Старшыня КДБ Валеры Вакульчык 2 лютага паведаміў журналістам падрабязнасьці гучнай справы аб карупцыйных схемах у шэрагах буйнога сыстэмнага інтэгратара СЗАТ «БелАВМ».
1 лютага ў судзе Ленінскага раёну Менску пачаўся працэс па справе аб карупцыі ў Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і Нацбанку. На лаве падсудных восем чалавек, у тым ліку дзяржаўныя служачыя і топ-мэнэджэры вядомага пастаўшчыка вылічальнай тэхнікі і ІТ-рашэньняў «БелАВМ». Двое зь іх не пад вартай, шэсьць — у клетцы.
Справа «БелАВМ» ад пачатку была на кантролі ў кіраўніка краіны, бо ў ёй замяшаныя шэраг службовых асобаў дзяржаўных органаў.
Паведамляецца, што ў канцы 2016 году КДБ атрымаў інфармацыю, што кіраўніца Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Людміла Бачыла мае намер атрымаць хабар ад прадстаўніка камэрцыйнай структуры за садзейнічаньне ў прызнаньні пераможцам аўкцыёну па закупе абсталяваньня для патрэбаў фонду.
«Па даручэньні Бачылы яе падначаленыя разам з супрацоўнікамі „БелАВМ“ рыхтавалі тэхнічныя заданьні такім чынам, каб на тэндэры перамагала менавіта гэтая кампанія. За сваю „паслугу“ кіраўніца ФСАН атрымала хабар у 20 тысяч даляраў і была затрымана, калі грошы ёй перадаваў былы гендырэктар СЗАТ „БелАВМ“ Дзьмітры Ронін», — цытуе БелТА Валерыя Вакульчыка.
Падчас расьсьледаваньня гэтай справы былі выяўленыя факты карупцыі ў іншых дзяржорганах і прыватных структурах. КДБ затрымаў старшыню праўленьня АРІП Алега Верамейчыка, які за правядзеньне заказных тэндэраў атрымаў ад Роніна спачатку 9 тысяч даляраў, а затым 6,4 тысячы эўра.
«Былі затрыманыя службовыя асобы Нацбанку, Сьледчага камітэту. Начальнік аддзелу і яго падначалены праходзілі па 18 карупцыйных эпізодах і атрымалі агулам больш за 10 тысяч даляраў. Па гэтай жа справе праходзіў і начальнік упраўленьня МТБанка, ён ужо асуджаны за хабар у 21,5 тысячы даляраў», — сказаў старшыня КДБ.
Усяго ў гэтай справе 23 фігуранты. Паводле КДБ, карупцыйная схема заўсёды была адна і тая ж — службовыя асобы атрымлівалі хабар за садзейнічаньне ў незаконнай перамозе СЗАТ «БелАВМ» у тэндэрах на закуп абсталяваньня.
Вакульчык сказаў, што грошы Ронін выводзіў праз пасярэднікаў, сродкі прапампоўваліся праз афшорныя кампаніі. КДБ выявіў яшчэ шэраг камэрцыйных структур, якія працуюць у сфэры IT.
«Яны ўхіляліся ад выплаты падаткаў. Была нанесена шкода дзяржаве. Але службовыя асобы, кіраўнікі структур пайшлі на супрацоўніцтва са сьледзтвам, прызналі сваю віну і пакрылі нанесеную шкоду. Таму іх не затрымлівалі. КДБ падтрымаў іх хадайніцтва аб памілаваньні. Гэта адукаваныя спэцыялісты, і важна, каб яны працягвалі працаваць у інтарэсах дзяржавы і грамадзтва. Гаворка ідзе пра вядомыя кампаніі», — сказаў Валеры Вакульчык.