Lenin budet zhytj! У 1920-я ў Савецкім Саюзе лацінізавалі больш за 50 моваў
Да савецкага часу большасьць цюрскіх народаў Расеі карысталіся арабскім альфабэтам. А калі да ўлады прыйшлі бальшавікі, то задумалі перавесьці на «адзіны інтэрнацыянальны альфабэт» усе мовы: і з арабіцы, і з кірыліцы.
Прыхільнікам лацінкі быў рэвалюцыянэр-перакладчык Анатоль Луначарскі. Ён выступаў за як найхутчэйшую лацінізацыю. У тым ліку і расейскай мовы. Уладзімер Ленін пагаджаўся з Луначарскім ва ўсім, акрамя хуткага пераводу расейскай мовы на лацінку.
Перавод на лацінскую графіку пачаўся з моваў, якія карысталіся арабскім альфабэтам, і з тых, што ня мелі свайго пісьменства. Першым адмовіўся ад арабіцы Азэрбайджан, дзе праект новага альфабэту распрацавалі яшчэ ў часы Азэрбайджанскай Дэмакратычнай Рэспублікі ў 1918–1920 гады. Потым для ўсіх цюрскіх моваў Савецкага Саюзу распрацавалі ўнівэрсальны лацінскі альфабэт — яналіф.
Лацінізацыя ў СССР праходзіла адначасова зь пераходам на лацінскі альфабэт турэцкай мовы. Кемаль Атацюрк прымаў удзел у кангрэсе цюрколягаў у Баку ў 1926 годзе. У Турэччыне распрацавалі ўласны лацінскі альфабэт, адрозны ад савецкага яналіфу.
Да канца 1930-х у СССР лацінізавалі амаль усе неславянскія мовы. Нават якуцкая і мова комі, якія раней карысталіся кірыліцай, перайшлі на лацінку.
Лацінізацыю ў СССР спыніў Сталін. Пасьля таго як у студзені 1930 году спэцыяльная камісія прадставіла тры варыянты расейскай лацінкі, генсек даручыў спыніць лацінізацыю расейскай мовы. А ў 1939 годзе пачалася татальная кірылізацыя. Толькі чатыры тытульныя мовы савецкіх рэспублік не перавялі на кірыліцу: армянскую, грузінскую, ідыш і нямецкую. Пасьля далучэньня да Савецкага Саюзу краінаў Балтыі лацінскія альфабэты мясцовых моваў таксама не чапалі.
Іран патрабаваў, каб пераходзілі на арабіцу, Расея — каб заставаліся на кірыліцы
На пачатку 1990-х цюркамоўныя краіны актыўна пачалі вяртаць лацінскі альфабэт. У 1991 годзе ў Стамбуле прайшоў навуковы сымпозіюм па цюрскім альфабэце. З ініцыятывы Турэччыны навукоўцы цюрскіх краін распрацавалі агульны для ўсіх альфабэт.
Азэрбайджан першы сярод цюркамоўных краін былога СССР пачаў пераходзіць на лацінку ў 1992 годзе. Лацінізацыю тут скончылі ў 2001 годзе. Азэрбайджанская стала першай мовай, якая цалкам адмовілася ад кірыліцы.
Паводле Фірудзіна Жалілава, былога міністра адукацыі Азэрбайджану, у 1990-я гады ўлады вагаліся паміж трыма варыянтамі альфабэту. І зрабіць выбар на карысьць лацінскага было складана.
«Ціснуў Іран, патрабуючы пераходу на арабіцу, і Расея патрабавала заставацца на кірыліцы», — сказаў Жалілаў Свабодзе.
Экс-міністар узгадвае, што пераход на лацінку праходзіў цяжка. На той момант больш за 50 год у краіне карысталіся выключна кірыліцай. «Новы альфабэт прызначаны для моладзі, маладога пакаленьня, — кажа Жалілаў. — Мы ж пішам на прывычнай нам кірыліцы».
А вось у Таджыкістане ў канцы 1980-х і напачатку 1990-х пад уплывам Ірану праходзіла не лацінізацыя, а пераход на арабіцу. Таджыцкая мова не належыць да цюрскай сям’і — яна блізкая да пэрсыдзкай. І таму гістарычным вяртаньнем тут лічыўся менавіта пераход на пэрсыдзкі альфабэт.
Аднак пасьля забароны Партыі ісламскага адраджэньня ў 1993 годзе дэкірылізацыя ў Таджыкістане запаволілася. Сёньня кірыліца тут застаецца адзінай графічнай сыстэмай.
На лацінку пераходзяць ужо 25 гадоў
У 1993 годзе прэзыдэнт Узбэкістану Іслам Карымаў падпісаў закон аб увядзеньні альфабэту на лацінскай графіцы. Пераход на лацінку зьбіраліся завяршыць да 2000 году. Потым тэрмін перанесьлі яшчэ на дзесяць год. За гэты час на лацінскую графіку перайшлі ўсе навучальныя ўстановы. Але газэты, інтэрнэт-сайты і дзяржаўныя ўстановы выкарыстоўваюць і кірыліцу, і лацінку.
Павольны пераход Узбэкістану на лацінскую графіку зьвязаны з абыякавасьцю да гэтай справы Іслама Карымава, лічыць узбэцкі карэспандэнт Свабоды Ўктамбэк Карымаў. Паводле яго, пасьля скону Іслама Карымава была створана спэцыяльная камісія, якая пачала рыхтаваць чарговую рэформу ўзбэцкага альфабэту.
«Досьвед пераходу на лацінку ва Ўзбэкістане быў няўдалы», — кажа Ўктамбэк Карымаў.
Да гэтага часу ня скончаны пераход на лацінку і ў Туркмэністане. Улады вырашылі адмовіцца ад кірыліцы яшчэ ў 1993 годзе. Але на справе афіцыйныя дакумэнты пачалі пераводзіць на лацінку толькі ў 2000-м.
«Большасьці насельніцтва, асабліва старэйшаму пакаленьню, давялося цяжка, — кажа туркмэнскі пісьменьнік Аманмурад Бугаеў. — У нас не было лікбезу. Нават цяпер 30–40 адсоткаў насельніцтва ня ведае лацінскай графікі».
У Расеі лацінку забаранілі. «Гэта палітычны аспэкт»
Шмат якія народы Расеі да 1940 году карысталіся лацінскім альфабэтам. А таму пасьля развалу Савецкага Саюзу некаторыя паспрабавалі вярнуцца да лацінскай графікі. Самым настойлівым сярод усіх быў Татарстан. У 1999 годзе мясцовыя ўлады прынялі закон аб аднаўленьні лацінскага альфабэту. У 2001 годзе школьнікі нават атрымалі новыя падручнікі на лацінцы. На ёй сталі падпісваць назвы вуліц у Казані і ў буйных гарадах.
Аднак у 2002 годзе Дзяржаўная дума Расеі прыняла закон аб статусе моваў. Ад таго часу ўсе мовы Расеі павінны мець альфабэт на аснове кірыліцы. Цяпер лацінка ў Татарстане выкарыстоўваецца толькі сярод навукоўцаў. Заканадаўства таксама дазваляе зьвяртацца ў дзяржаўныя органы на татарскай мове лацінскім альфабэтам.
Адзіным карэнным народам Расеі, які карыстаецца лацінскай графікай, сёньня застаюцца карэлы. У 1989 годзе яны стварылі свой альфабэт на лацінскай графіцы. А ў 2007 годзе ўрад Карэліі зацьвердзіў лацінскі альфабэт карэльскай мовы як адзіны для ўсіх мясцовых дыялектаў.
Якраз лацінка — прычына таго, чаму карэльская, мова тытульнага этнасу, ня мае статусу дзяржаўнай мовы. Бо па законе дзяржаўная мова ў Расеі можа быць выключна на аснове кірыліцы.
«Ёсьць ня толькі лінгвістычны аспэкт, ёсьць яшчэ і палітычны, і сацыяльны, — казаў Свабодзе загадчык аддзяленьня алтайскіх моваў Пецярбурскага інстытуту лінгвістычных дасьледаваньняў Аляксандар Шчэрбак. — Чаму менавіта карэлы так моцна спрабуюць схіліцца да лацінкі? Я ня ведаю, можа, сувязь зь Фінляндыяй такая вельмі цесная цяпер. А ў Татарстане гэта натуральна — яны вельмі зьвязаныя з Турэччынай».
Казахстан выходзіць з-пад уплыву «русского мира»
Ад часоў незалежнасьці ў Казахстане і Кіргізстане таксама загаварылі пра вяртаньне лацінкі. У 2006 годзе прэзыдэнт Назарбаеў афіцыйна выказаўся за тое, каб перайсьці на лацінскую графіку. Па ягоных словах, лацінка патрэбная найперш таму, што яна «дамінуе ў камунікацыйнай прасторы».
Цалкам пазбавіцца ад кірыліцы ў Казахстане зьбіраюцца да 2025 году. Ужо да канца 2017-га навукоўцы павінны прыняць уніфікаваны стандарт казаскай лацінскай графікі. З 2018-га пачнуць рыхтаваць выкладчыкаў новага альфабэту, а таксама школьныя падручнікі.
«Гэта свайго роду вялікі сымбалічны пераход, які будзе азначаць, што Казахстан выходзіць з-пад уплыву „русского мира“, — сказаў Свабодзе казахстанскі палітоляг Айдос Сарым. — Гэта, па сутнасьці, дэкалянізацыя».
Па словах палітоляга, лацінізацыя ў Казахстане адбудзецца пры любых умовах. Цягам 20 стагодзьдзя ў краіне тройчы зьмяняўся альфабэт. І гэта рабілася выключна з палітычных матываў. Таксама і сёньня адмова ад кірыліцы — палітычны крок уладаў Казахстану.
«Гэта вельмі важны крок, які, на мой погляд, дазволіць Казахстану зрабіць свой геапалітычны, цывілізацыйны выбар больш ясным», — кажа Айдос Сарым.
Навіны з Казахстану падштурхнулі кіргіскіх палітыкаў. Дэпутат парлямэнту Каныбэк Іманаліеў выказаўся на мінулым тыдні за тое, каб таксама перайсьці на лацінскі альфабэт. Праўда, не раней за 2030–2040 гады. Такі далёкі тэрмін Іманаліеў патлумачыў высокім коштам рэформы.
«Для пераходу на лацінку патрэбныя вялікія сродкі. Напэўна, у нас іх няма, — сказаў дэпутат. — Рыхтавацца да гэтага трэба ўжо цяпер».
Ва Ўсходняй і Паўднёвай Эўропе занепадае кірыліца
Кірылічныя альфабэты зьнікаюць ня толькі ў цюркамоўных краінах. Першай савецкай рэспублікай, дзе вярнулі лацінку, была Малдова. У 1989 годзе ўрад Малдоўскай ССР адмяніў на сваёй тэрыторыі кірылічны альфабэт, які выкарыстоўваўся тут з 1940 году. Праўда, тут правільна казаць ня столькі пра лацінізацыю малдаўскай мовы, колькі пра вяртаньне літаратурнай румынскай мовы, якой карысталіся ў Бэсарабіі да савецкага часу.
Лацінскі альфабэт памалу наступае на кірыліцу і ў Сэрбіі. Афіцыйна ў краіне выкарыстоўваюць два альфабэты. Паводле закону ў іх роўныя ўмовы: усе афіцыйныя шыльды дублююцца лацінкай і кірыліцай. Але ў побытавай камунікацыі дамінуе лацінка. Згодна з апытаньнем, у 2014 годзе на карысьць кірыліцы тут выказваліся 36% рэспандэнтаў, а на карысьць лацінкі — 47%.
Паступова вяртаецца лацінка і ў Беларусі. Гістарычна беларуская мова мае дзьве графікі. Выданьні лацінкай з пачатку ХХ стагодзьдзя выходзілі нароўні з кірылічнымі і нават перасягалі апошнія колькасьцю назваў і накладамі. Лацінка была забароненая ў БССР, але ў міжваенны час ужывалася ў Заходняй Беларусі, пасьля вайны — на эміграцыі. З канца 1980-х гадоў кнігі і пэрыёдыка лацінкай ізноў пачалі спарадычна публікавацца ў самой Беларусі.
На падставе лацінкі ў 2000 годзе зацьвердзілі Інструкцыю па трансьлітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага альфабэту. Яе распрацоўвалі навукоўцы разам зь дзяржаўнымі ўстановамі. Ад клясычнай лацінкі трансьлітарацыя цяпер адрозьніваецца перадачаю мяккасьці Ll.
Шыльды з геаграфічнымі назвамі і ўказальнікамі цяпер выконваюцца найчасьцей трансьлітарацыяй на аснове беларускай лацінкі. Найбольш заўважна яе выкарыстоўвае Менскі мэтрапалітэн і Беларуская чыгунка.
Хоць украінская мова, адрозна ад беларускай, ніколі не была біграфічнай (мовай зь дзьвюма сыстэмамі пісьма. — РС), але праекты нацыянальнай лацінкі ва Ўкраіне прапануюцца з ХІХ стагодзьдзя.
Кірыліца — прыкмета гістарычных калянізатараў
На думку мовазнаўцы Вінцука Вячоркі, альфабэты і графічныя сыстэмы вызначаюць, да якой цывілізацыі належыць пэўны моўны абшар.
«Расейская, а потым савецкая імпэрыя трымалі пад сваёй уладай народы рознай цывілізацыйнай ідэнтычнасьці ды імкнуліся да іх уніфікацыі, у тым ліку праз альфабэт», — лічыць Вячорка.
З аднаго боку, цюркамоўныя тлумачаць адмову ад кірыліцы тым, што лацінка больш адпавядае гукавому складу цюрскіх моваў. Але ня менш важна для іх абазначыць прыналежнасьць да цюрскага сьвету.
«Урэшце, сьвет лацінскіх літараў сёньня — гэта прастора інфармацыі ды інфарматыкі, гэта глябальныя базы зьвестак і кампутарныя праграмы зь мінімальнай адаптацыяй, гэта масток да іншых лацінапісьмовых моваў», — кажа Вячорка.
Прыкладам, сэрбская (і асабліва чарнагорская) моўна-графічная прастора хутка лацінізуецца, бо кірыліца як лякальны альфабэт прагульвае канкурэнцыю глябальнаму альфабэту. А для азэрбайджанскай ці казаскай мовы кірыліца — гэта і прыкмета гістарычных калянізатараў.
Пераход Казахстану на лацінку, лічыць Вячорка, набліжае поўную дэкірылізацыю неславянскай постсавецкай прасторы. Непазьбежна зазнае лацінізацыю кіргіская мова. Адновіцца з новай сілай рух за лацінку найперш у Татарстане, у меншай ступені ў іншых цюрскіх, а таксама фіна-вугорскіх, чаркескіх і вайнаскіх аўтаноміях Расеі.
«Гэтыя памкненьні будзе адкрыта душыць Крэмль. Зноў пачнецца дыскусія пра лацінку ў суседняй з Казахстанам Манголіі і пакрыёма ў блізкіх ёй Туве і Буратыі», — кажа Вячорка.
Пераважная большасьць «кірылічных» дзяржаваў — славянскія: Беларусь, Украіна, Баўгарыя, Македонія, Сэрбія, Чарнагорыя. Яны ня будуць афіцыйна адмаўляцца ад кірыліцы, бо гэта важны элемэнт гістарычнай спадчыны і кампанэнт ідэнтычнасьці.
«Ад кірыліцы і мы не адмовімся, — лічыць Вячорка. — Але беларуская мова будзе прызнаная біграфічнай, у тым ліку міжнародна, вернецца ў практыку клясычная лацінка, і нам не спатрэбіцца трансьлітарацыя для прысутнасьці ва ўсясьветнай лацінапісьмовай прасторы».