Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Топ-10 фэстаў сярэднявечнай культуры ў Эўропе і дома


Сярэднявечныя фэсты ў сталіцы, у мястэчку, на высьпе, у гарах, на полі вялікай бітвы, у сьценах старажытнага замка... Наша аўтарка Яна Шыдлоўская падрыхтавала агляд самых разнастайных фэстаў у Эўропе і дома, якія варта наведаць.

1. «Менск старажытны»

Найбуйнейшы гарадзкі фэст Беларусі, які дэманструе жыцьцё і падзеі эпохі Сярэднявечча. Некалькі сотняў удзельнікаў, якія належаць да клюбаў гістарычнай рэканструкцыі ці выступаюць як самастойныя рамесьнікі, у адзін зь верасьнёўскіх дзён займаюць пляцоўку на скрыжаваньні праспэктаў Машэрава і Пераможцаў. Праграма традыцыйная, але разнастайная — бугурты, конныя рыцарскія турніры, страляньне з лукаў, штурм замка, сьпевы, танцы, дэманстрацыя рамёстваў. Сёлета тэматыка фэсту пашырылася на дзьве эпохі — гледачам прадэманстравалі вайсковы стан часоў Напалеона і часткова аднавілі падзеі дзьвюх сусьветных войнаў. Гэты фэст можа разглядацца турфірмамі як паўнавартасны прадмет так званага «падзеевага турызму».

2. «Меч Брачыслава»

Яскравы прыклад местачковага фэсту сярэднявечнай культуры, які штогод ладзіцца ў невялічкім Браславе. Першы фэст кампактна зьмясьціўся на панадворку Браслаўскага музэю традыцыйнай культуры. Цяпер ён адбываецца на Замкавай гары — у гістарычным цэнтры мястэчка. Традыцыйна імпрэза распачынаецца здабываньнем агню на адмысловым, зробленым мясцовымі майстрамі, прыстасаваньні. Паабапал «сярэднявечнай запальнічкі» — так жартаўліва ўдзельнікі называюць прыладу здабываць агонь — становяцца мужчыны, якія вяроўкамі прыводзяць у рух вялікае бервяно, вэртыкальна і вострым канцом замацаванае на другім, пакладзеным упоперак. Здабыты агонь нясуць да кухні, там сымбалічна запальваюць вогнішча, на якім цягам усяго фэсту гаспадыні будуць выпякаць мучныя пляцкі зь мёдам і запарваць гарбату на зёлках. Імпрэза адбываецца ў чэрвені і супадае з пачаткам летняга турыстычнага сэзону. Гарачая пара спрыяе папулярызацыі фэсту і дапамагае зьбіраць рэкордную для імпрэзы такога маштабу колькасьць наведнікаў.

3. «Рыцарскі фэст» у Мсьціславе

Мсьціслаў варта наведаць ужо толькі таму, што гэта адзін з самых старажытных беларускіх гарадоў — узгадваецца ў летапісах ужо на пачатку 12 стагодзьдзя. У гістарычнай атмасфэры Мсьціслава восем разоў адбываўся рыцарскі фэст, які мае несумненны посьпех сярод удзельнікаў і наведнікаў. Імпрэза ахоплівае некалькі гарадзкіх пляцовак: Езуіцкі кляштар, цэнтральную і рынкавую плошчу, гарадзкі парк, Замкавую гару. Падчас фэсту дзейнічае «Горад майстроў» і кухня пад сярэднявечча. З нагоды фэсту ў катэдральным саборы Аляксандра Неўскага і ў кармэліцкім касьцёле спраўлялі малебен у гонар мсьціслаўскіх ваяроў, якія загінулі, баронячы Айчыну.

4. «Наш Грунвальд»

Рэканструкцыю Грунвальдзкай бітвы ў музэйным комплексе «Дудуткі» дэманструюць ужо сем гадоў. Сёлета колькасьць удзельнікаў сярэднявечнага фэсту «Наш Грунвальд» наблізілася да шасьцісот. Акрамя маштабнага рэканструктарскага блёку, на фэсьце заўсёды прысутнічае ўдала падабраная музыка. Сёлета музычная частка «Грунвальду» насіла самастойны характар і была аформлена як імпрэза ў імпрэзе пад назвай «Пір пасьля бітвы» з малой і вялікай сцэнамі.

5. «Грунвальдзкая бітва» (Bitwa pod Grunwaldem)

Польшча ўздоўж і ўпоперак ахопленая рэканструктарскім рухам. Сярод фэстаў, лік якіх пайшоў на сотні, беларусы вылучаюць Грунвальд. 15 ліпеня 1410 году побач зь месцам, дзе цяпер стаіць польская вёска Грунвальд з насельніцтвам менш за тысячу чалавек, аб’яднаныя войскі Польшчы і ВКЛ сышліся з арміяй Тэўтонскага ордэна. Перамога аб’яднаных войскаў спыніла нямецкую экспансію на прыбалтыйскія і ўсходнеславянскія землі, эканоміка ВКЛ атрымала выхад на балтыйскія гандлёвыя шляхі. Штогод кульмінацыяй фэсту бывае рэканструкцыя Грунвальдзкай бітвы з удзелам шматтысячнага войска, якое складаецца з прадстаўнікоў розных краін Эўропы. Сапраўдны аншляг здарыўся на полі на 600-годзьдзе Грунвальда. Зь Беларусі ў бітве ўзялі ўдзел каля двухсот рыцараў — прадстаўнікоў разнастайных клюбаў гістарычнай рэканструкцыі.

6. «Дні экспэрымэнтальнай археалёгіі ў Кярнаве» (Gyvosios Archeologijos Dienos Kernavėje)

Сёлета археалягічны фэст у літоўскім мястэчку Кярнаве адбыўся шаснаццаты раз. Гэта ўнікальная падзея ў ня менш унікальным месцы.

Літоўцы шануюць Кярнаве як першую сталіцу Літвы, а комплекс зь пяці старажытных курганоў на беразе Вяльлі (па-літоўску Neris) лічаць месцам магічным і сымбалічным. Аднаму з курганоў далі назву «Трон Міндоўга». Мястэчка за 35 км ад Вільні, куды заўсёды з задавальненьнем едуць беларусы. Фэст мае моцны беларускі акцэнт. Больш як дзесяць гадоў, дзякуючы беларускім удзельнікам, тут паўстае крывіцкая вёска, дзе праходзіць дэманстрацыя старажытных рамёстваў. На фэсьце, сярод іншых, гучаць архаічныя беларускія сьпевы. На пачатку ліпеня, калі распачынаецца двухдзённы фэст, пад’езды да Кярнаве заблякаваныя: здаецца, уся Вільня, а можа і Літва, скіравалася ў бок мястэчка.

7. Археалягічны фэст у Біскупіне (Biskupin)

Аднаму з найбуйнейшых археалягічных фэстаў у Польшчы больш за дваццаць гадоў. Старажытнае паселішча лужыцкай культуры археолягі знайшлі ў 30-я гады ХХ стагодзьдзя. Драўляныя збудаваньні прабылі пад вадой амаль тры тысячы гадоў. З-за мэліярацыйных працаў Біскупінскае возера зьмялела і раскрыла сваю таямніцу. Біскупін жартаўліва называюць польскімі Пампэямі. Цяпер у Біскупіне створаны Археалягічны музэй. Пры падтрымцы Археалягічнага інстытуту Варшавы на адрэканструяваным скансэне адбываецца фэст археалёгіі, які распачынаецца на трэці тыдзень верасьня і доўжыцца дзевяць дзён. З усяго сьвету ў Біскупін едуць ваяры, музыкі, рамесьнікі. Біскупін робіць акцэнт на працы зь дзецьмі. Сотні аўтобусаў прывозяць групы школьнікаў з усёй краіны, каб узяць удзел у майстар-клясах па старажытных рамёствах: ганчарстве, ткацтве, разьбярстве, злотніцтве, прадзеньні. Старажытнае пісьменства, дарэчы, дэманструе адзін зь беларускіх удзельнікаў Кастусь Шыдлоўскі. Адзін дзень фэсту прысьвечаны працы зь дзецьмі-інвалідамі. Штогод на скансэне працуюць рэканструктары, якія сочаць за станам захаваных збудаваньняў. Зьяўляюцца і новыя аб’екты, у якіх падчас чарговага фэсту адбываюцца рамесьніцкія майстар-клясы. Дарэчы, будаваць іх дапамагалі і беларускія рэканструктары.

8. Фэст славянаў і вікінгаў у Воліне (Festiwal Słowian i Wikingów. Wolin)

Польскае мястэчка Волін напрыканцы ліпеня — пачатку жніўня зьбірае дзясяткі тысяч гледачоў. Сёлета на фэст сярэднявечнай культуры прыехала больш за дзьве тысячы ўдзельнікаў з 30 краін сьвету, у тым ліку з Аўстраліі і Канады. Гэта адзін зь першых фэстаў, дзе пачалі дэманстраваць крывіцкую вёску. Майстры зь Беларусі адрадзілі старажытныя рамёствы: разьбярства, ганчарства, вязаньне касьцяной іглой, ткацтва на дошчачках, прадзеньне, старажытнае пісьменства. Дэманструецца старажытная кухня. На фэсьце гучаць сьпевы ў выкананьні беларускіх музыкаў, не абмінаюць імпрэзу і беларускія рыцары. Фэст адбываецца на невялічкай высьпе пасярод мястэчка Волін. Скансэн, які сёньня складаецца зь некалькіх дзясяткаў збудаваных паводле сярэднявечных тэхналёгіяў хатаў з трысьняговымі дахамі і дзьвюх брамаў, паўстаў дзякуючы энтузіязму грамадзкай арганізацыі.

9. Дні Сярэднявечча ў Цэсісе (Cesis)

Латвійскі горад Цэсіс вядомы сярод аматараў экспэрымэнтальнай археалёгіі. З пачатку 13 стагодзьдзя тут захаваліся рэшткі адной з наймагутнейшых фартэцыяў Лівоніі. Цэсіскі замак лічыцца самым папулярным турыстычным аб’ектам у навакольлі, ён прымае тысячы наведнікаў. Штогод у жніўні каля замка праходзяць Дні Сярэднявечча, якія спаміж падобных імпрэзаў вылучаюцца якасьцю арганізацыі і падрыхтоўкай удзельнікаў. Сёлета фэст прайшоў пад назвай «Смак гісторыі», каб паказаць разнастайнасьць і непаўторнасьць сярэднявечнай кухні з розных рэгіёнаў Эўропы. Наведвальнікі імпрэзы дазналіся, чым харчаваліся сяляне і шляхта, якіх манераў прытрымліваліся за сталом, як яго сэрвіравалі, якімі зёлкамі лекаваліся, калі ежа камусьці не пайшла. На фэсьце пяклі хлеб, вафлі, імбірнае печыва, гатавалі імбірнае піва, слухалі казкі пра сярэднявечных аб’ядайлаў. Ва ўсіх майстар-клясах маглі ўдзельнічаць дзеткі. Разнастайнасьці праграме надавалі рыцарскія баі, выступы музыкаў, турніры лучнікаў, конныя праездкі.

10. «Дымаркі» (Dymarki Swiętokrzyskie)

Напрыканцы давайце ўздымемся ў Сьвэнтакшыскія горы Польшчы, дзе ў мястэчку Нова Слупя паўстаў культурна-археалягічны цэнтар. Ужо гадоў сорак тут праводзяцца экспэрымэнты ў ганчарстве. Імпрэзу, куды зьбіраюцца ганчары з усяго сьвету, у тым ліку і зь Беларусі, назвалі «Дымаркі» — гэта печы абпальваць кераміку. На базе наваслупскага цэнтру пабудаваны скансэн з рэплікамі хатаў сярэднявечных рамесьнікаў — ганчара, каваля, ткальлі; ганчарнымі печамі, дамамі, уласьцівымі для розных рэгіёнаў Польшчы. Імпрэза адбываецца ў жніўні — добры час для адпачынку, падарожжа ў горы і ў мінулае.

Яна Шыдлоўская
для Радыё Свабода

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG