Дзе шукаць беларускі скарб? Які на смак Браслаўскі край? З чым ядуць старажытны Полацк? Колькі важыць Радзівіл? Наша аўтарка Яна Шыдлоўская знайшла адказы на гэтыя пытаньні, пасмакаваўшы розныя гатункі беларускага хлеба.
1.«Нарачанскі» («Нарочанский»)
Самы папулярны і адзін з самых смачных беларускіх хлябоў, якому сёлета, дарэчы, спаўняецца 30 гадоў. Упершыню ў Менску гэты хлеб сталі выпякаць у 1986 годзе партыямі па 100 боханаў на дзень. Па «Нарачанскі» стаялі чэргі, нягледзячы на кошт у 54 капейкі — звычайны хлеб каштаваў 14-18 капеек. У хуткім часе гэты хлеб атрымаў мянушку «валютнага». «Нарачанскі» пякуць з жытняй і пшанічнай мукі рознага гатунку, дадаючы жытні солад, патаку, кмін і бульбяное пюрэ. Захоўваецца хлеб цягам пяці сутак. Дарэчы, гэта адзіны хлеб, які трапляе ў продаж у розныя гарады Беларусі. І яго завозу адмыслова чакаюць. Сваю назву хлеб атрымаў у гонар найбуйнейшага возера Беларусі — Нарачы, на беразе якога ў цёплы летні час адпачываюць тысячы турыстаў.
2. «Браслаўскі край» («Браславский край»)
Рэцэпт гэтага заварнога хлеба браслаўскія хлебапёкі вынаходзілі цягам некалькіх месяцаў. Для яго прыгатаваньня ўжываюць сухія ячную і соладавую сумесі, дадаюць, як у даўнія часы, бульбяное пюрэ, для водару — кмін. У хлебе прысутнічаюць вітаміны і адсутнічаюць хімічныя сродкі і кансэрванты. Цеста замешваецца ў некалькі стадый і гатовае для выпяканьня праз 12-14 гадзін. У асобных, сьвяточных і ўрачыстых выпадках, цёмны і смачны «Браслаўскі край» выпякаюць на кляновых лістах. На этыкетцы хлеба змешчаны фотаздымак, зроблены з гары Маяк, адкуль адкрываецца выгляд на азёры Струста і Снуды. Гару Маяк у навакольлі Браслава называюць самай прыгожай аглядальнай кропкай краіны. Яе наведваньне ўзначальвае сьпіс рэчаў must do падчас адпачынку на Браслаўшчыне.
3. «Старая Вільня» («Старая Вильня»)
Суседняя Літва славіцца хлебам. Да гэтыга часу ў якасьці гасьцінца з Вільні вязуць хлеб. Беларускія хлебапёкі сьцьвярджаюць, што шмат у чым перанялі досьвед калегаў з Прыбалтыкі. Заварны хлеб «Старая Вільня» выпечаны згодна са старажытным літоўскім рэцэптам. У яго складзе — жытняя сеяная і пшанічная мука першага гатунку, жытні солад, крухмальная патака, мука ячменная, мука соладавая абсмажаная, кмін, вада і бульбяное пюрэ. Гэты хлеб настолькі смачны, што можа быць самадастатковай стравай. Не псуюць яго і дадаткі ў выглядзе сыру, сала і мяса.
4. «Несьцерка» («Нестерка»)
Хлеб з такой назвай пякуць у Браславе і Віцебску. У складзе гэтага хлеба адсутнічаюць дрожджы. Цеста замешваюць з жытняй і пшанічнай мукі першага гатунку, для смаку дадаюць павідла, кмін і сумесь водарных прыпраў. Цэлы віцебскі хлеб важыць два кіляграмы, у продажы ёсьць і чвэрць бохана. Смачны і водарны хлеб атрымаў імя фальклёрнага персанажа Несьцеркі. Гаварун і весялун Несьцерка папулярны на Віцебшчыне — менавіта сьпектаклем паводле п’есы драматурга Віталя Вольскага пад назвай «Несьцерка» Віцебскі тэатр імя Якуба Коласа штогод адкрывае тэатральны сэзон. Прэм’ера камэдыі адбылася ў траўні 1941-га — і сёлета коласаўскаму Несьцерку спаўняецца 75 гадоў.
5. «Радзівіл»
Адзін з самых прыгожых і смачных беларускіх хлябоў. Да таго ж хлеб носіць імя арыстакратычнага роду, большасьць прадстаўнікоў якога належалі да найбагацейшых і найзнакаміцейшых магнатаў Вялікага княства Літоўскага. Гэта хлеб з жытняй і пшанічнай мукі, які ўтрымлівае мёд і тры найменьні квасу. «Радзівіл», бадай, што самы цяжкі з усіх беларускіх хлябоў — ён важыць больш за два кіляграмы. Затое і сьвежым застаецца каля двух тыдняў. Этыкетка хлеба зьмяшчае родавы герб Радзівілаў «Трубы».
6. «Старажытны Полацк»
Хлеб з такой назвай пякуць у Полацку восем гадоў. Цеста замешваюць з жытняй сеянай і пшанічнай мукі першага гатунку, а для смаку і водару дадаюць мёд і кмін. На этыкетцы хлеба выява князя Ўсяслава Брачыслававіча, альбо Чарадзея, пры якім Полацкае княства дасягнула наймацнейшага росквіту. Помнік у гонар легендарнай асобы з’явіўся ў Полацку ў 2007 годзе, праз два гады пасьля выхаду названай імем князя срэбнай манеты. Хлеб «Старажытны Полацк» можна знайсьці ў шматлікіх крамах горада, аднак камусьці сымбалічным падасца набыцьцё хлеба ў Хлебнай лаўцы, дзе гандлююць хлебнымі вырабамі ўжо шмат гадоў. Дарэчы, размешчана яна на праспэкце, што носіць імя Францішка Скарыны, які, у сваю чаргу, спрычыніўся да хлебнай справы, зьмясьціўшы ў Бібліі гравюру з выявай асьвечаных хлябоў на стале. Гэта адна з самых старажытных выяваў хлеба ў беларускай культуры.
7. «Альгерд»
Сваё імя гэты хлеб атрымаў у гонар князя Альгерда. Хлебнае цеста замешваюць з жытняй і пшанічнай мукі. Гатовы хлеб утрымлівае семкі сланечніка, кунжут, пшанічнае вотруб’е і мёд. На этыкетцы зьмешчана выява вялікага князя. Хлеб «Альгерд» нездарма выпякаюць у Віцебску, горадзе, які князь атрымаў пасьля ўзяцьця шлюбу з дачкой віцебскага князя Марыяй. У першай палове 14 стагодзьдзя Віцебск апынуўся ў складзе Вялікага княства Літоўскага, каб адыграць стратэгічную ролю ва ўсходняй палітыцы дзяржавы. Часы праўленьня Альгерда для Віцебска сталі ўсплёскам яго эканамічнага жыцьця. Летам 2014 года горад ушанаваў імя дальнабачнага палітыка і выбітнага палкаводца — на Рынкавай плошчы з’явіўся конны помнік князю Альгерду.
8. «Траецкі»
Шмат прыхільнікаў мае сталічны «Траецкі» хлеб. Духмяны, з жытняй мукі і водарных спэцый, з крамянай скарыначкай, ён смачны і прыгожы. Хлеб носіць імя Траецкага прадмесьця — добра захаванай часткі старога Менска. Калісьці забудова паўвыспы на Сьвіслачы была самым вялікім прадмесьцем горада. Цяпер яна нязменна прываблівае турыстаў. У Траецкім прадмесьці працуюць кавярні і рэстарацыі, для наведваньня адкрыты музэі і сувэнірная лаўка. «Траецкі» хлеб можна набыць у шматлікіх крамах і, вядома, у фірмовых хлебных крамах недалёка ад самога прадмесьця. Смак і выгляд хлеба настолькі насычаны і прыцягальны, што, на думку менчукоў, яго дэгустацыя і выраб маглі б паспрыяць разьвіцьцю папулярнага на сёньня гастранамічнага турызму.
9. «Беларускі скарб»
Шукаць «Беларускі скарб» варта ў Слоніме — адным з найстаражытнейшых гарадоў нашай краіны. Свайго росквіту горад дасягнуў пад кіраўніцтвам Міхала Казіміра Агінскага, які адкрыў у Слоніме некалькі прадпрыемстваў, пабудаваў канал, што злучыў Ясельду са Шчарай, заснаваў тэатр з опэрнай, балетнай і драматычнай трупамі. А Слонімская капэля лічылася адной з самых вялікіх у Еўропе. У слонімскую рэзыдэнцыю дзядзькі ня раз прыяжджаў гасьцяваць знакаміты Міхал Клеафас Агінскі. У гісторыі Слоніма шмат скарбаў у выглядзе легенд і паданьняў, асобаў і падзей. Ядомы ж слонімскі скарб выпякаюць выключна з жытняй мукі з дадаткам мёду і духмяных спэцый. Чорны «Беларускі скарб» мае спэцыфічны, насычаны смак. Хлеб асабліва смачны ў трошкі падсмажаным выглядзе.
10. «Адвячорак»
Прыгожы і смачны гарадзенскі хлеб: ужо ня сьветлы, але яшчэ і ня чорны. Ён — як адвячорак. Цёмны. Гэты заварны хлеб пякуць з сумесі жытняй і пшанічнай мукі другога гатунку з дадаткам парашку з клубняў тапінамбура і мёду. Кісла-салодкі смак гэтага хлеба пачынае раскрывацца асабліва ў спалучэньні з салам. Паспрабаваць «Адвячорак» варта ў адным з самых старых і прыгожых гарадоў Беларусі на беразе Нёмана — Гародні. У разьмешчаным на памежжы горадзе можна знайсьці шмат цікавых нацыянальных страў і камбінаваных рэцэптаў, сярод якіх важкае месца займаюць супы, якія, у сваю чаргу, складана есьці бяз хлеба.
11. «Дарунак Прыдзьвіньня» («Дар Придвинья»)
Гэты віцебскі хлеб можна назваць адным з самых цёмных з беларускіх хлябоў. Для яго прыгатаваньня выкарыстоўваюць некалькі гатункаў жытняй і пшанічнай мукі, дадаюць семкі сланечніка і разнастайныя духмяныя прыправы. Цеста вельмі шчыльнае і адначасова мяккае і мае яскравы салодкі смак. Яго стваральнікі сьцьвярджаюць, што «Дарунак Прыдзьвіньня» выдатна спалучаецца з зелянінай — базілікам, салатам, кропам, пятрушкай ды любой гароднінай — з гурком, памідорам, салодкім перцам. Хлеб захоўваецца цягам чатырох сутак. У продаж «Дарунак Прыдзьвіьння» трапляе ў наразным выглядзе. Назва хлеба сымбалізуе мясцовасьць у ваколіцах Дзьвіны. На рацэ стаяць старажытныя беларускія гарады — Полацк, Віцебск, мястэчка Друя. Адно са старажытных імён ракі носіць гатэль у Віцебску — Эрыдан, нумары якога лічацца аднымі з самых утульных у горадзе. У Полацку праходзіць фэстываль сярэднявечнай культуры «Рубон» — яшчэ адна старая назва Дзьвіны.
12. «Сонечны смак» і «Смачны гасьцінец»
Хлябы з такімі назвамі па-беларуску пякуць у Віцебску. З-за незвычайнага складу іх называюць элітнымі. «Сонечны смак» амаль на палову складаецца з семак сланечніка, а цеста замешваюць з некалькіх відаў жытняй і пшанічнай мукі першага гатунку. «Смачны гасьцінец» звычайна падаюць у выглядзе самастойнай стравы, часта — нават на дэсерт. З-за шматлікіх семак і сухафруктаў хлеб даволі салодкі. «Смачны гасьцінец» утрымлівае фундук, разынкі, курагу, чарнасьліў, семкі сланечніка і гарбуза. «Сонечны смак» і «Смачны гасьцінец» важаць 0,25 кг кожны — звычайна гэта дзевяць невялічкіх кавалкаў хлеба ў выглядзе трохкутнічкаў, якія ўпрыгожаць і штодзённы, і святочны стол.
Яна Шыдлоўская
для Радыё Свабода