядзець, як апазыцыя рыхтуецца да прэзыдэнцкіх выбараў, то прыходзіш да высновы, што яна ў стане дэградацыі, займаецца праблемай самавыжываньня. І гэта цалкам лягічна. Калі грамадзкі арганізм апынуўся ў стадыі гніеньня, то гэты працэс захоплівае ўсе яго часткі і органы. А апазыцыя — неад’емная частка соцыюму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG