Чарговы герой перадачы «Інтэрвію тыдня» — старшыня ТБМ Алег Трусаў. Ён адказвае на пытаньне, ці скончылася ў краіне «мяккая беларусізацыя», распавядае пра беларускую нацыянальна-патрыятычную групоўку ва ўладзе і абвінавачвае Радыё Свабода ды іншыя незалежныя СМІ ў спрыяньні рэжыму. Зь ім гутарыў Віталь Цыганкоў.
— Пасьля 25 сакавіка аналітыкі загаварылі пра тое, што адносная «лібэралізацыя» ў краіне скончылася. І адной з ахвяраў гэтага працэсу можа стаць і «мяккая беларусізацыя». Ці вы згодныя з такой ацэнкай?
— Я так не лічу. Беларусізацыя працягваецца. Больш за тое, апошнімі днямі яна нават пачала ўзмацняцца. Мала таго, што мы дабіліся, што на Эўрабачаньне ад Беларусі паедзе беларускамоўны гурт. Але днямі было абвешчана, што і тэлетрансьляцыя будзе весьціся па-беларуску.
Павялічылася колькасьць гадзін на беларускую мову ў розных клясах, цяпер яе ўраўнавалі з расейскай. Рэзка павялічылася ў райцэнтрах колькасьць беларускамоўных шыльдаў. Прывяду ў прыклад Нясьвіж. Яшчэ пару гадоў таму там было дзьве ці тры беларускамоўныя шыльды. А зараз я на трох вуліцах налічыў каля пяцідзесяці.
— Зь іншага боку, можна прыгадаць і «справу патрыётаў», і апошнія затрыманьні людзей зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.
— Хапалі ўсіх — і са сьцягам, і безь сьцягоў. У Берасьці хапалі людзей зь белымі аркушамі паперы. Выйшаў на недазволеную акцыю, ня важна з чым — ідзі ў кутузку. Пры чым тут сьцяг? Гэта не паляваньне на сымболіку, гэта проста паляваньне на ўсіх грамадзян, хто нечым сябе праяўляе.
— Але зьвернемся да «справы патрыётаў». Арыштавалі людзей, якія вызнавалі беларускія патрыятычныя каштоўнасьці. Беларускамоўных, удзельнікаў патрыятычных клюбаў. Чаму ўлада не арыштавала прадстаўнікоў прарасейскіх суполак, якіх хапае ў Беларусі?
— Апошнім часам улада раскалолася на вялікія групоўкі, якія ваююць паміж сабой. Адна — умоўна кажучы, нацыянальна-патрыятычная, яна і пачала «мяккую беларусізацыю». Другая групоўка выступае за анэксію Беларусі. Яе прадстаўнікоў найбольш у розных спэцслужбах. Невыпадкова ў іх і сымболіка расейская ў кабінэтах вісіць, на аўтамабілях.
Ідзе змаганьне паміж дзьвюма гэтымі групоўкамі. Заўважце, нацыянальная групоўка дабілася арышту аўтараў Regnumʼа, нават хацелі Баранчыка забраць. У адказ атрымалі арышт патрыётаў. Так што — баш на баш.
— Я б сказаў, вельмі нераўнацэнны «абмен».
— Разумееце, прыхільнікаў Расеі ў калідорах улады значна больш. Дарэчы, далёка ня ўсе там па-беларуску гавораць, там вельмі розныя людзі. Тым больш што палітыкаў яны выпусьцілі — Дашкевіча і ягонага сябра. Астатнім затрыманым успомнілі мінулае — як калісьці Сталін белагвардзейцаў арыштоўваў. Яны ўжо гадоў 15 не былі ані ў партыях, ані ў ТБМ. Сказаць, што яны былі палітычна актыўныя, нельга.
— Калі вы кажаце пра розныя групоўкі ва ўладзе, то многія ставяць гэтую схему пад сумнеў. У беларускай сыстэме ўлады ўсе асноўныя кірункі задае Аляксандар Лукашэнка, а астатнія, незалежна ад сваіх поглядаў, вымушаны пад гэта падстройвацца.
— Тыя, хто так гаворыць, не разумеюць, што такое палітыка ў аўтарытарнай краіне. Адзін чалавек ня можа ўсё вырашаць. Хто цяпер падтрымлівае Лукашэнку? Чынавенства, іхнія семʼі — іх прыкладна 300–500 тысяч чалавек. Пакуль яны ва ўладзе — гэтая ўлада і стаіць. І яны маюць карт-блянш на любыя пытаньні ў межах сваёй кампэтэнцыі.
Я добра ведаю раённыя ўлады. У адным раёне ідзе беларусізацыя, а ў іншым усё беларускае зьнішчаюць. Бо ў адным раёне кіраўнік — прыхільнік незалежнасьці, а ў другім — прыхільнік інтэграцыі з Расеяй. Лукашэнка прызначыў чалавека і забыўся на яго. Пра яго ўзгадаюць, толькі калі ён нешта ўкрадзе альбо адкат ня дасьць.
Лукашэнка вырашае толькі самыя галоўныя замежнапалітычныя моманты, эканамічныя. Астатняе вырашае намэнклятура.
Лукашэнка вырашае толькі самыя галоўныя замежнапалітычныя моманты, эканамічныя. Астатняе вырашае намэнклятура
— Чаму ўлада ня вытрымала гэтага курсу на «лібэралізацыю» і пайшла на разгром дэмакратычных сілаў?
— Я не лічу гэта разгромам. У параўнаньні з 2010 годам ніякага разгрому не было. Гэта проста запалохваньне. Чаму? Бо ўлада прайграла «дармаедаў», дэкрэт давялося фактычна скасаваць. Упершыню электарат Лукашэнкі выйшаў на вуліцу з патрабаваньнем ягонай адстаўкі. І ўлада вырашыла запалохаць. Таму і хапалі ўсіх, хто трапляўся. Ім трэба была карцінка.
Ніякіх палітычных зьняволеных няма, даюць Статкевічу 5 сутак. Яны змагаюцца не з апазыцыяй, а з сваім электаратам. Яны запалохвалі, стваралі карцінку — і дабіліся сваёй мэты. Дзякуючы ў тым ліку і вам, бо вы паказвалі ўсе гэтыя жахі, бясплатна папрацавалі на рэжым.
— Вы прапануеце ўсё гэта не паказваць?
— Ну, не выпячваць. Яны нейкага інваліда хапаюць, і адразу дваццаць журналістаў, ад «Белсата» да «Рацыі», гэта паказваюць. Людзі глядзяць, палохаюцца і ня ходзяць на акцыі. Можна ж паказаць па-рознаму. Я калі гляджу «Белсат» — то думаю, што людзі на гэта паглядзяць і ніколі больш ня пойдуць. Каму хочацца сядзець на сутках альбо — самае страшнае — плаціць штрафы?
— Сёлета будзе зьезд ТБМ, і вы ўжо заяўлялі, што ня будзеце вылучацца на пасаду старшыні...
— Так, ня буду. Трэба своечасова прыйсьці, а самае галоўнае — своечасова сысьці. Не чакаць, пакуль струхнееш ці памрэш у крэсьле. Таму — будзе зьмена.
— У вас ужо ёсьць кандыдатура пераемніцы альбо пераемніка?
— На сёньня вылучана чатыры кандыдатуры. Гэта Лявон Баршчэўскі, Людзміла Дзіцэвіч, Алена Анісім і Ўладзімер Колас, але ён днямі адмовіўся. Праходзяць сходы. Кандыдатаў абмяркоўваюць, мы ня робім з гэтага ніякай таямніцы. Вылучалі ўвогуле 7 чалавек, але астатнія з розных прычын сышлі з дыстанцыі.
— Раней вы заяўлялі, што ТБМ — гэта непалітычная арганізацыя. І гэта дазваляе вам пасьпяхова працаваць. Але вы самі вылучаліся летась на парлямэнцкіх выбарах, а Алена Анісім нават стала дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў. То бок цяпер такая сувязь з палітыкай ужо патрэбная? Гэта нейкі новы этап у дзейнасьці ТБМ?
— І так, і не. Анісім ішла шляхам збору подпісаў, яна ніколі ні ў якіх партыях не была. Іншая справа, што ТБМ усё зрабіў, каб яна стала дэпутатам. Людзі ў Нясьвіжы і на Стаўпеччыне яе ведаюць, яны за яе галасавалі. У Менску выбары фактычна не адбыліся, а там людзі ходзяць на выбары, з розных прычын.
Што тычыцца палітыкі. Сам факт, што чалавек размаўляе па-беларуску — гэта ўжо палітыка. І гэтай палітыцы ўжо гадоў 350. Але мы не прымыкаем да палітычных кааліцыяў, не ўваходзім у прамыя альянсы з палітычнымі партыямі — і тут наша пазыцыя застаецца нязьменнай.