На дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1» старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Валеры Вакульчык расказаў пра посьпех беларускай контрвыведкі: затрыманьне шпіёна з доступам да асабліва важных вайсковых зьвестак.
«У якасьці прыкладу можна прывесьці нядаўна выкрытага намі сур’ёзнага агента замежнай выведкі, — пахваліўся Валеры Вакульчык. — Высокапастаўленага вайскоўца, палкоўніка запасу, які меў доступ да асабліва сакрэтных зьвестках у Генэральным штабе, Дзяржаўным сакратарыяце Рады бясьпекі і нават некаторых дакумэнтаў, якія паступаюць з Камітэту дзяржаўнай бясьпекі».
Паводле Вакульчыка, шпіён затрыманы на месцы злачынства, ужо прызнаў віну. На карысьць якой дзяржавы працаваў шпіён, не ўдакладняецца.
Раніцай таго ж дня Аляксандар Лукашэнка патрабаваў ад Вакульчыка інфармаваць насельніцтва пра вынікі дзейнасьці КДБ «настолькі, наколькі гэта магчыма», «каб не казалі, што мы тут заслонай пакрылі ўсё, утойваем ад народу». Прэс-служба Лукашэнкі пры гэтым перадавала толькі тое, што пытаў у Вакульчыка Лукашэнка, але ня тое, што адказваў (і ці адказваў) старшыня КДБ.
У КДБ раней заяўлялі аб спыненьні дзейнасьці 11 агентаў і кадравых супрацоўнікаў замежных спэцслужбаў у 2017 годзе і 36 за 5 год. У ліку затрыманых летась — украінскі журналіст Паўло Шаройка, які нібыта стварыў у Беларусі агентурную сетку для ўкраінскіх спэцслужбаў. Ва Ўкраіне таксама заявілі аб затрыманьні беларускіх шпіёнаў — толькі ўкраінскі суд над меркаваным шпіёнам адкрыты, а беларускі закрыты. Лукашэнка прынамсі двойчы размаўляў пра «шпіёнскую справу» з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, але рашэньня наконт «абмену» пакуль не было.
Падчас таго ж эфіру Вакульчык расказаў аб выкананьні даручэньня Лукашэнкі аб выпуску лыжаролераў — і прадэманстраваў інвэнтар беларускай вытворчасьці. Сэрыйны выпуск будзе наладжаны пазьней, да 1 верасьня плянуецца выпусьціць пяць тысяч пар. Наступным этапам старшыня КДБ назваў выпуск беларускіх лыжаў.
Мінулым летам Лукашэнка таксама падтрымаў ідэю міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча наладзіць у калёніях выпуск хакейнага рыштунку і канькоў. Ці «лыжаролеры Вакульчыка» вырабляліся ў месцах пазбаўленьня волі, не паведамлялася — іх зрабіла, паводле старшыні КДБ, проста нейкае «беларускае прадпрыемства».