Дзяржаўны сакратар ЗША Джон Керы заявіў, што дзеяньні Расеі ў сырыйскім Алепа ў дачыненьні да мірных жыхароў павінны быць расьсьледаваныя як ваенныя злачынствы.
Паводле яго дадзеных, у выніку чарговага бамбаваньня сырыйскага шпіталя ў ноч на пятніцу загінулі 20 чалавек, амаль 100 былі параненыя.
Керы заявіў, што Дамаск і Масква павінны сьвету больш чым проста патлумачыць, чаму яны працягваюць авіяналёты на шпіталі і жылыя кварталы ў Сырыі.
Дзяржаўны сакратар назваў расейскія атакі на цывільныя абʼекты «далёкімі ад выпадковасьцяў» і абвінаваціў Сырыю і Расею ў мэтанакіраванай стратэгіі «тэрарызаваньня цывільнага насельніцтва». Ён лічыць, што дзеяньні Дамаску і Масквы павінны быць расьсьледаваныя як ваенныя злачынствы.
Тым часам дэпутаты расейскай Дзяржаўнай думы 7 кастрычніка ратыфікавалі пагадненьне паміж Расеяй і Сырыяй пра бестэрміновае разьмяшчэньне авіяцыйнай групы ўзброеных сілаў Расеі ў Сырыі, на авіябазе Хмэймі (правінцыя Латакія). За гэты дакумэнт дэпутаты прагаласавалі аднагалосна.