Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыхтуйцеся: Лукашэнка насьцярожыўся, што беларусы «не жывуць» Эўрапейскімі гульнямі


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

На нарадзе выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэту Аляксандар Лукашэнка (які таксама займае пасаду прэзыдэнта гэтага камітэту) заявіў, што беларусы недастаткова ўвагі ўдзяляюць Эўрапейскім гульням, што маюць прайсьці ў Беларусі ў 2019 годзе, перадае БелТА.

«Урад мяне рэгулярна інфармуе, што праца вядзецца і мы рухаемся ў правільным кірунку, — казаў Лукашэнка пра Эўрапейскія гульні. — Але мяне насьцярожвае шэраг пытаньняў, і перш за ўсё асноўнае — краіна Гульнямі яшчэ не жыве. Пакідае жадаць лепшага асьвятленьне ходу падрыхтоўкі Эўрапейскіх гульняў».

Паводле Лукашэнкі, гэтыя гульні — «важная падзея, якая павінна надаць магутны ідэалягічны імпульс нашаму грамадзтву, яшчэ больш кансалідаваць нацыю». Але яны ня лічацца «топавым» спартовым мерапрыемствам у Эўропе. Эўрапейскія гульні «цікавыя толькі аўтарытарным дзяржавам, каб пацешыць свой гонар», казаў старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Эўрапейскія гульні як кірмаш славалюбства

Першыя Эўрапейскія гульні прайшлі ў 2015 годзе ў сталіцы Азэрбайджану Баку. У іх удзельнічалі спартоўцы з 50 краінаў, спаборніцтвы праводзіліся ў 30 відах спорту. Яны абышліся краіне ў 1,2 мільярда даляраў. Праграма Эўрапейскіх гульняў уключае спаборніцтвы ў 16 відах спорту, 11 зь іх будуць кваліфікацыйнымі да Алімпіяды-2020. Выключэньне складуць гімнастыка і барацьба, а таксама баскетбол 3×3, самба і пляжны футбол, ня ўключаныя ў алімпійскую праграму.

У мінулым месяцы Лукашэнка распарадзіўся, каб СМІ «разгарнуліся на поўную магутнасьць» у асьвятленьні ўборачнай кампаніі. Пасьля гэтага колькасьць публікацыяў пра ўборачную павялічылася ў некалькі разоў як у дзяржаўных, так і ў шэрагу незалежных СМІ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG