На рабочай сустрэчы з прэм'ер-міністрам і старшынёй праўленьня Нацбанку, Аляксандр Лукашэнка распавёў, што ў Беларусі пасьпяхова выпрабавалі новае ракетнае ўзбраеньне айчыннай вытворчасьці, паведамляе БЕЛТА.
«У нас сёньня шчасьлівы дзень у пляне бясьпекі і абароны. Нашым вайскоўцам за тыя мізэрныя грошы, якія ім далі, атрымалася распрацаваць і выпрабаваць створанае ў Беларусі ракетнае ўзбраеньне. Ажыцьцёўлены пуск ракетных комплексаў», - адзначыў Лукашэнка ў пачатку сустрэчы.
«Выпрабаваньні прайшлі вельмі пасьпяхова. Ракеты трапілі ў цэль за паўтары мэтры літаральна ад зададзеных цэляў - першы залп. Другі залп - літаральна ў дзесятку мэтраў. Гэта ідэальна. Гэта ракетныя комплексы, якія створаны ў нас у Беларусі на працягу двух гадоў», - падкрэсьліў ён.
Аляксандр Лукашэнка даручыў прэм’еру Андрэю Кабякову разгледзець пытаньне аб прадстаўленьні да дзяржаўных узнагарод тых, хто зрабіў унёсак у стварэньне «Палянэзу».